Рагвалод – асоба легендарная. Ніхто не ведае, адкуль ён узяўся, якім ён быў, колькі гадоў пражыў. І ўсё ж ён існаваў насамрэч і паклаў пачатак слаўнай дынастыі полацкіх князёў.

Упершыню князь Рагвалод згадваецца ў летапісе “Аповесць мінулых часоў”. І адразу ж – у абставінах трагічных. Дачка Рагвалода Рагнеда прыглянулася наўгародскаму князю Уладзіміру. Той заслаў сватоў, але спазніўся – гэта па-першае. Па-другое, маці ягоная была ключніцай, фактычна, прыслугай, што Рагнедзе ніяк не пасавала. Паводле легенды, дзяўчына дала гарбуза наўгародскаму князю, на што ён адрэагаваў крайне… балюча: спаліў горад, забіў няспраўджанага цесця, а Рагнеду ўзяў сілай.

Гэты сюжэт – адзін з самых вядомых у беларускай гісторыі. Але колькі ў ім праўды? І адкуль, уласна, з’явіўся ў Полацку Рагвалод?

Звернемся да летапісу: “Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і меў уладу сваю ў Полацку”.

Адзін лагер, гісторыкаў-нарманаў, лічыць так: калі “з-за мора”, значыць, вікінг. І імя ў яго скандынаўскае. “Рагвалод”, на іхнюю думку, – славянская транскрыпцыя скандынаўскага імені “Рогнвальд”. А ўжо “Рогнвальд” паходзіць ад мянушкі бога Одзіна – Рагнір. То бок, літаральна імя полацкага князя перакладаецца як “моц Рагніра”, “моц Одзіна”.

Прыхільнікі нарманскай тэорыі знайшлі сляды князя ў старажытных нарвежскіх сагах. Прынамсі адна крыніца – “Сага пра Харальда Прыўкраснавалосага” – згадвае не толькі Рогнвальда, але і Рагнхільду (верагодна, Рагнеду), і Тура – магчыма, таго самага, які заснаваў Тураў.

Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу: сваты Уладзіміра ў Рагвалода; Рагвалод размаўляе з Рагнедай

Прыхільнікі славянскай тэорыі сцвярджаюць, што Рагвалод быў з мясцовых,а імя яго складаецца са словаў “рог” і “валодаць”. Па адной версіі, гэта значыць, той, хто мае ўладу. Па іншай – валодае мысам. А што з-за мора прыйшоў… Такую прыпіску маглі дадаць пазней, у ХІІ стагоддзі, калі канкурэнцыя кіеўскіх і полацкіх князёў дайшла да піку. У Кіеве ў той час прыдумалі заморскага Рурыка – але і полацкія мальцы не разгубіліся, займелі свайго імпартнага ўладара.

Не ўсё так адназначна і з замужжам Рагнеды. Зусім не факт, што трагедыя разгарнулася менавіта праз любоўныя інтрыгі. Гісторыкі даюць больш празаічнае тлумачэнне (і больш верагоднае): справа ў тым, што Рагвалод напаў з войскам на наўгародскія воласці. Уладзіміру такое спадабацца ніяк не магло.

Чаму полацкі ўладар пайшоў на такі крок? У той час Полацкае княства было напраўду магутным, і мясцовыя купцы вялі бізнэс далёка за яго межамі. Яны даўно марылі пра выхад да Дняпра, каб займець ключавыя пазіцыі на водным шляху “з варагаў у грэкі” – самым значным на той час. Гэтыя самыя пазіцыі кантраляваў Ноўгарад.

У 2007 годзе на старажытным гарадзішчы ў цэнтры Полацка праводзіліся раскопкі. Археолагі знайшлі культурны слой канца Х стагоддзя са слядамі вялізнага пажарышча. Верагодна, гэта след той самай драматычнай гісторыі, якая стала гібельнай для Рагвалода, але ў той жа час захавала яго імя ў беларускай гісторыі.

Тэкст чытае Андрусь Такінданг.

Глядзіце таксама:

Сімяон Полацкі
Францыск Скарына
Ефрасіння Полацкая