Міндоўг – стваральнік беларуска-літоўскай дзяржавы, першы князь Вялікага Княства Літоўскага, а таксама першы і адзіны яго кароль. У жорсткім ХІІІ стагоддзі ён выбіраў вайну замест дыпламатыі, а да мэтаў сваіх ішоў любымі спосабамі.

Тэкст чытае Андрусь Такінданг.

Звестак пра самога князя няма
Паводле адной з версій, ён быў нашчадкам полацкіх князёў, Рагвалодавічаў; паводле другой – адным са “старэйшых” князёў Літвы, сынам нейкага “вялікага караля”.
Асобная тэма для спрэчак – першыя гады княжання Міндоўга ў Наваградку : ці яго запрасілі, ці ён быў выгнаннікам, ці заваёўнікам?.. Ніхто не ведае.
Невядома таксама, калі Міндоўг нарадзіўся, якога быў росту і целаскладу, нічога пра знешнасць, колер валасоў і вачэй. Усе партрэтныя выявы Міндоўга – фантазіі мастакоў.

Быў выгнаны родзічамі
Паводле Іпацьеўскага летапісу, малады Міндоўг аб’яднаў пад сваёй ўладай тагачасную Літву – цяпер гэта поўдзень беларуска-літоўскага памежжа. Рабіў ён гэта жорстка і крывава і займеў шмат асабістых ворагаў. Падчас адной з бітваў з крыжакамі Міндоўг быў разбіты, пасля чаго ўласныя пляменнікі і дзядзька выгналі яго з Літвы.

Змяняў веру ў палітычных мэтах
Густынскі летапіс паведамляе, што каля 1246 года Міндоўг прыняў праваслаўе. Гэта дазволіла яму стаць законным князем Наваградка. З таго часу ён стаў умацоўваць уладу: зноў захапіў Літву, разбіраўся са знешнімі ворагамі – суседзі аб’ядналіся супраць яго ў кааліцыю.
Міндоўг сур’ёзна рызыкаваў страціць незалежнасць. Перад такой пагрозай ён уступіў у хаўрус з Лівонскім ордэнам – нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. Ордэн атрымаў частку жамойцкіх земляў княства, а Міндоўг прыняў каталіцтва. У 1253 годзе Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваныя папскай каронай. Папа Рымскі Інакенцій ІV даслаў булу, якой пацвердзіў, што “каралеўства літоўскае і ўсе землі” пераходзяць пад апеку Рыма.

“Каранацыя Міндоўга”, гравюра з кнігі Леанарда Ходзькі «Палёнія». 1824 год.

Ажаніўся з замужняй швагеркай
У 1262 годзе памерла жонка Міндоўга Марта. Князь запрасіў у Наваградак аплакаць нябожчыцу ейную сястру Агну. Міндоўг гвалтам ажаніўся з ёю, хоць Агна ўжо была замужам за нальшанскім князем Даўмонтам (Крэва http://haroshak.by/33nyaklyaeu/). Даўмонт, як вы ўбачыце, не пакіне такую абразу беспакаранай… Хаця па іншых звестках, такой магла быць воля самой Марты, якая “не хацела давяраць сваіх дзяцей каму іншаму”. Жанчына з іншага роду, стаўшы жонкай князя, магла нашкодзіць яго дзецям ад папярэдняга шлюбу, вызвалючы дарогу ўласным нашчадкам.

Забіты разам з сынамі
У 1260-я гады Міндоўг стаў сапраўдным тыранам. Ён меў неабмежаваную ўладу. Жорстка распраўляўся нават з магчымымі супернікамі і проста нязгоднымі. Тут і прыйшоў час абражанага князя Даўмонта. Разам з полацкім уладаром Таўцівілам і жамойцкім князем Трайнятам яны арганізавалі змову. Падчас паходу Міндоўга на Бранск у 1263 годзе яны ноччу ўварваліся ў спальню Міндоўга і забілі яго разам з двума сынамі, Рупекам і Руклем. Мяркуецца, што непасрэдным зайбоцам Міндоўга быў князь Даўмонт.

Глядзіце таксама:
“Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора…”: першы князь у гісторыі Полацка
Народжаны пад знакам змея. Князь Усяслаў Чарадзей
Князь Альгерд (1295 – 1377)
Вітаўт Вялікі (1350 – 1430)