Усе ведаюць, што крыж Ефрасінні Полацкай зрабіў Лазар Богша. Але што вядома пра самога майстра? Распавядаем пра самага знакамітага ювеліра за ўсю гісторыю Беларусі.

Тэксты чытае Андрусь Такінданг.

Меў два імя
Богша – гэта не прозвішча і нават не мянушка. У 12 стагоддзі звычайнай практыкай было насіць два імені: адно – афіцыйнае, якое чалавек атрымліваў пры хрышчэнні; другое – імя хатняе, будзённае, часам паганскае. Богша – скарот ад імя Багуслаў. Лазар – хрысціянскае імя, атрыманае пазней.

Вольны рамеснік
Славуты крыж для Ефрасінні Полацкай Лазар стварыў у 1161 годзе, ужо ў сталым узросце. На зваротным баку крыжа ён пакінуў сваё імя як пазнаку аўтарства. Гэта сведчыць пра тое, што Лазар быў юрыдычна вольны чалавек і працаваў сам на сябе, як бы мы сказалі цяпер, індывідуальны прадпрымальнік. Менавіта крыж Лазар ствараў пры манастыры, у майстэрні, дзе выраблялі прадметы культу і аклады на абразы.

Атрымаў велізарны ганарар
За працу над крыжом Лазар Богша атрымаў нечуваныя грошы. Надпіс на святыні сведчыць, што ювеліру выплацілі 40 грывен. На той час за такую суму можна было выкласці драўляную дарогу на 8000 локцяў – 4 кіламетры. Альбо купіць сто шэсцьдзясят лісіных шкур.

Лепшы майстар на Русі
Лазар Богша не толькі полацкі геній – яго называюць майстрам эмальернага мастацтва ўсёй Старажытнай Русі. Іншыя работы Лазара знайшліся ў скарбах. Сярод іх – медальён, які насіў кіеўскі князь. У адрозненне ад крыжа, гэтыя работы Богшы ананімныя. Іх аўтарства вызначылі па ўнікальнай тэхніцы ювеліра.

Працаваў у візантыйскай тэхніцы
Лазар працаваў у надзвычай складанай тэхніцы перагародкавай эмалі. На залатой пласціне выціскалі контур малюнка. На гэты контур напайвалі тонкую палоску золата – вышынёй да міліметра. Так рабілі ячэйкі, у якія насыпалі эмалевы парашок патрэбнага колеру. Затым пласціну ставілі на жароўню. Расплаўленая маса злучалася з золатам. Напрыканцы зацвярдзелую эмаль шліфавалі.

Вучыўся ў грузінаў
Дзе Лазар засвоіў такую тэхніку? Называюць Візантыю і Грузію. Перагародкавую эмаль вынайшлі грэкі. А грузіны першыя яе перанялі. У работах Богшы ўгадваюцца менавіта грузінскія ўплывы – характэрнае аблічча Хрыста, раслінны арнамент…

Лазар Богша – апошні з вялікіх майстроў, якія працавалі ў візантыйскай тэхніцы. Пасля тэхналогію згубілі на доўгія вякі і аднавілі толькі ў наш час.

У 1997 годзе берасцейскі ювелір-эмальер Мікалай Кузьміч зрабіў копію крыжа. Арыгінальны шэдэўр Лазара Богшы страчаны ў час Другой сусветнай вайны.

Глядзіце таксама:
Настаўніца, якая стварыла БНР. Палута Бадунова
Як Алена Аладава стварыла Нацыянальны мастацкі музей Беларусі
Ад царкоўнага хору да Кармэн. Спявачка Ларыса Александроўская