Новы выпуск відэапраекта “Знакамітыя беларусы” прысвечаны Каралю Станіславу Радзівілу (1734 – 1790), які ўвайшоў у гісторыю Беларусі пад мянушкай “Пане Каханку”:
Тэкст чытае Юры Усціновіч.
Пане Каханку запомніўся як вясёлы дзядзька, які мала непакоіўся пра сэнс жыцця. Але, калі глянуць на сведчанні сучаснікаў, мы ўбачым: мала хто захапляўся Каралем Радзівілам, як яго звалі насамрэч. Людзі казалі пра жорсткасць магната, бяздумнасць, эгацэнтрычнасць.
Вось, напрыклад, сведчанне Саламона Маймона, філосафа з Беларусі:
“Паўнавартаснага занятку ў яго не было, што з’явілася непазбежным вынікам занядбанага ўдасканальвання свайго густу і пашырэння сваіх ведаў. Ён паддаваўся п’янству, праз што яго спакушалі на самыя смехатворныя і вар’яцкія ўчынкі. Ён паддаваўся самым ганебным пажадлівым жарсцям… чыніў у дачыненні сваіх падданых найвялікшыя зверствы”.
Пане Каханку – сын Францішкі Уршулі Радзівіл, той самай першай жанчыны-драматурга Беларусі. Яна заснавала тэатр у Нясвіжы і пісала павучальныя лісты мужу, Міхалу Казіміру “Рыбаньку”. Маральныя якасці мужа Францішку не задавальнялі. Сітуацыю пагоршыў любімы сын Караль: пасталеўшы, ён заснаваў банду, з якой разгульваў па ваколіцах Нясвіжа і тэрарызаваў людзей.
Мянушку “Пане Каханку” Караль атрымаў з той жа прычыны, што і ягоны бацька – мянушку “Рыбанька”: так яны звярталіся да суразмоўцаў. Сярод польскай шляхты Караль меў яшчэ адну мянушку – Круль (то бок, кароль) Нясвіжа.
Мянушка магла быць іранічная, а магла і не: Караль Станіслаў Радзівіл быў самым багатым магнатам свайго часу – калі казаць пра Рэч Паспалітую. І адзін з найбагацейшых у Еўропе. Яму належалі 16 гарадоў, каля 700 вёсак, 10 000 войска. Гадавы прыбытак Пане Каханку быў роўны гадавым паступленням у казну ВКЛ.
З такім багаццем нядоўга стаць самадурам. І ў народнай памяці Пане Каханку стаў як Ленін – галоўным героей анекдотаў.
Адна з самых вядомых гісторый – пра катанне на солі. Неяк улетку Караль паабяцаў гасцям (а іх заўжды была ў Нясвіжы процьма), што назаўтра стане зіма. І праўда: раніцай замест зялёнай травы вакол палаца ляжалі гурбы снегу. Дакладней, солі. Па ёй Радзівіл і катаўся на санях разам з гасцямі.
Уявіце, колькі гэта каштавала ў часы, калі за два з паловай пуды солі (гэта 41 кілаграм) можна было купіць 12-гадовую дзяўчынку. (Так, у Рэчы Паспалітай гандлявалі людзьмі).
Іншая забава пана – страляць па людзях. Ён плаціў вяскоўцам, каб яны залазілі на дрэвы і кувалі, як зязюлі. Потым браў стрэльбу і паліў па азадках перцам.
Аднойчы Радзівіл загадаў краўцам з усіх ягоных земляў прыбыць у Нясвіж: кожнаму абяцаў падарунак. Краўцы прыйшлі і трое сутак чакалі пад палацам. На трэці дзень Пане Каханку высунуўся ў акно і сказаў: “Вы як будзеце шыць, то завязвайце вузел. Людзі вам скажуць дзякуй”. Вось такі падарунак.
Часам Пане Каханку называюць беларускім Мюнхгаўзенам. Але вельмі верагодна, што ўсё было наадварот: гэта Мюнхгаўзен пазычыў гісторыі ў Пане Каханку. Рэальны барон быў сучаснікам Радзівіла, служыў у Гародні ў кавалерыйскім палку і там мог чуць показкі пра ягоныя прыгоды. Яшчэ да Мюнхгаўзена Пане Каханку ўсім расказваў, як штурмаваў на палове каня замак і страляў у аленяў вішнёвымі костачкамі, пасля чаго ў іх між рагоў вырасталі дрэвы. А яшчэ ён расказваў, як кахаўся з русалкай, а яна потым нарадзіла пяць бочак селядцоў.
Больш за пранкі Караль Радзівіл любіў толькі паляванне. І тут жарты канчаліся: паляваў Радзівіл зацята і жорстка. За раз мог забіць да трыццаці ласёў і дзікоў. Звяроў цкавалі і рвалі жывымі. На адно такое паляванне трапіў кароль Станіслаў Панятоўскі. Ён не змог глядзець, як мядзведзі рвуць ласіху, і прыстрэліў аднаго з драпежнікаў. На што Пане Каханку пасміхнуўся: “Баба ты, а не кароль!”.
З Францыі Пане Каханку прывёз дынама-машыну. Электрычнае шоў і так уражвала гасцей, але аднойчы яно супала яшчэ й з навальніцай. Караль тут жа аб’явіў: я – уладар навальніцы!.. І трэба ж было такому здарыцца, што ў аднаго з гасцей Радзівіла ў той вечар згарэў маёнтак – трапіла маланка. Пане Каханку не разгубіўся – выплаціў кампенсацыю.
Вось такія легенды пра Пане Каханку дажылі да нашых дзён. Больш за тое: па сведчанні пісьменніка Уладзіміра Арлова, у Нясвіжы і сёння расказваюць, як Пане Каханку злавіў чорта ў Налібоцкай пушчы і тры дні адмочваў яго ў святой вадзе.
Але вось якая штука: акрамя вясёлых, страшных, пікантных гісторый пра Пане Каханку варта памятаць гістарычныя факты. Напрыклад, гэты: калі ў 1764 годзе расейскія войскі ўварваліся ў Рэч Паспалітую, Пане Каханку быў адзіным магнатам ВКЛ, які выйшаў з імі на бой.
Глядзіце таксама:
Бізнес-вумэн носіць чорнае. Ганна Кацярына Радзівіл
Не радзіся красны, а радзіся шчасны. Барбара Радзівіл
Люблінская унія, няшчаснае каханне і іншыя “подзвігі” Жыгімонта ІІ Аўгуста