Па лясах, палях і вёсках Беларусі раскіданыя артэфакты Першай сусветнай вайны. Сто гадоў таму іх было каля трох тысяч. Пасля вынішчэння ў савецкі час засталося менш за палову. Іх ніхто не абараняе, акрамя рэдкіх энтузіястаў, і тое – з пераменным поспехам. Для большасці гэтыя артэфакты – кавалкі бетону, парослыя мохам, урослыя ў зямлю.

Мы кажам пра ДАКі – доўгатэрміновыя агнявыя кропкі, якія збудавалі на тэрыторыі Беларусі нямецкія войскі ў 1916 – 1917 гадах.

МАТЭРЫЯ ПАМЯЦІ. ДОСВЕД ГЕРМАНІІ

У лістападзе наш журналіст наведаў Ваенна-гістарычны музей узброеных сіл Германіі ў Дрэздэне (у межах адукацыйнай паездкі для журналістаў з Беларусі і Украіны, арганізаванай Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау (IBB)). У адрозненне ад музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, музей у Дрэздэне распавядае не пра слаўныя перамогі, але пра вайну як феномен, у тым ліку пра ейны пачварны бок. Асабліва даходлівы “экспанат” – калонка, якая вылучае “пах Першай сусветнай вайны”: літаральна пах зямлі і смерці – акопаў і непрыбраных з поля бою трупаў.

Як распавёў супрацоўнік музея Енс Вэнэр, сёння для немцаў мае большае значэнне Другая сусветная вайна. Першая сусветная на многія дзесяцігоддзі была забытая. “Толькі на 90-годдзе з Дня сканчэння вайны пра яе згадалі. Хаця Другую сусветную нельга растлумачыць без аналізаў Першай – яе называюць “папярэдніцай катастрофы ХХ стагоддзя”. У нашым музеі сусветныя войны паказаныя побач, у адзінай канцэпцыі”.

http://www.mhmbw.de/

Экспазіцыя пабудаваная на выкарыстанні аўтэнтычных матэрыяльных аб’ектаў: ад цацачных армій да сярэднявечных гармат. Новыя гістарычныя даследаванні – не толькі ў Германіі, увогуле ў свеце – выказваюць вялікую цікаўнасць да матэрыяльнасці, так званай “Thing theory” (гісторыя рэчаў). У кантэксце Першай сусветнай вайны папулярная тэма – акопнае жыццё.

Ва ўсёй Германіі не існуе музея, цалкам прысвечанага Першай сусветнай вайне. Аднак на погляд Енса Вэнэра, памяць пра вайну павінна абапірацца на дэманстрацыю яе матэрыяльнай спадчыны.

ПЕРАДГІСТОРЫЯ. ЯК ІХ ЗНІШЧАЛІ

Нямецкія ДАКі Першай сусветнай вайны ў Беларусі Валер Міцкевіч даследуе з 1985 года. За гэты час ён сабраў матэрыялаў на сем кніг. Пакуль апублікаваныя дзве: “Пазіцыі германскіх дывізій у Беларусі. Сектар Вішнева – Крэва” і “Пазіцыі германскіх дывізій у Беларусі. Cектар Сэрвач – Вішнева”.

Разам з Валерам мы паехалі ў Смаргонскі раён – паглядзець ацалелыя ДАКі.

“У кастрычніку 1915 года, пасля няўдалай спробы Свянцянскага прарыву, стала відавочна: лёс Першай сусветнай вайны будзе вырашацца на палях Францыі і Бельгіі. Германскія войскі перайшлі да пазіцыйнай абароны ад Рыгі на поўначы да Хоціна на поўдні, – тлумачыць Валер. – Тактыка “акопнай вайны” змусіла абодва бакі распачаць будаўніцтва сховішчаў, арсенальных, назіральных і агнявых збудаванняў. Лінія, па якой размясціліся ДАКі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, праходзіла ад возера Дрысвяты на Поўначы, праз Нарачанскі край, Смаргоншчыну, Валожынскі, Іўеўскі і Карэліцкі раёны, Баранавічы, Ляхавічы і Піншчыну”.

Па падліках Валера, у Беларусі было каля 3 000 такіх ДАКаў. На сёння захавалася каля 40%. Астатнія знішчылі ў савецкі час, збольшага ў 1960-70 гады. Найперш размова ідзе пра снарады, знойдзеныя на палёх падчас сяльгасработ, напрыклад; іх падрывалі ў ДАКах.

У раёне вёсак Сталовічы, Арабаўшчына і Калдычова (Баранавіцкі раён) ДАКі вынішчалі мэтанакіравана: як нямецкія 1916 – 1917 гадоў, так і польскія 1932 – 1935 гадоў. Чаму – невядома. Аналагічны лёс напаткаў нямецкія могілкі ў навакольных вёсках.

“Нельга сказаць, што такое вынішчэнне было сістэмным. Але гэта і не адзінкавы выпадак. У Валожынскім раёне давялося бачыць, як побач з бункерам выкапалі вялізны катлаван, два трактары сапхнулі ў яго ДАК і засыпалі.”


КРОПКА №1. КААРДЫНАТЫ: 54.463, 26.369

Першы аб’ект знаходзіцца на самай мяжы супрацьстаяння паміж нямецкімі і расійскімі войскамі, на поўдзень ад Смаргоні. Гэты сектар абаранялі жаўнеры 14-й ландвернай нямецкай дывізіі.

