1918 год. Браніславу Тарашкевічу – дваццаць шэсць. Ён мае срэбны медаль Віленскай гімназіі, ён скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе навучаўся ў легендарных Бадуэна дэ Куртэнэ, Карскага і Шахматава. І цяпер ён выдае “Беларускую граматыку для школ” –першую афіцыйную граматыку беларускай мовы ў найноўшай гісторыі.
“Граматыка” доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-х. Яна вытрымала шэсць перавыданняў і некалькі рэформаў правапісу, дажыўшы да нашых дзён як “тарашкевіца”.
Жаданне працаваць для беларускай культуры, “будаваць беларускі дом” сталася для Браніслава Тарашкевіча (як і для многіх іншых) ракавым. Расчараваны ў сябрах-паляках, ён паверыў савецкай прапагандзе, захапіўся ідэямі камунізму.
Тарашкевіч ездзіў па мястэчках і вёсках Заходняй Беларусі, ладзіў нелегальныя сходы. У 1927 годзе яго арыштавалі польскія ўлады. На судзе Тарашкевіч сказаў: “Я зразумеў, што саветы надаюць вялікую ўвагу беларускаму нацыянальнаму руху. Я сам хацеў ехаць у БССР, але мяне не пусцілі…”.
Ён усё ж дайшоў да сваёй “абяцанай зямлі”. І пражыў там менш за пяць гадоў.
Тэкст чытае Юры Усціновіч.
Глядзіце таксама:
“Мой вораг – эпоха”. Забіты за п’есу Васіль Шашалевіч
Суд і бязвінная кроў Галубка
Рамантызм як прысуд. Рэпрэсаваны паэт Юлі Таўбін