А вы былі ў Лынтупах?.. 24 жніўня тут пройдзе першы фестываль керамікі “Дым”. Такога ў Беларусі яшчэ не было: два тыдні міжнароднага пленэру керамістаў і вялікае, для ўсіх адкрытае свята з маркетам, музыкай, экскурсіямі па Лынтупах і вогненным шоў.

Арганізатаркі Дар’я Мандзік і Анастасія Мілаванава распавялі, як гэта – зрабіць з нуля выключна сваімі сіламі фестываль у невялікім беларускім гарадку. Практычныя парады прыкладаюцца.

Дар’я – архітэктар. Працавала ў рэстаўрацыі, кераміка доўгі час заставался хобі. Апошнія тры гады арганізоўвала ў Лынтупах летнікі для студэнтаў-архітэктараў разам з мясцовым культурніцкім цэнтрам “Культыватар”. Там ёй і прапанавалі зрабіць “штосьці керамічнае”.

Анастасія да прышэсця ў кераміку працавала электрыкам (тры доўгія тыдні на тэлефоннай станцыі), дызайнерам у вітражнай майстэрні, архітэктарам у бюро (тры месяцы) і цэлы год – гештальт-псіхолагам. Пяць разоў спрабавала паступіць у Акадэмію мастацтваў. Пасля вядомых падзей 2006 года вучылася ў Польшчы, жыла ў Германіі. Калі захапілася керамікай, зразумела, што ў Беларусі для працы няма нічога (гліну, глазуру і іншыя матэрыялы даводзілася вазіць з-за мяжы). Таму адкрыла ўласную краму. Працуе ў студыі керамікі.

– Як у Лынтупах паставіліся да вашай ініцыятывы? З цікаўнасцю, з насцярогай?..

Дар’я: Заўжды ёсць сегрэгацыя паміж панаехаўшымі і мясцовымі. Збольшага ўсе ініцыятывы робяцца панаехаўшымі. Але ёсць, напрыклад, мясцовыя дзядзькі-майстры, якія дапамагаюць нам у “Культыватары”. А так збольшага ўсе сядзяць на сваіх агародах, да нас рэдка заходзяць. Ёсць такі недавер да нязвыклага, ёсць забабоны. Кшталту “Культыватар адмывае грошы”. Калі ты набыў дом, людзі не думаюць, што ты грошы патраціў, яны думаюць, што ты іх адмываеш. Альбо гранты… Грант атрымаць – такая акрабатыка… Вядома, ёсць тыя, хто не самым лепшым чынам іх размяркоўвае, але…

Анастасія: Але ўласна фестываль не на гранце. Усё сваімі сіламі. Кераміка вельмі дарагая, таму спрабавалі сабраць сродкі праз краўдфандынг. Будуць музыкі, фаершчыкі, у касцёле сімфанічная музыка. То бок, фактычна на нас тры канцэрты… Але адпачатку мы нічога такога не планавалі! Мы лічылі, што гэта пробны фестываль, нешта невялікае, запросім керамістаў беларускіх… Абвесцілі набор – а беларусаў падалося вельмі мала. Фактычна, нам проста давялося рабіць фестываль міжнародным. Прыехалі керамісты з Украіны, Балгарыі, Расіі, нават з Рэспублікі Комі! А беларусы, даведаўшыся, што пленэр у Лынтупах, стагналі: “170 км? Ой, так далёка… А чаму не пад Мінскам?”

Дар’я: Пятнаццаць гадоў запар пад Бабруйскам праходзіць “Арт-Жыжаль”. Гэта таксама міжнародны пленэр, але пра яго ведае мінімальная колькасць людзей. Часткова, можа, таму, што ім не хочацца ніякіх турыстаў, хочацца ціха папрацаваць. Высокапрафесійная тусоўка, але закрытая. Мне трошку шкада, бо гэта цікавая рэч, якую можна было б піярыць. Трэба распавядаць пра кераміку, каб, у тым ліку, падвысіць узровень “спажывання”. Бо пакуль у нас што такое кераміка?.. Гаршчкі народныя. А кераміку як твор мастацтва мала набываюць.

– У такім разе: што такое сучасная кераміка?

Дар’я: Безліч падыходаў, матэрыялаў, тэхналогій. Кераміку ствараюць з дапамогай 3D-прынтараў. Альбо кераміка высокіх абпалаў: гэта дрывяны абпал, надзвычай складаны, не проста пімпачку націснуць у электроннай пячы. То бок, сучасная кераміка неабсяжна розная, а пра яе вельмі мала распавядаюць. Усё застаецца ў прафесійных супольнасцях.

Анастасія: У Еўропе такія фестывалі праходзяць рэгулярна. У цэнтры горада, на плошчы, з канцэртамі. Для іх гэта свята, а ў нас – невядомасць.

Дар’я: Паглядзець на музеі: жывапіс ёсць, а керамікі – мала.

Анастасія: У мяне ёсць карціна, дзе выкарыстаныя кераміка і лямец. Спрабавала аддаць у галерэю. Дзяўчына, якая там працуе, сказала, што звяжацца з дырэктарам, вельмі захаплялася. А потым патэлефанавала: маўляў, не, выбачайце, попыту няма. Людзі не бяруць скульптуры, нават акварэль кепска бяруць – збольшага “карціны маслам”. І пра прыроду.

