На працы Раман Плавінскі малюе 3D-графіку для мабільных гульняў. А ў вольны час стварае магію: дзівосныя работы пра нязнаную, міфічную Бедарусь. Страшна прыцягальную, на дзіва знаёмую. Тут жывуць чараўнікі і лясныя духі, багі і волаты – і дзяўчаты з магнетычнымі позіркамі.
Свае работы Раман выкладае ў сацсетках. Дарэчы, вокладку №3 “Нашай Гісторыі” таксама маляваў ён. Ад фотасесіі мастак адмовіўся, але пра сябе і свае погляды на свет распавёў:

“Вальтэр Скот стварыў вобраз старой Англіі: з зялёнымі дубровамі, замкамі, рыцарамі, ледзі… Шаўчэнка і Гогаль саткалі вобраз Украіны – з казакамі і “дівчинамі”, з песнямі і цішынёю начнога стэпу. Генрых Ібсэн збудаваў сваю Нарвегію, у гарах якой жывуць тролі, і кіруе імі Горны Кароль. Мяне цікавіць такое “дэміургства”. І я хачу стварыць вобраз Беларусі. З заімшэлымі дрэвамі, язычніцкімі містэрыямі, з балотамі, якія зіхацяць чырванню кветак…”.

“Па адукацыі я сацыёлаг, але стаў мастаком. У дзяцінстве хацеў быць пісьменнікам. Пісаў прымітыўнае фэнтазі, не звязанае з Беларуссю, – вікінгі, Асгард, валькірыі… Нічога так і не апублікаваў. Маляваннем займаўся з дзяцінства, але рэгулярна стаў маляваць гадоў сем таму. Малюю не на паперы ці палатне, а на графічным планшэце. Увогуле люблю ўсё лічбавае, электроннае. Яно вабіць мёртвай прыгажосцю”.

“Што мяне натхняе? Акрамя беларускіх казак, песень і легенд – творы братоў Грым, Андэрсэна, Урсулы ле Гуін, Дж. Р.Р. Толкіна, рознае анімэ, цыкл кніг пра Гары Потэра (да слова, мае любімыя персанажы – Рымус Люпін, Нэвіл Даўгапупс і Палумна Лаўгуд: вабяць тыя, каго не прымае грамадства). Камп’ютарныя гульні вельмі люблю, але ніколі ў іх не гуляю, толькі гляджу лэтсплэі. Сярод беларускіх мастакоў падабаюцца Алена Лось, Павел Татарнікаў, Марыя Каратаева, Мікалай Селяшчук. Нашым мастакам увогуле бракуе піяру, многія заслугоўваюць большай вядомасці, чым маюць”.

“Шмат мультфільмаў знята паводле старажытнагрэцкай міфалогіі: прыгоды Геракла, Персея, пра багоў Алімпа… Але ж гэта не прапаганда язычніцтва. Гэта акт выключна мастацкі. І мая цікаўнасць да рэлігій мастацкая. Падабаецца і дзэн-будызм, і старажытнагрэцкі, старажытнаегіпецкі політэізм. Магчыма, ёсць нешта, што мы называем Богам, Звышрозум, але немагчыма даказаць яго прысутнасць альбо адсутнасць. Постаць Хрыста мне сімпатычная ў сэнсе агульначалавечым. Я агностык, але, магчыма, з узростам стану набожным, адчуваю такую інтэнцыю”.

“Расію паважаю, як і ўсе краіны ў прынцыпе, выступаю супраць русафобіі. Але Беларусь мае быць незалежнай і беларускай, гэта аксіёма. Я знаёмы з многімі расіянамі, якія ставяцца да нашай мовы з цікавасцю і сімпатыяй. Беларусафоба сустрэў толькі аднойчы, і тое анлайн. Адразу забаніў.
У цэлым Беларусь пачынае прыемна здзіўляць. Кажуць, што мы раз’яднаныя, у кожнага “хата з краю”. А тут раз! – і краўдфандынгі збіраюць вялікія сумы, помнік Касцюшку ставяць талакой. У беларусаў няма аўтарытэтаў? Раз! – і з’яўляюцца харызматычныя Глеб Лабадзенка, Андрэй Кім, Павел Белавус”.

“Беларускі кінематограф распраўляе плечы. Экранізуюць “Радзіва Прудок” Горвата, з’явіліся фільмы “Заклятыя скарбы”, “Возера радасці”, “Народныя мсціўцы”, “ГараШ”, “Хрусталь”… Мне падаецца, сёння ў Беларусі варта быць не столькі барацьбітам, колькі дэміургам. Будаваць новую Беларусь – больш беларускую, добрую, міласэрную, прагрэсіўную. Яна павінна вырасці з сённяшняй Беларусі – больш архаічнай, зачыненай – і замяніць яе. “ГараШ” Курэйчыка, зняты ў 2014 годзе, паказаў безнадзейнасць і знявер, які панаваў тады: галоўны герой здаўся, зламаўся, стаў “як усе”. А вось “Хрусталь” Дар’і Жук зняты ў 2018 годзе, і тут праблісквае надзея. Рэжысёрка паказвае: ёсць запыт на перамены, на іншую Беларусь”.

“Мае погляды на жыццё? Здаецца, ліберальныя. Асцерагаюся, праўда, што з узростам стану кансерватарам. У цэлым лаяльна стаўлюся да фемінізму, да эгалітарнай сям’і, падтрымліваю закон супраць хатняга гвалту”.

“Зараз Беларусі катастрафічна не хапае беларускага кантэнту. Мультфільмаў, дзе Вітаўт б’ецца з крыжакамі-зомбі. Коміксаў, дзе Купала і Колас шукаюць папараць-кветку. Камп’ютарных гульняў, дзе Францыск Скарына скача, быццам Марыё, па стопках кніг і збірае лятучыя літары разборнага шрыфту”.

“Хацелася б зняць фільм па матывах народнай казкі “Тром сын безыменны”. Японцы ў 1980-я гады здымалі вельмі амбітнае анімэ – жорсткае, крывавае, відовішчнае – па матывах сваіх казак і легенд. Магчыма, этнахорар, этнабаевік – тое, з чым мы праб’емся на сусветны кінарынак. У нас шмат цікавых казак і жудасных персанажаў. Напрыклад, баба, якая дыхала агнём на сто вёрст (казка “Маці і сын”). Ці Дзед-Шкурапет (беларускі цыклоп з казкі “Дзікі Бурма”)”.

“Вельмі шмат людзей за сотні год уклаліся ў беларушчыну. Гэта не можа пайсці марна. Усё ў нас атрымаецца”.