Пры князю Альгерду Віцебск быў нефармальнай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Тут князь трымаў рэзідэнцыю на працягу дзесяці гадоў. І менавіта адсюль, з Віцебска, Альгерд адпраўляўся ў свае славутыя паходы на Маскву. Цалкам лагічна, што ў гэтым горадзе з’явіўся першы ў краіне конны помнік вялікаму князю.

Але ў Віцебска ёсць не толькі вялікая гісторыя – хапае маленькіх гісторый з сучаснасці, пры тым не менш цікавых. Наш гід Уладзімір Булаўскі распавядае: у справе з помнікам Альгерду ініцыятарам выступіў Віцебскі гарвыканкам. Расейская грамадскасць ідэю не ўпадабала. Справа спынілася. І ў 2013 годзе ўпершыню за час існавання незалежнай Беларусі ў Віцебску паўстала ініцыятыва ў падтрымку дзеянняў гарадскіх уладаў. У 2014 годзе на адкрыцці помніка Альгерду прысутнічалі больш як 7000 гараджанаў.

Таксама ў выпуску: гісторыя Віцебскай ратушы, самая вялікая пешаходная зона ў Беларусі, стасункі вулічных музыкаў з Міністрам культуры, фестываль “На сямі вятрах”, Народная мастацкая вучэльня, помнік Уладзіміру Караткевічу, абарона Парка партызанскай славы, Арт-цэнтр імя Марка Шагала, вайна 1812 года і рэзідэнцыя Напалеона.