Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС людзі заставаліся ў няведанні. Улады хавалі праўду: “не хочам разводзіць паніку”. Але быў адзін чалавек, які насуперак усяму збіраў інфармацыю, грукаўся ў высокія кабінеты…
Алесь Адамовіч адным з першых узняў у літаратуры тэму Чарнобыльскай катастрофы і яе рэальных маштабаў. Іншай вялікай тэмай Адамовіча была вайна. Яго “Карнікі” і “Хатынская аповесць” сталі асновай для фільма “Ідзі і глядзі” Элема Клімава (1985). Па словах рэжысёра, замежнікаў карціна ўражвала настолькі, што падчас сеансаў каля кінатэатраў дзяжурылі карэты “хуткай дапамогі”.
У суаўтарстве з Даніілам Граніным Алесь Адамовіч выдаў “Блакадную кнігу” – дакументальную хроніку блакаднага Ленінграда. У самім Ленінградзе гэтая кніга была пад забаронай да 1984 года.
Яшчэ адзін дакументальны помнік – кніга “Я з вогненнай вёскі”, якую Алесь Адамовіч збіраў разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Адамовіч стаў пачынальнікам “магнітафоннай літаратуры”, заснаванай на ўспамінах відавочцаў.
На сярэдзіну шасцідзясятых прыйшлося “выгнанне” Адамовіча з Беларусі. Ён змушана з’ехаў у Маскву, выкладаў на Вышэйшых сцэнарных курсах, але і адтуль яго папрасілі: адмовіўся падпісаць ліст супраць Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля. У Мінску Алесь Адамовіч больш за паўгады заставаўся беспрацоўным.
У ноч 26 красавіка 1986 года, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на Каўказ. З першых дзён ён шукаў любую магчымасць прабіць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобыля. У адказ беларускае партыйнае кіраўніцтва зацкавала Адамовіча. У прэсе яго называлі панікёрам і блазнам.
У 1991 годзе, на фоне бурных палітычных падзей, якія Адамовіч не мог абмінуць, ён перажыў першы інфаркт. Праз тры гады, пасля прамовы ў Вярхоўным Судзе Расійскай Федэрацыі, здарыўся другі інфаркт, які Алесь Адамовіч не перажыў.
Тэкст чытае Марына Савіцкая.
Глядзіце таксама:
“Я просты, стомлены жыццём беларус…”: войны і дарогі Васіля Быкава
“Добры сын у вас, Мар’я Сяргееўна”. Пра Міхаіла Пташука
“Клюшка, бубен и утюг”. Як пачынаў Уладзімір Мулявін?