На пытанні пра беларусаў, Беларусь і мову адказвае мастачка Алеся Іса (яна ж – праўнучка паэта Аркадзя Куляшова).

“Я нядаўна была дужа здзіўленая: нейкая кабета пакінула гаманец, і ніхто яго не ўзяў, і адразу ж пачалі крычаць на ўсю вуліцу: хто пакінуў гаманец?.. Калі ў Барселоне нешта згубіш, як я губляла, праз секунду рэчы ўжо не будзе”.

“Беларусы дужа ўмеюць сябраваць. Калі ты некаму патэлефануеш уначы і скажаш, што табе сумна і ты хочаш прыйсці ў госці, табе наўрад ці адмовяць. Магчыма, дрэнна пра цябе падумаюць, але не адмовяць”.

“Агульны клімат такі, што ты павінны быць хаця б мінімальна, але нечым незадаволены. Таму што іначай і пагутарыць няма пра што. Калі спякотна – чаму спякотна? Калі зімна – чаму зімна? Мала грошай. Кепскі муж. Кепская краіна… Хаця, магчыма, чалавек у прынцыпе схільны быць нечым незадаволены”.

“У нас спецыфічны мікракосмас. Еўропа? Не Еўропа. Расія? Тым больш не Расія. Азія? Ну гэта ўжо зусім… Вось нядаўна давялося распавядаць пра беларускія традыцыі хлопцу з Турцыі. Яго захапіла Купалле, ён пасля ўвесь дзень хадзіў: “Гэта ж трэба! Вянкі! І ў ваду! І потым за вянкамі! І потым жаніцца можна! Трэба ў Турцыі такое прыжыць”. Яшчэ мне спадабаўся адказ аднаго італьянца: а, гэта краіна без гор… Замежнікі схільныя да міфалагізацыі Беларусі”.

“Калі я пачынала размаўляць па-беларуску ў 2007 годзе, на мяне так глядзелі… Калгасніца? Здаецца, не калгасніца. А чаму ты размаўляеш па-беларуску? Ты што, расейскай мовы не ведаеш? Ты нацыяналістка? Апазіцыянер, во!.. Зараз, што мне вельмі прыемна, беларуская мова робіцца натуральнай з’явай”.