Ужо ў пяць гадоў яна выдатна грала на піяніна, у восем – давала канцэрты, у адзінаццаць – выдала ўласны нотны збор. Каміла Марцінкевіч – кампазітарка, спявачка, бунтарка – і, урэшце рэшт, дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Самае галоўнае пра Камілу Марцінкевіч у праекце “Знакамітыя беларусы”:

Мела вялікі музычны талент
Ейным настаўнікам быў славуты Дамінік Стафановіч, які ў свой час навучаў яшчэ Станіслава Манюшку. У восем гадоў Каміла давала фартэпіянныя канцэрты ў Вільні, Варшаве, Кіеве. Выдала ноты фартэпіянных твораў: дзве мазуркі, польку і п’есу пад назвай “Малітва”. Але пры ўсіх талентах Каміла не пайшла вучыцца ў кансерваторыю: сям’я не мела сродкаў.

Галоўная менская патрыётка
Царскія жандары называлі Камілу “одна из главных минских патриоток девица Марцинкевич”. У салоне Камілы з 1861 года збіраліся чальцы Літоўскага правінцыйнага камітэта – кіраўнічага органа, які займаўся падрыхтоўкай паўстання. Каміла ўдзельнічала ў вулічных дэманстрацыях, вучыла чальцоў нелегальных гурткоў рэвалюцыйным гімнам, дапамагала палітзняволеным, якіх этапавалі праз Менск на Усход.

Давяла губернатараў
Захавалася камічная гісторыя пра Камілу Марцінкевіч і двух губернатараў. Аднойчы менскі губернатар, стомлены актыўнасцю Камілы, даў загад выслаць яе ў Вільню. Аднак віленскі губернатар быў не рады такому павароту. У адказ ён забараніў дзявіцы Марцінкевіч уезд на Віленшчыну ўвогуле. Давялося Каміле вяртацца назад у Менск.

Мікола Купава. Лінагравюра “Каміла Марцінкевіч”, 1976 год.

Трапіла ў вар’ятню
У 1861 годзе Каміла Марцінкевіч трапіла ў псіхіятрычную лякарню. Чаму? Існуюць дзве версіі. Паводле першай, Каміла заспявала ў Мінскім кафедральным касцёле забаронены рэвалюцыйны гімн, апрануўшы жалобны строй на знак памяці пра патрыётаў, якія загінулі на антырасійскім мітынгу ў Варшаве. Паводле другой версіі, падставай для затрымання стаў незвычайны перформанс: Каміла выліла вядро памыяў на менскага губернатара Эдуарда Келера. У любым выпадку, у лякарні дзяўчына прабыла нядоўга: улады адпусцілі Камілу, пабаяўшыся дэманстрацый пратэсту.

Выслалі ў Сібір
З пачаткам паўстання Камілу арыштавалі па даносе расійскага жаўнера, у якога яна спрабавала набыць зброю. Царскія ўлады пастанавілі: “Выслать как женщину вредную и совершенно неблагонадежную в политическом отношении под строгий полицейский надзор в Пермскую губернию”. Каміле было 25 гадоў, калі яе этапавалі ў Салікамск. У Сібіры яна пражыла як найменей 17 гадоў, выйшла замуж і нарадзіла шасцёра дзяцей. Дазвол вярнуцца на радзіму Каміла Марцінкевіч атрымала толькі ў 1880-я гады.

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Глядзіце таксама:

Апошняе каханне Каліноўскага. Кім была Марыя Ямант?
Як намінавацца на Нобелеўку і развесціся з мужам. Лайфхакі ад Элізы Ажэшка
Крыж Алаізы. Гісторыя паэткі Цёткі