Леў Сапега вырашаў лёс цэлай краіны, хоць і не быў каралём. Як канцлер Вялікага Княства Літоўскага, дый на ранейшых, менш значных пасадах, Сапега клапаціўся пра незалежнасць Княства ў межах Рэчы Паспалітай. І часам гэтыя захады былі вельмі рызыкоўныя…
Леў Сапега паходзіў з праваслаўнай сям’і, але фанатыкамі яго бацькі не былі, на вялікую радасць нам усім, так што сямігадовага Леўчыка аддалі ў пратэстанцкую школу. Яна існавала пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага ў Нясвіжы і была вядомая як рассаднік вальнадумства. Тут круглыя суткі ішла праца над кнігамі, ідэямі, канцэптамі… Няспынны брэйншторм. У такіх умовах Леў Сапега фармаваўся як асоба.
Ужо ў дзяцінстве, апрача роднай, ён ведаў чатыры мовы, а ў 13 гадоў паступіў “на юрыста ў Германію”, як бы мы сказалі сёння. У 19 гадоў яго прынялі на службу да Стэфана Баторыя – самога караля. У 24 – атрымаў допуск да сакрэтнай інфармацыі.
Аднойчы Леў Сапега выступаў адвакатам па маёмаснай справе Івана Сапегі. То бок, уласнага бацькі. Невядома, ці сапраўды Іван быў вінаваты, але адвакат справу выйграў.
Ён усім падабаўся. Меў прыемную знешнасць, быў спакойны і ветлівы, да суразмоўцы – уважлівы.. Калі браўся за справу – даводзіў яе да канца, прычым бліскучага. Самае яркае таму пацверджанне – Статут Вялікага Княства Літоўскага ад 1588 года. Леў Сапега сам рэдагаваў старыя законы, сам рыхтаваў Статут да друку і сам змагаўся… з каралём. На той час Стэфан Баторый ужо быў нябожчыкам, а новым каралём стаў Жыгімонт ІІІ Ваза, кандыдат ад Швецы і прыхільнік прапольскай палітыкі. З ім Сапега быў у пастаянных контрах – не супадалі інтарэсы. Кароль раздорваў землі ВКЛ палякам, чым парушаў правы беларускай шляхты. Сапега прызнаваўся, што адчувае сябе пры новым каралі “як кот на лёдзе”.
Таму так важна было выпусціць Статут мага хутчэй. Згодна з ім, іншаземцы не маглі набываць зямлю ці замкі ў ВКЛ; тое ж – з любымі пасадамі. Галоўным заканадаўчым органам стаў Вальны Сойм, які збіраўся ў Слоніме – вотчыне Сапегі.
Статут дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі ажно да 1840 года – нават пасля ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага.
Цікавыя і вельмі няпростыя стасункі склаліся ў Льва Сапегі з другім бокам – расейскім. Упершыню наш герой трапіў у Маскву ў 27 гадоў, у складзе вялікага пасольства на 300 чалавек. Гісторыя выйшла дзіўная: пакуль ехалі, цар маскоўскі – Іван Жахлівы – памёр. Пакуль маскавіты разбіраліся са сваімі справамі, паслоў Рэчы Паспалітай трымалі пад вартай. Як пісаў Сапега, “…мяне хавалі, не раўнуючы як нейкага вязня, нават дзіркі ў плоце пазатыкалі ды паставілі варту, што сачыла за мною ўдзень і ўначы”.
Новым царом стаў Фёдар Іванавіч. Ад яго Сапега дабіўся міру на 10 гадоў і волі для 900 палонных беларусаў. Ашаламляльны поспех, які прынёс Сапегу славу і Слонім. (Тут, дарэчы, паставілі помнік канцлеру – другі ў Беларусі пасля Лепеля` .)
Па шчырасці, Сапега лічыў новага маскоўскага цара недалёкім. Але пасля смерці Баторыя падтрымліваў менавіта яго кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай. І гэта не здрада дзяржаўным інтарэсам – якраз наадварот. Сапега дасканала ведаў хітрасці маскоўскай палітыкі; ён хацеў пасадзіць на польскі трон Фёдара Іванавіча, каб пасля кіраваць ім і стаць сапраўдным уладаром ВКЛ. Кульмінацыяй такога сцэнара мусіла стаць адлучэнне ад Польшчы і ўтварэнне незалежнага Княства… Але не збылося.
Не да канца зразумелая роля Сапегі ў падзеях “смуты” ў Маскоўскім царстве. А менавіта – яго сувязь з Ілжэдзмітрыямі. Так, ёсць тэорыя, паводле якой Ілжэдзмітрый І не проста атрымаў падтрымку ад Сапегі, але гадаваўся пры двары літоўскага канцлера, не раўнуючы той спецагент. Другі Лжэдзмітрый таксама быў з беларускіх тэрыторый – з Прапойску.
Самае цікавае, што нават калі Сапега не меў дачынення да названых асобаў, пры яго двары сапраўды ўтрымліваліся юнакі-самазванцы, якіх рыхтавалі на маскоўскае царства. Захаваліся дакументы, якія паведамляюць, што на ўтрыманне так званага “маскоўскага царэвіча” польскі кароль вылучаў Сапегу 6000 залатых на год.
Не дзіўна, што Фрыдрых Шылер зрабіў Льва Сапегу героем рамантынчай драмы пра часы “смуты”. Праўда, п’есу не дапісаў.
Пражыў Леў Сапега 76 гадоў, з іх 48 быў членам Сената Рэчы Паспалітай. Як мецэнат пабудаваў 24 храмы.
Выпуск падрыхтаваны паводле кнігі Івана Саверчанкі “Канцлер Вялікага Княства”.
Тэкст чытае Наста Карнацкая.
Глядзіце таксама:
Складаныя партыі графа Агінскага
Супердрукар часоў Рэфармацыі: хто насамрэч Васіль Цяпінскі?
“Слава Оршы ўжо не горша!”: Канстанцін Астрожскі