Антоній Тызенгаўз – славуты рэфарматар 18 стагоддзя. Сябар апошняга караля Рэчы Паспалітай, ён атрымаў у кіраванне Гарадзенскую эканомію. Тызенгаўз адкрыў два дзясяткі мануфактур, тэатр, разбіў батанічны сад, заснаваў медычную акадэмію…
На жаль, з фінансавага боку рэформы аказаліся правальнымі. Але ў гісторыю Беларусі яны ўвайшлі адназначна.
Тэкст чытае Марына Савіцкая.
Адкрыў 23 мануфактуры
За 20 гадоў Тызенгаўз збудаваў на месцы вёскі Гарадніца сапраўдны прамыслова-культурны цэнтр. Тут з нуля ўзвялі 85 будынкаў – вялізныя мануфактуры, склады, мікрараён з жыллём для майстроў, плошча з палацам самога Тызенгаўза, першая кавярня ў Беларусі… Тызенгаўз заснаваў 23 мануфактуры, на якіх працавалі 1500 чалавек. Не толькі майстры і вучні, але і прыгонныя, і нават арыштанты.
Пачаў рэфарматар з простага: апрацоўка скуры, выраб сукна, цвікоў, свечак… А потым захацеў раскошы. Адкрыў персіярню, дзе ткалі паясы на манер слуцкіх, з залатымі ніткамі. Наладзіў выраб шоўкавых панчох. Заснаваў карэтную фабрыку з дырэктарам-французам і фабрыку капелюшоў, якой кіравала мадам дэ Фальвіль з Брусэля… Усё гэта каштавала страшна дорага, а попыт на тавары быў мізэрны.
Прывёз у Гродна Жана Жылібера
Па запрашэнні Тызенгаўза ў Гродна прыехаў Жан Жылібер – славуты французскі медык і біёлаг. Ён заснаваў батанічны сад і медычную акадэмію. Сад быў адным з найлепшых у Еўропе і налічваў каля 1200 відаў раслін. Не толькі экзатычных, але і карысных з практычнага пункту гледжання – для лекаў ці вырабу фарбаў.
У Каралеўскай медычнай акадэміі вывучалі хірургію, акушэрства, ветэрынарыю, прыродазнаўства і замежныя мовы. Пры Акадэміі працаваў шпіталь, дзе лячыліся супрацоўнікі мануфактур. Аднак праз чатыры гады Акадэмію перавялі ў Вільню, і разам з ёй з’ехаў Жылібер.
Заснаваў першую газету
У 1775 годзе Антоній Тызенгаўз набыў абсталяванне для друкарні – перакупіў у віленскіх езуітаў. Тут выдавалі ўрадавыя пастановы, палемічную і рэлігійную літаратуру, навуковыя трактаты, мастацкія і папулярныя кніжкі… Але самае галоўнае – з друкарні Тызенгаўза выйшла першая газета на тэрыторыі Беларусі “Gazeta Grodzieńska”.
Любіў італьянскую оперу
Яшчэ адной фішкай Тызенгаўза стала ўласная балетная трупа. Касцяк трупы складалі прыгонныя сяляне. Лік артыстаў даходзіў да 60 чалавек. Балетмайстра прывелі з Францыі, асобных танцораў – з Італіі. Дзеля гэтай справы ў Гродна адкрылі музычную школу. Акрамя музычных дысцыплін – спеваў, тэорыі, танцаў і падобнага – тут вывучалі яшчэ і арыфметыку, чытанне, пісьмо, малюнак, французскую мову.
Паралельна з адкрыццём школы Тызенгаўз узяўся за пастаноўкі оперных спектакляў. Перапісваўся з Радзівіламі, трымаў у Варшаве агентаў, якія мусілі закупаць новыя партытуры… Асабліва любіў гродзенскі граф італьянскія оперы і камедыі.
…Усё гэта было вельмі прыгожа і страшна дорага. У 1780 годзе Тызенгаўза абвінавацілі ў растраце. Адмысловая камісія прызнала нерэнтабельнасць мануфактур, бяздумны расход грошай і іншых рэсурсаў. Тызенгаўза знялі з пасады. Апошнія гады жыцця – а заставалася іх толькі пяць – граф правёў у Паставах. Без балета, оперы і шыку.
Глядзіце таксама:
Верталёт на бульбяным полі. Чым запомніўся Пётр Машэраў?
Бізнес-вумэн носіць чорнае. Ганна Кацярына Радзівіл.
Старамодны граф з рыдлёўкай. Яўстах Тышкевіч.