Васіль Цяпінскі жыў у 1540 – 1603 гадах. У 1570-яя на свае сродкі арганізаваў друкарню. Выдаваў кнігі на старабеларускай мове, прычым пераклады рабіў сам.

Вядома няшмат, але нават гэтыя звесткі аказаліся няправільнымі!.. Узяць знакаміты партрэт у берэце. Сумніўна, што на ім менавіта Васіль Цяпінскі. Партрэт стаў вядомы дзякуючы Вацлаву Ластоўскаму, які ўбачыў яго ў 1919 годзе ў мінскай газеце. Да таго ж, Васіль Цяпінскі жыў… у двух экзэмплярах. У братоў Мікалая і Мацея было па сыне, і абаіх звалі Васілямі. Больш за тое, Васілі між сабой варагавалі.

Гэтаксама сумніўна, што славутае Евангелле друкавалася ў Цяпіна. Гісторык Ігар Клімаў піша: «Не вытрымлiвае нiякай крытыкi меркаванне пра друк Евангелля ў маёнтку Цяпiна (цi ў яго ваколiцах). Гэтая мясцовасць была арэнай вайсковых дзеянняў падчас Полацкай вайны, а на працягу 1570-х межавала з тэрыторыяй, захопленай маскавiтамi. Цяжка ўявiць, што ў гэты час нехта мог распачаць пратэстанцкi друк у аддаленай вёсцы, якая да таго ж знаходзiлася ў небяспечнай блiзкасцi да маскоўскiх уладанняў».

Дык што напэўна можна сказаць пра таямнічага выдаўца?

  • Жонкай Цяпінскага была князёўна Соф’я Жыжамская, пляменніца Яўстафія Валовіча, рэфарматара і магната-выдаўца.
  • Васіль Цяпінскі быў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Выдавец удзельнічаў у слыннай бітве на Уле зімой 1568 года.
  • Заклікаў адкрываць школы, у якіх навучалі б не па-польску ці на латыні, а на беларускай мове.
  • Цяпінскі захапляўся беларусамі: па яго мераванні, гэта народ «зацны, слаўны, востры, дасціпны».
  • Выкрываў пыхлівых багацеяў і лічыў, што брацца за меч, баронячы радзіму, зусім не грэх.
  • Цяпінскі выкарыстоўваў пры друку частку літар тыпаграфіі Скарыны.
  • Вядомы “партрэт Цяпінскага”, на якім можа быць зусім не Цяпінскі

    Старонка з “Евангелля”, якое пераклаў на старабеларускую мову і выдаў Васіль Цяпінскі

    Аўтарскі тэкст чытае Людміла Рублеўская

    Глядзіце таксама:

    Другі пасля Скарыны. Гісторыя выдаўца Іллі Капіевіча