Рым быў пабудаваны на сямі ўзгорках, а Наваградак – на трох. Гэта Замак, Малы Замак і месца, дзе цяпер стаіць Барысаглебская царква. Пасля іх уз’яднання, мяркуюць даследчыкі, і з’явіўся Новы Горад – Наваградак.

Разам з нашым героем Алесем Быстрыкам мы наведалі наваградскі замак. “Некаторыя зласліўцы кажуць – ну які ж гэта замак?.. Адны руіны засталіся, — кажа Алесь. – Але мы з імі не згодныя. Таму што замак – гэта месца, а не будынкі”. Ахвотна верым! Колькі мы знаходзіліся на замчышчы, людзей не меншала – і былі гэта зусім не турысты.

Пакінем галоўную славутасць горада. Звернемся да гісторый, якія ведаюць толькі наваградцы… А ведаюць яны, напрыклад, што каля згаданай ужо Барысаглебскай царквы знаходзіцца не менш стары помнік архітэктуры. Гэты сціплы жылы дом некалі быў базыльянскім кляштарам і мае за ўзрост паважныя 500 год. Таксама наваградцы ведаюць: Ленін на плошчы (ну як без яго) не так даўно быў заўважна большым. Справа ў тым, што да 200-годдзя Міцкевіча помнік правадыру трошку “падкарацілі”. “Цяпер у нас вось такі… мінімалістычны Ленін”.

А яшчэ наваградцы стараюцца абмінаць адзін драўляны дом у раёне Псігуркі… Чаму – глядзіце ў выпуску.

Таксама ў выпуску: чыгунка і аўтавакзал, вежа Шчытоўка, Касцёльная вежа, кансервацыя, касцёл Перамянення Пана (Фарны), Дом-музей Адама Міцкевіча, курган Міцкевіча, закапанскі стыль, функцыяналізм, урадовая калонія, Наваградскі вінзавод, плошча, Аляксандр Гаркаві, старыя хрысціянскія могілкі, помнік нямецкім жаўнерам Першай сусветнай вайны, сямейныя склепы, Пётр Пушкін, сінагога і Дошка гонару, рэлігійны рух мусар, вуліца Жыдоўская (Касцёльная, Савецкая), мячэт, беларуская гімназія, Барыс Кіт, Язэп Драздовіч, ветрапарк.