Трыццаць тры гады Алена Аладава ўзначальвала мастацкі музей Беларусі. Раз’язджала па ўсім Савецкім саюзе з чамаданам грошай, вяла перамовы з калекцыянерамі. Дзякуючы ёй Бялыніцкі-Біруля – беларускі жывапісец. І дзякуючы ёй мы бачым работы Хруцкага, Жукоўскага, Рэпіна, Айвазоўскага…

Тэкст чытае Наста Карнацкая

Згубіла даваенную калекцыю
Алена Аладава працавала над стварэннем Дзяржаўнай галерэі БССР з 1937 года. У калекцыі было 2711 работ, калі пачалася вайна. Супрацоўнікі спрабавалі ўратаваць самае каштоўнае: палотны вынялі з рам і паклалі ў скрыні, а слуцкія паясы схавалі… у дровах. Але транспарт так і не прыйшоў.

Шукала беларускія карціны
Аладава марыла пра музей з відам на Свіслач, аднак месца далі ў вузкім завулку па Леніна. Яна імкнулася набываць работы, напісаныя ў Беларусі, або беларускіх аўтараў. Набыла калекцыю Івана Хруцкага, Апалінара Гараўскага, Станіслава Жукоўскага, Язэпа Аляшкевіча… Па ейнай замове склалі спіс беларускіх мастакоў з ХІІ па ХХ стагоддзе – на 600 імёнаў! Па ім і йшла закупка.

Ездзіла па краіне з чамаданам грошай
Ідэяй фікс стала не проста аднаўленне страчанай калекцыі, але стварэнне мастацкага музея высокага класа. Аладава мела шмат кантактаў, ведала калекцыянераў і падыходы да іх. Ёй пісалі з усіх куткоў СССР, і яна асабіста ездзіла, глядзела, купляла. Нярэдка везла з сабой пачастункі – варэнне, кумпякі, бульбу… Многае аплочвала з уласнай кішэні.

Алена Аладава і галоўны захавальнік музея А. Сакалоў каля абраза “Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Іаан Златавуст”. 1963 год

Зрабіла Бялыніцкага-Бірулю беларускім мастаком
Яна літаральна ўпісала Вітольда Бялыніцкага-Бірулю ў гісторыю беларускага мастацтва. Пачуўшы, што мастак родам з Магілёўшчыны, набыла 10 ягоных карцін. Арганізавала выставу і ў артыкуле назвала мастака беларускім. Бялыніцкаму-Бірулю далі Белую дачу, дзе ён напісаў звыш 30 пейзажаў. Пасля яго смерці Аладава набыла 342 карціны аўтара, а сам ён стаў класікам беларускага мастацтва.

Вярнула слуцкія паясы
З 1950-х па 80-я гады Аладава арганізавала звыш 100 навуковых экспедыцый. Па культавых будынках і музейных зборах шукалі творы беларускага мастацтва да ХІХ стагоддзя. Так уратавалі больш за дзве тысячы ўнікальных рэчаў: слуцкія паясы, алтарныя скульптуры, кнігі, манускрыпты, ювелірныя вырабы і іншае.

Разгледзела на анучы работу Дамеля
Сам лёс спрыяў Аладавай у пошуках. Аднойчы яна “выцягнула” з касцёла на Кальварыйскіх могілках працу Яна Дамеля. Выглядала тая як брудная ануча – ніхто б не прызнаў у ёй мастацкую каштоўнасць. Аднак Аладава вычытала ў творах Сыракомлі, што над магілай Дамеля ў крыпце на Кальварыі мусіць быць “Маленне пра чашу”. Праз 60 год ад знаходкі карціну адрэстаўравалі.

Любіла гатаваць
Ейныя госці не сыходзілі без фірмовых кулябяк ці хатніх піражкоў, а пра хлебасольныя вечарыны Аладавай хадзілі легенды. На сваё 70-годдзе яна задумала спячы ўнікальны торт. Алену не спыніла нават адсутнасць адмысловай пячы: яна паехала ў Літву і спякла жаданы торт там – у выглядзе грэчаскай амфары.

Глядзіце таксама:
Дзева на водах. Што малявала Алена Кіш?
Навальніца, стыхія, ураган. Якім быў мастак Хаім Суцін?
“Яўрэйскі рэнесанс” і Юдаль Пэн