Усяслаў Чарадзей – адзін з першых князёў, пры якім Полацк заявіў пра сябе як пра самастойную дзяржаву. Пакуль Кіеў трансляваў імперскія амбіцыі, Усяслаў стварыў першую на славянскіх тэрыторыях федэрацыю – прычым, абсалютна мірным шляхам. Пры Усяславе хрысціянства уваходзіла ў жыццё палачан – таксама мірна. І ён жа, полацкі князь-чарадзей, збудаваў першы мураваны храм на тэрыторыі Беларусі – Сафійскі сабор.

Старажытная быліна “Волх Усяславіч” сцвярджае, што нарадзіўся Усяслаў ад змея. Зразумела, гэта метафара. Змей у паганскай традыцыі – вобраз сілы і мудрасці. А ў час нараджэння князя – зімой 1028/29 года – над Полацкам паўстала палярнае ззянне ў выглядзе змея.

З тых жа крыніцаў мы ведаем, што да дзесяці гадоў Усяслаў засвоіў пісьмовую навуку. І ўжо ў 12 мог абярнуцца ясным сокалам, шэрым воўкам і гнядым турам з залатымі рагамі… Што і казаць – вундэркінд.

Да праўлення Усяслава Полацк займаў усяго 20 га. Па яго загадзе на ўзвышшы, у сутоцы Палаты і Дзвіны, паўстаў новы замак. У цэнтры яго збудавалі полацкую Сафію – першы мураваны храм Беларусі. Толькі тры такія храмы існавалі ў свеце: Сафія ў Кіеве, у Ноўгарадзе і цяпер – у Полацку. Гэта былі не толькі сімвалы хрысціянскага свету, але і сімвалы княскай улады.

Усяслаў Чарадзей пашыраў межы княства мірным шляхам – заключаў сяброўскія дамовы з плямёнамі, што жылі на тэрыторыі Беларусі: з крывічамі, дрыгавічамі, балтамі, фіна-уграмі… У гэты час да Полацка далучыліся Лукам’е (Лукомль), Усвяты, Браслаў, Друцак, Заслаўе, Лагошаск (Лагойск), Копысь, Орша і Менск. Праўда, у Менска слава трагічная – двойчы разбураны дашчэнту кіеўскімі князямі…

Гэта самая вядомая старонка з жыцця Усяслава – і самая крывавая. Кіеўскія князі Яраславічы зімой 1067 года рушылі на Полацк. Па дарозе яны ўзялі Менск, спалілі горад, а менчукоў забралі ў палон. Палонных перапраўлялі на Усход – у рабства.

Войскі Полацка і Кіева сышліся на рацэ Нямізе трэцяга сакавіка. “І быў снег вялікі, і была сеча лютая, і загінулі многія”. Бітва была такой страшнай, што нават праз сто гадоў аўтар “Слова пра паход Ігаравы” пісаў пра яе з жахам.

Бітва на Нямізе. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу

Усяслаў з сынамі плыве на перамовы з Яраславічамі. Справа бачны поруб, дзе яны сядзелі ў палоне 14 месяцаў. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу

Яраславічы не здолелі перамагчы Чарадзея сілай. Тады яны пайшлі на подласць: паклікалі князя на мірныя перамовы – а самі ўзялі яго ў палон, з двума маленькімі сынамі. У турме-порубе, напалову ўкапанай у зямлю, з маленькім акенцам для ежы, яны праседзелі 14 месяцаў і 5 дзён. Гэты палон мусіў стаць пажыццёвым, але ўмяшаўся лёс. Кіеўскі народ, незадаволены палітыкай сваіх князёў, падняў бунт. І быццам бы выпадкова мяцежнікі апынуліся каля вязніцы Усяслава… Насамрэч, вельмі верагодна, што ў тым угневаным натоўпе меўся полацкі агент.

15 верасня 1068 года адбыўся пераварот, і ўчорашні вязень стаў Кіеўскім князем. Праўда, на залатым стальцы Усяслаў прабыў толькі сем месяцаў. Чаму ён пакінуў такі прэстыжны пост? Магчыма, не дамовіўся з мясцовымі феадаламі. Магчыма, не хацеў быць уладаром імперыі, калі сам не прызнаваў палітыку цэнтрызму. А можа, не давяраў пераменліваму настрою кіяўлян: ён цудоўна разумеў, што гэтак жа проста, як стаў усім, можа стаць нікім…

А потым летапісы замаўчалі. Больш як 20 гадоў Полацк жыў у міры і спакоі. За выключэннем цяжкіх 90-х, калі палачане выжывалі, як маглі. Адно за адным абрынуліся на іх сухмень, землятрус, мор скаціны, голад пяць гадоў запар… Вынікам стала страшная эпідэмія. “У Полацку стала зусім блага. Уначы на гарадскіх вулках чуліся нібы стогны людскія, тупат, іржанне конскае. Гэта гойсала па горадзе д’ябальская сіла. …Кожны, хто выходзіў з хароміны сваёй ці толькі прачыняў вакно, неўзабаве паміраў, нябачна працяты д’яблам”. У народзе казалі: “Мерцвякі-наўе б’юць палачанаў”.

Суседзі яхідна паціралі ручкі: паганцы гэтыя вашыя палачане, і князь у іх чарадзей! Вось і божая кара. Адсюль з’явілася радкі, якія прысвяціў князю Усяславу міфічны спявак Баян:

Ні хітраму,
ні спрытнаму,
ні чарадзею дасціпнаму
суда божага не мінуць.

І тым не менш, Усяслаў Чарадзей стварыў самастойнае і незалежнае княства. Каб захаваць еднасць дзяржавы і пазбегнуць грамадзянскай вайны, перад смерцю ён сам падзяліў свае землі паміж шасцю сынамі. Так на тэрыторыі Беларусі з’явілася федэрацыя, якая праіснавала ажно да 13 стагоддзя – да стварэння Вялікага Княства Літоўскага.

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Глядзіце таксама:

“Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора…”: першы князь у гісторыі Полацка
Каго труціла Бона Сфорца? Міфы пра “нашу” італьянку
Бог любіць тройцу: як князь Альгерд хадзіў на Маскву