Палута Бадунова – адзіная жанчына сярод тых, хто падпісваў Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Настаўніца. Рэвалюцыянерка. Ахвяра бальшавіцкага тэрору, расстраляная па сфабрыкаванай справе.
Тэкст чытае Наста Карнацкая
Настаўніца стала палітыкам
Усё жыццё Бадунова верыла ў тры рэчы: незалежнасць Беларусі, нацыянальнае самавызначэнне і дэмакратыю. Яна восем гадоў працавала настаўніцай на Гомельшчыне, а потым паехала ў Петраград. Час Першай сусветнай вайны, час рэвалюцый!.. Бадунова трапіла ў палітычны асяродак – і жыццё ейнае змянілася назаўжды. Яна далучылася да Беларускай сацыялістычнай грамады. Неўзабаве стала дэпутатам Петрасавета. Затым – чальцом кіраўнічых органаў нацыянальнага руху.
Падпісала Устаўныя граматы
Палута Бадунова – адзіная жанчына, чый подпіс знаходзіцца пад усімі Устаўнымі граматамі БНР. Яе абралі міністрам апекі. Палута паставілася да прызначэння сур’ёзна: дапамагала бежанцам, ветэранам вайны, школам і сіротам. Сродкі на патрэбы падапечных шукала сама.
Прынцыпова перайшла на беларускую мову
Палута Бадунова вылучала беларускую мову як важны элемент нацыі, але сама ёю не валодала свабодна. Аднойчы яе абсмяялі, калі яна запатрабавала ад прадстаўніка польскай фракцыі перакласці выступ на беларускую, а сама пачала выступаць па-руску. Пасля такога здарэння Бадунова вучыла беларускую мову мэтанакіравана. У анкетах яна пазначала роднай мовай беларускую.
Удзельнікі канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх леварадыкальных арганізацый у Гданьску: Палута Бадунова, Леапольд Родзевіч, Язэп Лагіновіч. 1923 год.
Пісала апавяданні
Бадунова пакінула вялікую эпісталярную спадчыну. Яна вяла шматлікія перапіскі з паплечнікамі па партыі. Свае тэзісы і заклікі публікавала ў газетах – асабліва ў эсэраўскім “Змаганні”. Вядомыя тры аповеды Палуты Бадуновай: “Смяюцца… над сабою”, “Думкі парабка” і “Смерць мачыхі”. Акуратна занатаваныя ў сшытак, яны датуюцца 1923 годам і напісаныя, імаверна, у Нясвіжы, дзе аўтарка знаходзілася пад наглядам польскай паліцыі.
Усё жыццё кахала аднапартыйца
Гісторыкі назвалі Палуту “жалезнай ледзі”, а яна ўсё жыццё была закаханая ў сябра па партыі Тамаша Грыба. Магчыма, менавіта ён паўплываў на ейны радыкальны і непарушны палітычны выбар. У лістах да сяброў Палута неаднойчы прызнавалася, што моцна пакутуе праз адзіноту. Тамаш ажаніўся і жыў у эміграцыі, і яны нярэдка перасякаліся па справах беларушчыны.
Ахвяравала здароўем
Бадунова марыла пра вышэйшую адукацыю і паступіла ў інстытут імя Драгаманава ў Празе. Аднак мясцовы клімат пагоршыў без таго кепскі стан здароўя. У 34 гады, пасля турмаў і цяжкіх жыццёвых умоў, Палута мела хранічную хваробу лёгкіх і рэўматызм. Апошнім ударам стала звестка з Мінска: у 1924 годзе развалілася партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У Бадуновай развіўся псіхічны разлад, і амаль увесь наступны год яна правяла ў лякарні нервовых захворванняў. Чэшскія лекары прызналі хваробу невылечнай.
Расстраляная па даносах
Бадунова вярнулася на радзіму з дапамогай сястры: той паведамілі, што пасля лякарні Палута выглядае “абсалютна зламаным чалавекам”. У Мінску працы не было, за былымі паплечнікамі сачылі чэкісты. Палута пісала ў Інбелкульт – прапаноўвала стварэнне “музея працоўных”, прасіла сродкаў на лячэнне. Ёй адмовілі.
Апошнія гады Палута жыла з братам у Гомелі. Яна вярнулася на пачатак шляху – стала настаўніцай.
З новай хваляй рэпрэсій у 1937 годзе ў НКУС узгадалі пра Бадунову. Прычынай для арышту сталі даносы, маўляў, негатыўна выказваецца пра Савецкую ўладу. Пасля шэрагу абвінавачванняў і выбітых прызнанняў Палуту Бадунову расстралялі – 29 лістапада 1938 года.
Глядзіце таксама:
Як Алена Аладава стварыла Нацыянальны мастацкі музей Беларусі
Ад царкоўнага хору да Кармэн. Спявачка Ларыса Александроўская
“Адна з галоўных мінскіх патрыётак”. Бунт Камілы Марцінкевіч