Ганна Цюндзявіцкая – аўтарка сапраўднага бестселера ХІХ стагоддзя. Кніга “Літоўская гаспадыня” дапамагла сотням беларускіх сем’яў пасля вайны 1812 года, ва ўмовах эканамічнага крызісу, як сказалі б мы цяпер. Але кніга выйшла ананімна, імя аўтаркі адкрылася толькі ў нашыя часы, і пасёння мы ведаем пра Ганну не так шмат.

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Ганна паходзіла з роду Прушынскіх і нарадзілася 18 ліпеня 1803 года ў Каралішчавічах. Бацька Ганны, Міхал Прушынскі, быў мінскі падкаморы; маці – Тэкля з Валянскіх. Адукацыю Ганна атрымала дома і ў пансіянаце Дэйблаў у Вільні.

У 23 гады яе выдалі замуж за шляхціча з Барысава Юзафа Цюндзявіцкага. Павянчаліся ў Заслаўі, а жылі ў Кішчынай Слабадзе за 80 км ад Мінска. У сям’і было шасцёра дзяцей: два сыны і чатыры дачкі. У доме Цюндзявіцкіх часта прымалі гасцей, у тым ліку паэта Антонія Адынца і першага беларускага археолага Яўстафія Тышкевіча.

“Літоўская гаспадыня” выйшла ў Вільні ў 1848 годзе. У кнізе 16 раздзелаў; усяго 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў, інгрэдыенты да якіх лёгка знайсці ў вёсцы ці на местачковым кірмашы; ёсць раздзелы пра касметыку і выхаванне слуг. Ведала Ганна, як фаршыраваць галовы парсюкоў, каб яны ўпрыгожвалі стол. Умела рабіць парашок з баравікоў, ракавае масла і настойваць “наліўку для дам”; надаваць свежы выгляд засохлай вяндліне і надоўга засольваць рыбу.

Заўважна, што пісала Ганна не для багатых людзей. Многія сем’і зведалі матэрыяльныя цяжкасці пасля Напалеонаўскіх войнаў. Ганне было дзевяць, калі яна назірала, як бацькі ратуюць маёнтак ад галечы. Многія іх суседзі сталі банкрутамі. Фамільныя рэліквіі траплялі ў ламбарды. Але сям’я Прушынскіх выстаяла: адмовілася ад паслуг аканомаў і сама сачыла за гаспадаркай.

Пасля “Гаспадыні…” Ганна Цюндзявіцкая паспела ўкласці “Гаспадарчы штогоднік” і напісаць кнігу пра лячэнне сялян, а ў 1850 годзе нечакана памерла. Яе пахавалі ў фамільным склепе, які перастаў існаваць пасля паўстання Кастуся Каліноўскага.

Сапраўднае аўтарства “Літоўскай гаспадыні” раскрыў даследчык Адам Мальдзіс. Сапраўднае – бо доўгі час аўтаркай лічылася Вінцэнта Завадская, жонка выдаўца славутай кнігі.

Мальдзіс даведаўся пра Ганну Цюндзявіцкую з артыкула Антона Ельскага “Постаці польскіх жанчын з-над Нёмана, Дняпра і Дзвіны” 1906 года. Ельскі пісаў, што Ганна “вызначалася рэдкай патрыярхальнасцю звычаяў. Яна была шчыра адданая сваёй сям’і; дом быў адкрыты для ўсіх. Тут, нягледзячы на самую простую абстаноўку, квітнелі заможнасць, гасціннасць і ўзорны парадак”. Дзень пачынаўся супольнай малітвай; калі на свята не мог прыехаць святар, Ганна сама кіравала малітвай і прамаўляла да сялян.

Што цікава, да гісторыі “Літоўскай гаспадыні” прыклаў руку Уладзімір Караткевіч. Адам Мальдзіс паказаў яму сваю знаходку – арыгінальнае польскамоўнае выданне кнігі. “Зацягваючыся беламорынай, Караткевіч доўга гартаў пажаўцелыя ад часу старонкі, потым нешта выпісваў. Асабліва, памятаецца, спадабаўся яму рэцэпт лікёра з крываўнікам, блакітнага па колеры”. Караткевіч сказаў, што кнігу абавязкова трэба перакласці на беларускую мову і пацікавіцца, хто яе напісаў: “Трэба было б сказаць колькі добрых слоў пра аўтарку, а мы нават прозвішча яе не ведаем… Так што шукай у сваіх архівах!”

І Мальдзіс адшукаў.



Падпісвайцеся на наш канал!

Глядзіце таксама:
“Электрычны чалавек” з Наднёмана. Якуб Наркевіч-Ёдка.
Караль “Пане Каханку” Радзівіл. “Смехатворныя ўчынкі, жарсці і зверствы”