Дар’я: Пры тым што ў Акадэміі мастацтваў ёсць майстры, якія робяць проста неверагодныя рэчы. На міжнародных выставах іх экспануюць – а ў нас ніхто не ведае, акрамя тусоўкі. Таму мы і абралі фестывальны фармат. Бо сустракаюцца да гэтага часу пытанні накшталт “а можна кераміку ў духоўцы абпальваць?..” У Партугаліі, напрыклад, керамікай займаюцца з дзіцячых садкоў. У школах ёсць заняткі, на якія прыязджаюць керамісты, і дзеткі робяць гэтя свае плітачкі… У каго ні спытаешся, усе рабілі.

Анастасія: Я ўвогуле не магу сказаць, што ў Беларусі ёсць нейкая традыцыя. Нават старажытную кераміку ніяк не ўпрыгожвалі, яна абсалютна ўтылітарная. Адсюль і ўяўленне пра кераміку як пра гаршэчкі-збаночкі. Але ганчарства – толькі адзін з яе відаў.

Дар’я: У беларускай кераміцы ўся ўвага ішла на форму. Да стагоддзя ХХ майстры працавалі выключна на гэта. І формы – ідэальныя, чыстая Японія: менш дэкору, больш увагі да абрысаў.

– Вы праводзілі краўд-кампанію. Як склалася? Які досвед?

Анастасія: Першасная сума, якую мы разлічылі, аказалася замалой. У працэсе выдаткі растуць.

Дар’я: Магчыма, варта ставіць меншую суму, каб пасля забраць з лішкам, чым недабраць, як мы. Патрэбны шырокі піяр, двух чалавек аказалася мала.

Анастасія: Я прачыналася – і адразу за камп’ютар. Працую ў студыі, вяртаюся дадому – зноў за камп’ютар. Паела, спаць. І ў такім рэжыме – два месяцы.

Дар’я: Узяць цэглу вогнеўстойлівую: адна цаглінка каштуе каля 1,5 даляры. А іх трэба больш за дзвесце… Мы сэканомілі на рэкламе (усе афішы рабілі самі). А яшчэ сталы самі скалацілі.

– Праца з керамікай прыносіць прыбытак? Рэальна з гэтага жыць?

Дар’я: Я не вельмі добры бізнэсоўца. Але здымаю студыю ў Менску і збольшага жыву са свайго занятку. З керамікай, мне здаецца, прасцей чым, напрыклад, з літаратурай, бо ты робіш прадукт. Падарыць сябру кубак на Дзень народзінаў – ты знойдзеш попыт на гэта.

Анастасія: Я праводжу майстар-класы, і людзі толькі пасля іх пачынаюць разумець кошт керамікі. Пасля для іх 25 рублёў за кубак – нядорага. Людзі разумеюць, колькі часу гэта займае, колькі этапаў трэба прайсці паспяхова (на кожным твой выраб можа проста разваліцца).

Дар’я: Да таго ж, гэта рэчы ад майстра. На фабрыках вытворчасць машынізаваная. У нас няма разумення каштоўнасці ручной працы. Гэты не проста – з душой, гэта штучны прадукт.

– А вы звярталіся да Саюза мастакоў, напрыклад?..

Дар’я: Мы не ведаем, чым яны змогуць дапамагчы. Але, можа, і варта было. Насамрэч, усё даволі пазітыўна. Ёсць кампаніі, якія рэальна дапамагаюць ініцыятывам. Вытворцы фарбаў, будматэрыялаў падтрымліваюць студэнцкія летнікі. Вялікі бізнэс разумее, што спонсарская падтрымка сацыяльных ініцыятываў ім грае на руку. Той жа банк, які збірае работы беларускіх мастакоў….

Анастасія: Мы шукалі спонсараў, але крыху спазніліся: я звярнулася ў “Керамін”, не па грошы, а менавіта па матэрыялы, і мне сказалі, што ўсё было б крута, калі б мы прыйшлі напачатку вясны. Цяпер ведаем.

– Значыць, налета “Дым” адбудзецца?

Дар’я: Мы хочам рабіць яго штогод. І “Культыватар” вельмі хоча. Але двух чалавек усё ж мала для арганізацыі фестывалю.

ЯК АРГАНІЗАВАЦЬ ФЕСТЫВАЛЬ і не толькі:
памятка для працы з мясцовымі ўладамі.

    1. Па дазвол і для супрацоўніцтва звяртайцеся ў мясцовы орган улады, а менавіта ў Аддзел адукацыі, спорту і турызму альбо Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

    2. З прапановай выступайце не як асобны чалавек, але ад грамадскай арганізацыі (“Дым” арганізаваны ад імя “Культыватара”).

    3. Трэба дакладна і максімальна ясна прапісаць праграму мерапрыемства. Галоўнае – каб у ёй не было нічога “страшнага” (т.зв. “палітычнага”).

    4. Пакажыце, што справу вы бераце на сябе. Пры гэтым пакідаеце магчымасць мясцовым уладам зрабіць свой унёсак.

    5. Будзьце гатовыя, што ўнёсак мясцовых уладаў акажацца рэальным. Таксама трэба разумець, што ў вас могуць быць розныя густы, напрыклад, да музыкі.

    6. Дакажыце, што вашая ініцыятыва карысная ім самім (уладам). Напрыклад, яны змогуць залічыць мерапрыемства на свой рахунак у межах дзяржпраграмы (кшталту “Года малой радзімы”).

    7. Дыялог. Як сказала Дар’я, “з людзьмі трэба размаўляць”.

Тэкст і фота: Наста Грышчук

Чытайце таксама:
Барацьба за барока. Як два хлопцы ратуюць унікальную царкву
Слімакі, гарбузы і самасвядомасць. Свята вёскі ў Новым Полі
Наста Кудасава: “Усе мы панаехаўшыя”