Літаратурная гісторыя Васіля Быкава пачалася з канца 1950-х . “Пазней, калі ўжо стаў аўтарам кніжак, у мяне пыталіся: як і чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой ісціне яго навучыць? Мабыць – ніякіх ісцін; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнік. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцці, неяк вызначыцца. Мне ішоў 32-гі год, а ў галоўных адносінах – пошуках свайго месца сярод людзей – я быў пачаткоўцам”.
Месца сярод людзей, якое так пераймала маладога празаіка, знайшлося само. Напачатку гэта было месца парыі, хлопчыка для біцця, на якога закамплексаванае, зашоранае хлуснёй грамадства сыпала ўдар за ўдарам. Пасля публікацыі аповесцяў “Трэцяя ракета”, “Мёртвым не баліць” і асабліва – “Круглянскі мост” – на Быкава пасыпаліся папрокі, затым – непрыхаваныя пагрозы. Дайшло да біцця вокнаў, жучкоў пад канапай і нападаў у цемры.
Васіль Быкаў увогуле не быў аблашчаны лёсам. Дзяцінства ў страшнай галечы (літаральна – басаногае). Юнацтва – з разбітымі марамі: здольны да мастацтва юнак змушаны праз беднасць класці цэглу. І, урэшце, замест размеркавання ва Украіне – вайна. На якой яго двойчы прымалі за нямецкага шпіёна і хацелі расстраляць, двойчы ранілі, аднойчы – спісалі з ліку жывых і нават даслалі бацькам “пахаронку”.
Іншую ролю Быкаў “атрымаў” у 1980-яя. Абаронца мовы. Аўтар прадмовы да знакавага артыкула Зянона Пазняка пра Курапаты. Адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. Журналісты штодня даймалі Быкава просьбамі што-кольвек напісаць ці пракаментаваць, і тыя ж медыі пачалі намякаць, што Быкаў мог бы стаць лідарам нацыі.
Вось тады, маючыся расставіць кропкі над “і”, Васіль Быкаў напіша: “Я не лідар і не “сумленне нацыі”. Я просты, стомлены жыццём беларус, які мае толькі адну мэту – застацца сумленным”.
Выпуск падрыхтаваны паводле аўтабіяграфіі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.
Тэкст чытае Юры Усціновіч.
Глядзіце таксама: