Заір Азгур – легендарны беларускі скульптар. Ён пачынаў у 1920-я гады разам з іншай вясёлай моладдзю. Вучыўся ў Юдаля Пэна. Перажыў рэпрэсіі і вайну. Стварыў скульптуры відных дзеячоў як таго часу, так і беларускай гісторыі ў цэлым, ад Скарыны да Купалы.

Аўтар больш як паўтары тысячы скульптур – у новым выпуску “Знакамітых беларусаў”.

Непапраўны працаголік

Сучасны музей Заіра Азгура знаходзіцца ў ягонай майстэрні. Сюды скульптар прыходзіў кожны дзень цягам адзінаццаці гадоў і працаваў як найменей па дванаццаць гадзін.

Захавалася такая байка пра Азгура: быццам бы той спяшаўся ў любімую майстэрню і сустрэў па дарозе знаёмага. Знаёмы доўга і нудна штосьці распавядаў, а цярплівы майстар слухаў. Урэшце рэшт, калі знаёмы ўзяўся за гузік на адзежы Азгура і пачаў распавядаць чарговую гісторыю, скульптар не вытрымаў: дастаў з кішэні ножык, адрэзаў гузік і ўцёк.

Працаваў над помнікам Сталіну

Помнік Сталіну – не тая рэч, якую варта памятаць, але з ёй таксама звязаная легенда пра Азгура і гузік. Над гэтым помнікам працавалі чацвёра майстроў. Азгур рабіў галаву і плечы. 10-метровы манумент знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы. У 1961 годзе за адну ноч яго дэмантавалі. Паводле легенды, Азгур быў на плошчы ў тую ноч і ўратаваў ад знішчэння бронзавы гузік Сталіна.

Насамрэч, гэта немагчыма. Не толькі таму, што Азгур не быў фанатам тырана, але й таму, што гузік такіх памераў і вагі чалавек падняць не ў стане.

Спаў на могілках

Яшчэ адзін міф кажа, што ў студэнцтве Азгур прынёс у мастацкую вучэльню дамавіну, у якой спаў, дэманструючы сваю бязбожнасць. З’явіўся міф вось адкуль: у час навучання ў Віцебску Азгур жыў у страшэннай галечы і сапраўды начаваў у тэхнікуме, у вялікім куфры. “Азгур ідзе ў свой саркафаг”, смяяліся студэнты.

А яшчэ вядома, што ў дзяцінстве Заір паспрачаўся з сябрамі, што пераночыць на вясковых могілках. І сапраўды зрабіў гэта. Але не таму, што хацеў выйграць: ён загледзеўся на надмагільныя скульптуры.

Дапамагаў усім

Азгуру кожны дзень прыходзілі лісты – не столькі ад фанатаў, колькі ад просьбітаў. Аднойчы дзеці з нейкай вёскі папрасілі ў яго цэлы аўтобус: яны хадзілі ў школу пешкі. Азгур сапраўды пайшоў у ЦК, і аўтобус у вёсцы з’явіўся.

Часта ў лістах прасілі грошы. І ён дасылаў гэтыя сумы – браў з уласнай кішэні. Азгур лічыў, што калі сёння табе крыху лепей, чым камусьці іншаму, ты мусіш гэтаму іншаму дапамагчы.

Сябар Коласа і Купалы

Магчыма, прычына такой дабрыні – памяць пра чужую дапамогу. У 20-я гады юнага скульптара падтрымліваў Якуб Колас. Калі Заір вучыўся ў Ленінградскай акадэміі, Колас на працягу трох гадоў кожны месяц дасылаў яму 40 рублёў. Калі Заір бываў у яго ў гасцях, паэт падкідваў яму грошы ў кішэні.

Адна з самых вядомых работ Азгура – помнік-ансамбль Якубу Коласу і героям яго твораў у Мінску.

Сябраваў Азгур і з Янкам Купалам. Упершыню паэт пазіраваў яму яшчэ ў 1928 годзе. Да таго часу ўсім іншым скульптарам ён адмаўляў.

Трагічнае асабістае

Жыццё Азгура было поўнае стратаў. У 6 гадоў ён застаўся без бацькі. У час Другой сусветнай вайны фашысты закапалі яго маці жывой у зямлю – разам з іншымі вяскоўцамі. А ў 1944 годзе яго першая жонка, актрыса Маргарыта Шашалевіч, загінула ў час крушэння цягніка: трупа вярталася ў Мінск з эвакуацыі.

Азгур меў пазнавальны вобраз: берэт, люлька, кіёк і чорны шаўковы бант.
Такі самы бант завязала яму на шыю маці, калі праводзіла на вучобу ў Віцебск.

Глядзіце таксама:
Лазар Богша – самы дарагі ювелір у гісторыі Беларусі
Казімір Малевіч і “Чорны квадрат” на покуці
Як Алена Аладава стварыла Нацыянальны мастацкі музей Беларусі