Яна стала ўдавой у 43 гады. У яе на руках засталіся чацвёра малых дзяцей і даўгі мужа. Большасць маёнткаў знаходзілася ў закладзе. Многія ўладанні пацярпелі пасля Паўночнай вайны.

Але яна не стала заломваць рукі ў роспачы. Ганна Кацярына Радзівіл занялася бізнесам – адкрыла шэраг мануфактураў, і вынік аказаўся фантастычны. Радзівілы сталі самым заможным родам краіны, а беларуская гісторыя атрымала слуцкія паясы і легендарнае Налібоцкае шкло.

Адной з Радзівілаў стала выпадкова
Ганна Кацярына нарадзілася ў Ракаве ў 1676 годзе. Яна паходзіла з родаў Сангушкаў і Сапегаў, але рана засталася сіратой, і дзяўчыну забрала да сябе сама каралева польская.
На каралеўскім балі Ганну заўважыла княгіня Кацярына Радзівіл. У яе была сямейная драма: старэйшы сын збіраўся ажаніцца з просталюдзінкай. Княгіня запрасіла Ганну пагасціць у Нясвіж, а праз некалькі дзён абвесціла: заўтра ў замку пройдзе вянчанне, ты прысутнічаеш, апраніся ўрачыста.
Як аказалася, нявестай была сама Ганна. Сын княгіні, Караль Станіслаў, пярэчыць не наважыўся, да таго ж ксёндз правёў вянчанне надзвычай хутка…

Насіла толькі чорнае
На шматлікіх партрэтах вы ўбачыце Ганну Кацярыну Радзівіл выключна ў чорным. Прычынай таму не ўдаўство. Яна дала абяцанне насіць жалобу на знак памяці пра сваіх памерлых дзяцей. За час шлюбу Ганна Кацярына нарадзіла 13 дзяцей. З іх шасцёра памерлі ў маленстве.
Менавіта сын Ганны, Міхал Казімір “Рыбанька”, заснаваў Слуцкую персіярню – мануфактуру, дзе ткалі слуцкія паясы.

За 30 гадоў адкрыла дзясятак паспяховых прадпрыемстваў
Увогуле Радзівілы мелі 23 мануфактуры. Але калі казаць пра заснаваныя менавіта нашай гераіняй, пачаць трэба з дываноў. Іх выраблялі ў трох месцах: мястэчка Белая, дзе Ганна жыла, у Карэлічах і ў Нясвіжы. Наступны крок: шкляныя мануфактуры ў Налібоках і Урэччы. У Нягневічах Ганна завяла ўласную рудню – прадпрыемства па выплаўцы жалеза, а ў Невелі – катловае прадпрыемства. Пазней яна занялася яшчэ і вырабам сукна. Самай вядомай мануфактурай стала Налібоцкая гута, заснаваная ў 1717 годзе.

Кліентаў мела па ўсёй Еўропе
Уласна на землях Радзівілаў забаранялася прадаваць шкляныя вырабы іншых фірмаў. Тэатр Уршулі Радзівіл замаўляў у Налібоках алейныя лямпы для асвятлення спектакляў (лік ішоў на дзясяткі тысяч). Спецыфічныя ёмістасці набывалі аптэкі. Віленская акадэмія замовіла лабараторнае абсталяванне для доследаў. Фішкай самога Нясвіжа стала ванна, адлітая з блакітанага шкла.
Польскі кароль Станіслаў Аўгуст загадаў, каб у яго рэзідэнцыі ў Лазенках “іншага шкла не давалі да стала”. Па Нёмане тавары дастаўлялі ў прускі Крулявец (цяпер – Калінінград), а адтуль – па ўсёй Еўропе.

Стала сваім жа апошнім кліентам
У 1746 годзе Нясвіжскі замак замовіў з Налібоцкай гуты 1800 кілішкаў, 1200 шклянак, паўтары тысячы розных памераў бутэлек. Усё гэта спатрэбілася для жалобнай цырымоніі з прычыны пахавання Ганны Кацярыны Радзівіл. Яна памерла ў 70 гадоў, пакінуўшы сынам вялікую багатую спадчыну.

Тэкст чытае Марына Савіцкая.

Глядзіце таксама:

Каго труціла Бона Сфорца? Міфы пра “нашу” італьянку
Як намінавацца на Нобелеўку і развесціся з мужам. Лайфхакі ад Элізы Ажэшка
Girls to the Front: гісторыя Анастасіі Слуцкай