Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка стаў нацыянальным героем у трох краінах: Беларусі, Польшчы і ЗША. Беларусь і Польшча на той час складалі Рэч Паспалітую, якую паступова раздзіралі на кавалкі суседнія імперыі, Расія і Прусія. Супраць іх Тадэвуш Касцюшка і падняў паўстанне ў 1794 годзе. У Злучаных Штатах Тадэвуш таксама адзначыўся як удзельнік вайны за незалежнасць.
У кадэцкім корпусе ён меў мянушку Швед – за гарачы нораў, як у шведскага караля Карла ХІІ.
За сем гадоў вайны ў Штатах Касцюшка бываў у баі лічаныя разы, а паранены быў толькі раз – штыком у ягадзіцу.
Дзякуючы абарончай стратэгіі Касцюшкі амерыканскія войскі спынілі наступ брытанцаў на Філадэльфію і выйгралі бітву пад Саратогай – гэта змяніла ход вайны на карысць Штатаў.
Амерыканцы не маглі вымавіць яго прозвішча: называлі Касецкім, месье Касці і нават Касчо.
За службу ў Штатах Касцюшка атрымаў 12 тысяч даляраў і 500 акраў зямлі (гэта больш за 200 гектараў; тыповая дача ў Беларусі складае палову гектара). А вярнуўшыся дадому, жыў у маленькім маёнтку, дзе разводзіў качак і вырабляў сыры.
Напалеон заклікаў Касцюшку далучыцца да ягонай амбітнай кампаніі, але той адмовіўся. Напалеон пакрыўдзіўся і абазваў Касцюшку “дурнем, які пераацэньвае свой уплыў”, хоць да гэтага лічыў яго “правадыром поўначы”.
Выпуск падрыхтаваны паводле тэксту з часопіса “Наша гісторыя”. На часопіс можна падпісацца або купляць у кіёсках і кнігарнях.
Тэкст чытае Юры Усціновіч.
Глядзіце таксама:
Складаныя партыі графа Агінскага
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну”. Тадэвуш Рэйтан
Мужыцкая праўда Кастуся Каліноўскага