1856 год. У Вільні навіна: адчыняецца музей старажытнасцяў. Прэса піша пра гэта штодня. Экспанаты дасылаюць з усёй Беларусі і Літвы. Уладзіслаў Сыракомля напісаў на адкрыццё музея верш. Але галоўны герой гэтых дзён – Яўстах Тышкевіч, граф з Лагойску. Гэта ён адкрывае музей.
З братоў Тышкевічаў – Яўстаха і Канстанціна – пачалася беларуская археалогія. Кожны меў сваё кола сяброў і навуковых інтарэсаў, свае калекцыі і бібліятэкі. Гэта была здаровая канкурэнцыя.
У 1852 годзе браты звярнуліся ў Пецярбург па дазвол адкрыць музей старажытнасцяў у Вільні. Яшчэ не атрымаўшы дабро, Яўстах арандаваў у Вільні двухпавярховы палацык, куды пачаў перавозіць свой скарб. Сучасніца Габрыэля Пузына пісала: “Ён вёз з сабой усе памяткі даўніны як сваіх дарагіх крэўных, як Энэй сваіх багоў. У чорным фраку на фоне сваіх рэліквій ён нагадваў індыйскага бажка, якога Гётэ выбраў бы для свайго Фаўста”. А вось уражанні гісторыка Мікалая Кастамарава: “Гэта быў старамодны чалавек з лысай галавою і меў на выгляд гадоў шэсцьдзясят”. Насамрэч, Яўстаху было 48.
Новыя матэрыялы прыходзілі амаль штодня. Людзі нярэдка аддавалі сямейныя рэліквіі. Сам Тышкевіч ахвяраваў музею безліч уласных сродкаў, кнігазбор у 3 000 тамоў і археалагічную калекцыю ў 2000 адзінак.
Адкрыўся Віленскі музей старажытнасцей у 1856 годзе. Спраўдзілася мара ўсяго жыцця Яўстаха Тышкевіча. Але пратрывала яна толькі 7 гадоў.
Яўстах Тышкевіч у бібліятэцы маёнтка ў Астраўцы. 1868 год.
Калі выбухнула паўстанне Каліноўскага, віленскія ўлады ўбачылі ў музеі адзін з цэнтраў “польскай інтрыгі”. Па загадзе Мураўёва-вешальніка музей быў зачынены. Проста на вачах Яўстаха экспанаты адпраўлялі ў Маскву. Выбіты з каляіны, спустошаны, ён пакінуў Вільню. І нават навіна пра тое, што некаторыя экспанаты вярнуліся, яго не ўсцешыла. Гэта былі ўсяго 206 прадметаў з многіх і многіх тысяч…
Заслугі Яўстаха Тышкевіча прызнаваў увесь вучоны свет – Данія, Швецыя, Вялікабрытанія… Нават імперская Расія. Нягледзячы на гэта, ён адчуваў сябе забытым. Памёр брат. Слабела здароўе. Апошнія дні Яўстах правёў пад апекай сястры ў Вільні. Пахавалі яго напрыканцы лета 1873 года на могілках Роса, побач з даўнім сябрам – Уладзіславам Сыракомлем.
Выпуск падрыхтаваны паводле кнігі Генадзя і Аляксандра Каханоўскіх “Руплівец нашай старасветчыны”.
Тэкст чытае Марына Савіцкая.
Глядзіце таксама:
Неўры – продкі беларусаў. Пра што пісаў Павел Шпілеўскі
Фалькларыст Шэйн і трыццаць тры няшчасці
Ігнат “Індыяна Джонс” Дамейка