Пётр Машэраў пятнаццаць гадоў быў Першым сакратаром Камуністычнай партыі Беларусі. У памяці народа ён застаўся як чалавек абаяльны, інтэлігентны і пры гэтым – свойскі. Але гісторыя нагадвае пра іншае: меліярацыю Палесся, русіфікацыю, знос старой Нямігі ў Менску… Так і кіраваў краінай – да трагічнага кастрычніцкага дня 1980 года.

Французскае прозвішча?
Легенда пра род Машэравых бярэ пачатак ад вайны 1812 года, калі ў беларускай вёсцы асеў французкі салдат па прозвішчы Машэро. Легенда праўдападобная: такім чынам на тэрыторыях Беларусі заставалася шмат французкіх жаўнераў.

Трапіў у палон
У 1941 годзе Машэраў пайшоў дабраахвотнікам на фронт, трапіў у акружэнне і палон, адкуль, аднак, уцёк і вярнуўся на Радзіму. Тут, у Расонах, арганізаваў партызанскі атрад імя Шчорса. За гэта ён заплаціў вельмі высокую цану – у 1942 годзе нацысты расстралялі ягоную маці, Дар’ю Пятроўну. Як узгадвала дачка Машэрава Наталля, “ён нават калі на ейную магілу прыходзіў, не сыходзіў, павярнуўшыся спінаю. Ён пяціўся па алеі – тварам да яе, спінаю да выхаду. Ён лічыў, што вінаваты ў ейнай гібелі”. Бацька, Мірон Васільевіч, загінуў у сталінскіх лагерах.

Першы “крэпкі хазяйсцвеннік”
З 1965-га і на працягу наступных пятнаццаці гадоў Беларусь жыла фактычна пад кіраўніцтвам Пятра Машэрава. З тыпова сялянскай краіны ён вырашыў зрабіць адзін вялізны прамысловы цэнтр. Гомельскі хімічны завод, Бярозаўская ГРЭС, “Палімір”, “ГроднаАзот” – усё гэта з’явілася пры Машэраве. Валавая вытворчасць павялічылася ў чатыры разы, прыбыткі краіны – у тры. Але больш за палову сельскіх гаспадарак краіны былі стратнымі. Моладзь у аграмаднай колькасці з’язджала ў гарады. Вёскі абязлюдзелі. Яшчэ адно сумніўнае мерапрыемства – меліярацыя Палесся.

А Машэраў тым часам мог знянацку пасадзіць верталёт пасярод бульбянога поля, каб пагаварыць з сялянамі, праверыць колькасьць гатункаў каўбасы ў краме ці каляровых тэлевізараў…

Культура і гісторыя цікавілі яго далёка не ў першую чаргу. Пры ім прыйшла ў заняпад беларуская мова, пры ім масава зачыняліся беларускія школы, асабліва ў вёсках. Пры ім была разбураная старая Няміга ў Менску. Аднак Пётр Машэраў карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод простых людзей.

Што прывяло да гібелі?
Да гібелі Машэрава прывёў шэраг выпадковасцяў. 4 кастрычніка 1980 года ён выехаў з Менску ў Жодзіна. Па пратаколе ён мусіў ехаць на браніраваным лімузіне ЗіЛ-117, аднак за дзень да таго кіроўца няўдала запаркаваўся і разбіў задні ліхтар. Знайшлі хуткую замену – састарэлую і далёка не такую бяспечную “Чайку”.

Кіроўцу было ўжо 60 гадоў. Ён вазіў Машэрва з пасляваенных часоў і нікому не хацеў саступаць важнага пасажыра. Да таго ж, не прайшоў медкамісыю. Толькі пасля ўмяшальніцтва самога Пятра Міронавіча яму дазволілі кіраваць – у акулярах. Пасля аварыі акуляры знайшлі ў нагруднай кішэні кіроўцы.

Сам Машэраў сеў наперад, што катэгарычна было забаронена – паводле інструкцыі ён мусіў знаходзіцца за кіроўцам.

Замест машыны ДАІ картэж суправаджала звычайная “Волга” з адмысловым рупарам. Картэж рухаўся на хуткасці 120 км/г пасярод трасы. Насустрач яму – два грузавікі. Першы паспеў з’ехаць на ўзбочыну, другі – не.

Праз два тыдні пасля катастрофы Пётр Машэраў мусіў ляцець у Маскву – ісці далей па кар’ернай лесвіцы, стаць старшынёй Савета мінстраў СССР. Менавіта гэта разам з агульным недахопам інфармацыі пра трагедыю спарадзіла шмат тэорый змовы, многія з якіх жывуць пасёння.

Тэкст чытае Наста Карнацкая.

Глядзіце таксама:

Трывожнае шчасце ў камуністычным раі. Як жыў Іван Шамякін?
“Апошні беларускі пан” Эдвард Вайніловіч
Бровар, конка і спарткомплекс. Што зрабіў для Менска Караль Чапскі?