Барыс Кіт пражыў 107 гадоў. Ён стаў адным з самых знакамітых беларусаў сучаснасці, хоць нарадзіўся ў царскай Расіі, у Санкт-Пецярбургу, а спачын знайшоў у Германіі.
У Беларусі ён пражыў 26 гадоў. За гэты час зведаў дзве акупацыі – польскую і нямецкую. У любых варунках вучыў дзяцей, і за пяць гадоў узначаліў чатыры навучальныя ўстановы.
Пяць разоў Барыса Кіта арыштоўвалі. У 1944 годзе ён прабыў 30 дзён у Глыбоцкай турме, дзе кожную ноч чакаў расстрэлу.
У 38 гадоў пачаў новае жыццё ў Штатах. У 78 гадоў абараніў доктарскую дысертацыю ў Германію.
Сусветную вядомасць Барыс Кіт набыў праз дасягненні ў сферы астранаўтыкі. Працуючы ў фірме North American Aviation Inc., ён даказаў, што плыўкі вадарод можа выкарыстоўвацца як паліва для ракет. Дзякуючы гэтаму даследаванню амерыканцы запусцілі касмічны карабель “Апалон” і ракету “Шатл”, а пазней – здзейснілі першы палёт на Месяц.
Як матэматык Барыс Кіт працаваў у пяці міністэрствах ЗША: паветраных сілаў, абароны, камунікацыі, камерцыі і транспарту. Чытаў лекцыі па касманаўтыцы па ўсім свеце – ад Мексікі да Японіі.
З выхадам на пенсію і да апошніх дзён Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне, дзе часта сустракаўся з Васілём Быкавым.
У інтэрв’ю падкрэсліваў: “Ад самага пачатку я стаў і стаю за сапраўдную і поўную незалежнасць Беларусі”. Найбольшую надзею ўскладаў на моладзь. “Яна возьме ў рукі ўсё і найперш – лёс краіны. Я б толькі хацеў параіць ёй: вучыцца! І абавязкова ў беларускамоўных школах, на сваёй роднай мове”.
Тэкст чытае Марына Савіцкая.
Глядзіце таксама:
Казімір Семяновіч. Проста пушка!
Ігнат “Індыяна Джонс” Дамейка
Хапаў зоркі з неба. Марцін Пачобут-Адляніцкі