Цяпер Бяроза, а раней – Бяроза-Картузская – вядомая ў нашай гісторыі з 1477 года. Што не замінала расейскім ідэолагам пускаць у народ легенду пра Суворава, які праязджаў праз горад на Ясельдзе, павесіў на бярозе картуз – і нібыта вось так горад займеў сваю назву.

У адказ на чужаземную прапаганду беларусы выдалі свае легенды. У абедзвюх фігуруе зорка свайго часу канцлер ВКЛ Леў Сапега, які знайшоў у бярозавым гаі ці то вялізны крыж, ці то цудадзейную крыніцу. Нам такі расклад падабаецца больш, але і ён – не болей як казка, бо нарадзіўся Сапега толькі ў 1557 годзе.

У сучасную Бярозу мы наведаліся разам з праграмістам Стэфанам Корфам, ён жа – аўтар кнігі “Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага”, якая ўвайшла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі “Дэбют”.

Стэфан сам абіраў маршрут і гісторыі для расповеду. Новы выпуск “Ног у рукі” – традыцыйна асабісты погляд мясцовага чалавека на свой горад, падарожны інсайд, не пабаімся гэтага слова.

ГЛЯДЗІЦЕ Ў ВЫПУСКУ

Ці напраўду ў Бярозе так шмат бяроз? Хто вынішчае гаі вакол горада? Як Бяроза паяднала Леніна і Пікачу? Дзе адбыўся першы выступ гурта :B:N: (Бяз Назвы)? Колькі купалоў цяпер мае царква ХІХ стагоддзя? Дзе шукаць дзеда-геданіста? Што робіцца ў былым Бярозаўскім канцлагеры (“чырвоных казармах”)? Навошта праваслаўнай царкве верталёты і куды яна падзела палову старога парку?

Асобная частка выпуску – гісторыя і сучасны стан славутага картэзіянскага манастыра ў Бярозе, які і даў гораду прыстаўную частку “Картузская” (а не галаўны ўбор нейкага імперскага галаварэза). Паглядзіце, што засталося ад манастырскага возера, батанічнага саду, вялізнага касцёла – і на што хапіла грошай у дзяржаўных “рэканструктараў”.

P.S. Аматараў чакае адмысловы бонус: процістаянне праваслаўя і крышнаізму.

Глядзіце таксама:
Івацэвічы з Валерам Гапеевым
Слонім з Мікітам Пастуховым
Ваўкавыск з Мар’яй Бадзей
і іншыя выпускі праекта ў раздзеле “Ногі ў рукі”