Наш новы герой – пісьменнік Валеры Гапееў. Ён адразу ж сказаў: “Івацэвічы – горад унікальны. Чым?.. А тым, што ў ім няма нічога ўнікальнага”. За гэтым каламбурам, калі казаць сур’ёзна, хаваецца безліч цікавых гісторый. Кожную з іх Валеры Гапееў адкрываў сам, паступова рухаючыся ад няведання да адкрыццяў.

Так, праз гутарку з мясцовай жыхаркай Валеры адкрыў для сябе трагічную гісторыю івацэвіцкага гета. Аказалася, што жвіроўня, адкуль бралі пясок для будаўніцтва берасцейскай шашы, — гэта месца расстрэлу івацэвікіх габрэяў. Дзякуючы неабыякавым гараджанам сёння на месцы трагедыі стаіць памятны знак.

Вядома, ёсць весялейшыя старонкі гісторыі. Напрыклад, камічная сітуацыя з агародамі і парнікамі пасярод горада (і адпаведным водарам). Гісторыя пра Віцька-Марадону – мясцовага прадпрымальніка, які супраць бюракратызму скарыстаў пачуццё гумару. Натхняльныя аповеды пра тое, як ініцыятыва жыхароў Івацэвічаў дала ім вуліцы з годнымі імёнамі Касцюшкі, Танка і Каліноўскага.

Усё ў нашых руках – кажа пісьменнік. Доказы – у гэтым відэа.

Таксама ў выпуску: бібліятэка, кінатэатр “Партызан”, рака Грыўда, бровар, рака Сырамянка, Варшаўскі тракт, палац Юндзілаў, калонія, “Ноч цмока”, лядовы палац, Шыбельная гара (паўстанне Каліноўскага), дуга Струвэ, касцёл, цэнтральная плошча.