Міхаіл Вільчык і Сяргей Асташоў жывуць у Навалукомлі. Час ад часу яны выбіраліся адпачыць у суседнюю Белую Царкву – вёску на беразе Чарэйскага возера. Месца маляўнічае, аздоба пейзажа – руіны Траецкай царквы.

Царква стаіць тут з XVI стагоддзя. Яшчэ Леў Сапега фундаваў храм, які, уласна, і даў назву сучаснай вёсцы. Але самае галоўнае – гэта адзіная ў Беларусі царква, якая захавала рысы ранняга барока. Барочная царква з’явілася на тэрыторыі Княства, калі гэты стыль толькі пачынаў развівацца ў Італіі.

Словам, храм унікальны. А вось лёс яго – тыповы. Пераходзячы з адной канфесіі ў іншую, ён дажыў да 1929 года, калі храм зачынілі, а звон скінулі ў возера. Саму царкву спрабавалі зруйнаваць, але сцены аказаліся занадта трывалымі для тагачаснай тэхнікі. Так царква стала складам, потым – зернясховішчам…

Міхаіл і Сяргей марылі пра тое, як добра было б царкву аднавіць. І аднойчы ад размовы перайшлі да справы: стварылі праект на платформе “Talaka”. Мэту акрэслілі так: “збор сродкаў для захавання помніка жывой гісторыі Беларусі. Прадухіліць поўнае разбурэнне храма”.

Але для таго, каб узяцца непасрэдна за справу, трэба прасйці вялікі “папяровы” шлях. Пра тое, як гэта – ратаваць гістарычную спадчыну, калі ты не дзяржава, – распавядае Міхаіл.

ДАЗВОЛЫ

Спачатку мы даведаліся, што нічога нельга зрабіць без настаяцеля царквы. Нам пашанцавала – Аляксей Шаура, мясцовы святар, пайшоў насустрач, прычым з вялікім энтузіязмам. Цяпер ён у камандзе праекта.

Мы лічылі, што нам патрэбны ўсяго адзін дазвол – уласна на аднаўленне храма. Аказалася, кожны від работ патрабуе ўзгаднення. Кожны крок ператвараецца ў асобны праект.

Высветлілі статус храма. Ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю другой катэгорыі. Гэта “каштоўнасці, якія характарызуюць найбольш адрозныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны ўсёй рэспублікі”.

Самая пільная справа цяпер – атрымаць дазвол у Віцебскай епархіі. Іх дазвол першасны, нават у параўнанні з Міністэртсвам культуры. Мы вельмі спадзяемся, што Віцебская епархія пойдзе насустрач, зразумее, наколькі гэта важна. Пры тым, што нічога больш мы не просім – толькі дазвол.

Міхаіл Вільчык

Сяргей Асташоў

ФІРМА

Фізічная асоба не можа прасіць дазвол на рэстаўрацыю храма. Каб накіраваць запыт у епархію, мы мусім стварыць юрыдычную асобу. Плануем стэлефанавацца з мясцовым аддзелам культуры, пагаварыць з імі. Магчыма, яны згадзяцца стаць той арганізацыяй, у адрас якой епархія б напісала ліст. Калі не, будзем ствараць уласную юрыдычную асобу.

Наш галоўны памагаты і кансультант – фірма “Remmers”. Гэта нямецкая фірма, добра вядомая ў Еўропе. У Беларусі яны працуюць ужо 17 год. Займаюцца будаўнічымі матэрыяламі, рэстаўрацыяй і кансервацыяй помнікаў. Наколькі ведаю, яны рэстаўравалі Мірскі замак. Вядома, яны не зробяць усё затак, але ў цэлым настроеныя вельмі пазітыўна.

ЛЮДЗІ

Я б хацеў захаваць гістарычную каштоўнасць храма і зрабіць яго часткай сучаснага жыцця. Мастацтва цікавіць людзей больш, чым рэлігія. У сувязі з гэтым я ўжо займеў пэўны досвед… Прапанаваў знаёмаму ўвайсці ў праект, той зацікавіўся. Але як толькі я прамовіў слова “царква”, ён сказаў: “Не-не-не, я атэіст!..” І гэты выпадак не адзіны.

Але ж наш праект датычыць культуры, гістарычнай спадчыны. Я ўвогуле не хрысціянін. Па нацыянальнасці – горскі яўрэй. Мая маці з Дагестана, там я і нарадзіўся. Потым пераехалі сюды. Сяргей належыць да праваслаўнай канфесіі, але для яго гэта таксама культурніцкі праект.

На “Талацэ” пазначаная каманда праекта. У яе ўваходзяць людзі, якія адгукнуліся на нашыя просьбы дапамагчы з піярам кампаніі. Напрыклад, Павел Харланчук. А яшчэ Павал Севярынец. Але наш праект ніяк не звязаны з палітыкай. Ён увогуле не абмяжоўваецца нейкімі “слаямі” насельніцтва. Важна разумець, што гэта аднаўленне гісторыі, часткі самой краіны. Праект мусіць аб’яднаць нават тых, хто не сходзіца ў палітычных ці іншых поглядах.

Архітэктар Аляксандр Пінчук дазволіў выкарыстаць свае напрацоўкі, у тым ліку 3D-рэканструкцыю царквы. Дапамог гісторык Антон Астаповіч. Ён нас вярнуў у рэальнасць. Яго парады збольшага песімістычныя, але калі не адступімся ад справы, дапаможа надалей.

Таксама звярталіся да СМІ. Пісаў у мясцовы “Чырвоны прамень”, у “Нашу Ніву”і “Народную Волю”, шмат куды… Адказала толькі журналістка з “Віцебскага кур’ера”.

Графiчная рэканструкцыя Tраецкай царквы. Выгляд на пачатак XX ст. па апошняй перабудове. Фотамантаж – А. Nеvar, арыгiнальнае фота – Сяргей Плыткевіч.


ПРАГНОЗЫ

“Remmers” вызначыў тэрмін у пяць год. То бок, у 2023 годзе Траецкая царква ўжо можа быць адноўленая. Але гэта самы аптымістычны прагноз. Апрача таго нам сказалі, што на раскрутку праекта ёсць паўтара гады. Гэты тэрмін называецца “крывавым шляхам”: калі праз паўтара гады праект не атрымае розгалас, ён згасне без плёну.

На “Талацэ” запушчаны праект, але не ўласна збор сродкаў. Напачатку меліся дзве лічбы: адна вымяралася ў мільёнах долараў і ўключала поўную распрацоўку праекта з усёй дакументацыяй. Другая датычыла канкрэтна работ і будаўнічых матэрыялаў – 150 000 у.а.

Праект на “Талацэ”

Гэтыя 150 тысяч мы і пазначылі адпачатку, але лічба аказалася недакладнай. Як нельга атрымаць адзін дазвол на ўсе работы, гэтак жа нельга падлічыць пэўную суму: мы будзем рухацца паступова, збіраючы сродкі на кожны асобны від работ. Калі атрымаем дазвол ад епархіі, зможам правесці ацэнку і дыягностыку стану аб’екта, гэта значыць, будзем збіраць сродкі на аплату паслугаў ацэншчыка. І гэтак далей, крок за крокам.

Насамрэч, цяпер для нас галоўнае – прыцягнуць увагу грамадскасці да нашага праекта. Каб мага больш людзей даведаліся пра Траецкую царкву. Каб яна не знікла.

Тэкст: Наста Грышчук