Яе называлі “сінявокай Кармэн” і легендай беларускай оперы. Менавіта яна першай спявала “Бывайце здаровы” – перад першымі ж людзьмі краіны. У складзе франтавых канцэртных брыгад прайшла ўсю вайну – ад разбуранага Мінска да Рэйхстага. Зорка сусветнай велічыні, якая ўсё жыццё пражыла на адну зарплату, – Ларыса Александроўская.

Тэкст чытае Андрусь Такінданг

Ад царкоўнага хору да Кармэн
Ларыса Александроўская нарадзілася ў 1902 годзе. Яна заспела абедзве сусветныя вайны, грамадзянскую вайну і дзве рэвалюцыі.
Маленькая Ларыса пачынала спяваць у царкоўным хорыку, а ў росквіце кар’еры выконвала вядучыя партыі опернай класікі. Яна стала першай народнай артысткай СССР, першай жанчынай-рэжысёрам. Спрыяла пастаноўкам беларускіх опер Багатырова, Цікоцкага, Туранкова, Манюшкі… Візітоўкай і кароннай партыяй Александроўскай стаў вобраз Кармэн у аднайменнай оперы Бізэ.

Хацелі арыштаваць як шпіёнку
Калі ў 1941 годзе Мінск пачалі бамбіць, дом Алекандроўскай быў зруйнаваны. Ларыса забрала дзесяцігадовага сына з бальніцы (яму зрабілі аперацыю на апендыцыт) і з ім пераадолела шлях ад Мінска да Масквы: пешшу і на спадарожных машынах, без дакументаў, без грошай.
Александроўскую, у туфлях на абцасах і ў лёгкай сукенцы з ордэнам Леніна, ледзь не затрымалі ў Вязьме як шпіёнку, аднак, на шчасце, убачылі артыкул пра ейнае ўзнагароджанне з фотаздымкам.
Спявачка фактычна прайшла ўсю вайну ад разбуранага Мінска да Рэйхстага ў складзе франтавых канцэртных брыгад.

Асабістае жыццё не склалася
Войны, пераезды, поўная адданасць сцэне не спрыялі сямейным стасункам. Ларыса Пампееўна двойчы была замужам, і абодва разы нешчасліва. Ёй прыпісвалі мноства раманаў, але сапраўднае каханне, паводле запісаў у дзённіках, яна сустрэла ў 1946 годзе. Абое былі ў шлюбах, і акрамя балючага рамана нічога не склалася.
Адзіны сын Александроўскай Ігар моцна хварэў пасля працы на атамным рэактары, і яна заўсёды старалася дапамагаць яго сям’і.

Уплывала на забудову Мінска
Александроўская вельмі любіла цырк і не згадзілася з прынятым у 1954 годзе месцам для яго будаўніцтва – у Завадскім раёне. Яна пераканала ўлады пабудаваць цырк у цэнтры горада. Лічыцца, што і Траецкая гара абраная як месца для Вялікага тэатра менавіта ёю.
Апрача таго, Александроўская непасрэдна “ўпісалася” ў горад: яна была мадэллю пры стварэнні фігуры сялянкі, якая аздабляе Палац культуры прафсаюзаў.

Была і жорсткай, і чуллівай
Аднойчы Александроўскую да крыві параніў партнёр па сцэне, аднак п’есу дайгралі да канца. Спявачка часта страчвала прытомнасць пасля моцнага эмацыйнага напружання, аднак ніколі – падчас спектакля.
У ваенны перыяд нястомна выступала на франтах і ў шпіталях, у мірны час – саліравала, а на працягу дзевяці гадоў была галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Яна любіла армейскую дысцыпліну і парадак, была вельмі патрабавальнай – артысты скардзіліся на ейную жорсткасць. Але ў той жа час на дэпутацкай пасадзе плакала над чужымі гісторыямі і многім непасрэдна дапамагала вырашаць праблемы.

Усё жыццё хадзіла ў пазыках
Александроўская ніколі не была заможнай. Яна атрымала кватэру па ордэры, а на крэдыт тэатральнай супольнасці набыла дачу, якую пасля прадала і раздала пазыкі. Яна сама шыла сабе сцэнічныя касцюмы, мела сціплую абстаноўку ў кватэры і самы танны цюль на вокнах. Галоўнымі ўпрыгожваннямі былі шыкоўны сцэнічны ўбор на адмысловай стойцы ў зале, раяль і жывая бяроза ў кадцы.

Глядзіце таксама:

Актрыса-эпоха Стэфанія Станюта
Першая жанчына-драматург Францішка Уршуля Радзівіл
“Адна з галоўных мінскіх патрыётак”. Бунт Камілы Марцінкевіч