Жыгімонт ІІ Аўгуст – кароль Рэчы Паспалітай, на якім скончылася дынастыя Ягелонаў. Сын славутай Боны Сфорцы. Муж не менш славутай Барбары Радзівіл. У гэтых ролях – сын і муж – ён фігуруе найчасцей. Асоба Жыгімонта застаецца ў ценю дзвюх жанчын.
Сёлета спаўняецца 500 гадоў з Дня нараджэння Жыгімонта Аўгуста.
Тэкст чытае Андрусь Такінданг
Быў мамчыным сынком
Жыгімонт Аўгуст быў доўгачаканым дзіцём – першы і адзіны сын караля Жыгімонта Старога. Бона Сфорца вельмі любіла сына і апекавалася ім – нават занадта. Ён атрымаў бліскучую адукацыю, але зусім не зважаў на справы вайсковыя. Прыдворныя лічылі гэта заганай.
У 1538 годзе кароль адправіў Жыгімонта на вайну з туркамі. Юнаку нічога не пагражала: ён знаходзіўся пад наглядам гетмана і вялікай світы. Але хлопец пачаў пісаць маці, як цяжка яму ў паходных умовах, і каралева вярнула сына дадому.
Кароль з дзевяці гадоў
Пасады караля Польшчы і вялікага князя Літвы не перадаваліся па спадчыне – яны былі выбарнымі. Бона, жадаючы ўмацаваць пазіцыі свайго роду, дамаглася каранацыі сына пры жывым каралі-бацьку. Жыгімонту Аўгусту было на той час усяго 9 гадоў.
Але сам Жыгімонт палітыкай не цікавіўся. Пасталеўшы, ён быў заняты паляваннем, дзяўчатамі і танцамі. У адзін з гадоў Жыгімонт правёў на паляванні больш за 200 дзён.
Тройчы жанаты, не меў дзяцей
Жыгімонт быў тройчы жанаты. Першы раз з Эльжбетай з роду Габсубргаў. Яна так і не зацяжарыла, і Бона выслала сына ў Вільню. Самотная Эльжбета захварэла і памерла, а Жыгімонт закруціў раман з Барбарай Радзівіл.
Раман яны не асабліва хавалі. Кароль ладзіў у гонар каханай турніры і маскарады. Выпісваў для яе лебядзей – сімвал рыцарскага кахання. Збудаваў калідор са свайго палацу ў палац Барбары – каб хадзіць на спатканні.
Пасля шматлікіх інтрыг і скандалаў Жыгімонт і Барбара ажаніліся. А пасля каранацыі новай нявесткі Бона Сфорца з’ехала з Кракава ў знак пратэсту. Жыгімонт у адказ пасяліў Барбару ў былы матчын пакой – маўляў, цяпер яна галоўная жанчына ў яго жыцці.
Пасля заўчаснай смерці Барбары Жыгімонт ажаніўся зноў – усяго праз два гады. Трэцяй жонкай стала родная сястра першай – Кацярына. Самога Жыгімонта на вяселнай цырымоніі не было – яго прадстаўляў давераны.
Партрэт Жыгімонта ІІ Аўгуста, 1553 год. Лукас Кранах Малодшы.
Ні каталік, ні пратэстант
Інертнасць Жыгімонта Аўгуста адлюстравалася і ў справах рэлігійных. Бацька Жыгімонта, як і іншыя Ягелоны, быў гарачым каталіком. Маці – італьянка-каталічка. Але двор Боны быў падкрэслена талерантны. Яна сябравала з ерэтыкамі і ставіла на Асветніцтва. Адсюль – памяркоўнае стаўленне Жыгімонта да ўсіх канфесій, якое блытаюць з сімпатыямі да пратэстантаў. Да таго ж, на рэлігійныя погляды Жыгімонта моцна ўплываў духоўнік Боны Франц Лісманіні, прапаведнік Рэфармацыі. Праз яго Жыгімонт пазнаёміўся з творамі Кальвіна.
Заключыў Люблінскую унію
Пры кіраванні Жыгімонта Аўгуста была прынятая Люблінская унія. У 1569 годзе Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў федэрацыю – Рэч Паспалітую. Літоўская шляхта была супраць, але ўсе пратэсты прывялі толькі да горшага: Жыгімонт перадаў Польшы Кіеўшчыну, Валынь і Падляшша, якія раней уваходзілі ў склад Княства. Так у час праўлення Жыгімонта Аўгуста пачаўся заняпад ВКЛ і ўвогуле – чорная паласа ў гісторыі Беларусі.
Глядзіце таксама:
Балет на руінах краіны. Што зрабіў не так Антоній Тызенгаўз?
Герой ці крывавы дыктатар? Першы кароль Літвы Міндоўг
Верталёт на бульбяным полі. Чым запомніўся Пётр Машэраў?