З бункераў такога тыпу вялі назіранне. Па самыя амбразуры ДАК быў засыпаны зямлёй. У адсеку для назіранняў змяшчаўся адзін чалавек. Унутры самога бункера маглі знаходзіцца да 12 чалавек.

ДАКі ў час Першай сусветнай вайны будавалі сапёрныя батальёны, якія мелі адпаведнае абсталяванне. Паводле тэхналогіі пабудовы былі двух тыпаў: заліўныя з бетону і складзеныя з блокаў. Збольшага блочныя канструкцыі знаходзіліся ў Іўеўскім раёне; амаль усе яны разабраныя мясцовымі жыхарамі на фундаменты для жытла.

На перадавой ДАКі залівалі паслойна; часта працы вяліся “пад агнём”расійскай артылерыі. Такім чынам, будаўніцтва магло ісці і дзень, і два, і тыдзень. Калі слаі заліваліся ў розныя дні, як у гэтым выпадку, бетон атрымліваўся не лепшай якасці. Нягледзячы на гэта, ДАК захаваўся ў неблагім стане.

“У 1916 годзе ў Германіі выдалі метадычную распрацоўку ў будаўніцтве палявой фартыфікацыі – “Stellungsbau. Vortschriften fur den Stellungskrieg fur alle Waffen”. Аднак уніфікаваць абарончыя пабудовы ўздоўж усёй лініі абароны не атрымалася. Толькі сховішчы і арсеналы будавалі практычна аднолькавыя, больш складаныя аб’екты – паводле індывідуальных праектаў. Назіральны пункт, які мы бачым, уласцівы толькі для Смаргонскага раёна”.

У бункер можна спусціцца. За сто гадоў тут нічога не змянілася, за выключэннем таго, што людзі ператварылі яго ў сметнік.

КРОПКА №2. КААРДЫНАТЫ: 54.454, 26.356

Такі ДАК адзін на ўсю Беларусь. “У нейкім сэнсе гэта рудымент – пабудова ўзору другой паловы ХІХ стагоддзя, магчыма, эксперыментальны варыянт, – кажа Валер. – Аналагічных яму ў нас няма”.

Правае крыло ДАКа ўзарванае. Але і тое, што засталося, выглядае вельмі каларытна. “Калі не будзе мэтанакіравана праводзіцца знішчэнне гэтай спадчыны, бункеры прастаяць не тое што дзясяткі, але сотню-другую гадоў”.


На гэтай тэрыторыі стаяў 10-ы ландверны полк з Сілезіі. Ён трымаў абарону з канца 1915-га да пачатку 1918-га года ад вёскі Васілевічы да самай Смаргоні (2,5 км). Яму супрацьстаялі тры палкі расійскай імператарскай арміі: 254, 255 і 257 палкі (Мікалеўскі, Анкерманскі і Еўпатарыйскі).

Такія суадносіны (1:3) былі звыклыя для 1916 – 1917 гадоў па ўсім Усходнім фронце. Немцы не наступалі – адпаведна, расійскія войскі не абараняліся. “Кто под Сморгонями бывал, тот войны не видал”, – выраз тых часоў, кажа Валер. Захаваўся здымак часоў Першай сусветнай вайны: вёска Гавенавічы (за 2 км ад ДАКа), нямецкае пахаванне чалавек на 30. За 3 км на паўночны захад ад нашых каардынатаў – яшчэ адны могілкі, на якіх, па старых фотаздымках, можна налічыць да 60 нямецкіх магіл. Атрымліваецца, 10-ы ландверны полк згубіў за 810 дзён вайны не больш за сто чалавек. Трэба ўлічыць, што сярод іх, у тым ліку, – ахвяры дызентэрыі, іншых хваробаў.

Фота з асабістага архіву Валера Міцкевіча

На думку Валера Міцкевіча, подзівігі расійскай арміі пад Смаргонню моцна перабольшаныя. “Так, былі спробы прарваць нямецкую абарону. Згадаем вядомы наступ у ліпені 1917-га пад Крэвам, у якім удзельнічаў жаночы батальён Бачкаровай. Загінула вялікая колькасць жаўнераў з абодвух бакоў, расійская артылерыя зруйнавала Крэўскі замак, але гэтая вылазка нічога не дала”.

Унікальны ДАК захоўваецца ў добрым стане, усталяваны інфармацыйны стэнд – заслуга валанцёраў з Мінску і Смаргоні.

КРОПКА №3. КААРДЫНАТЫ: 54.439, 26.360

Трэці ДАК – штабны бункер. Унутры бачныя надпісы гатычным шрыфтам. “Немцы даволі сентыментальная нацыя; магчыма, гэта словы малітвы, а можа, радкі з якой-небудзь оперы Вагнера…” – разважае Валер. Пры жаданні надпісы яшчэ можна расшыфраваць і перакласці.
Знутры муры ДАКа атынкаваныя. Захаваліся парэшткі роспісу: падобна, на сцяне было намаляванае акно з відам на марскі пляж. Зразумела, у такіх умовах, з ацяпленнем і намёкам на ўтульнасць, жылі афіцэры. На падлозе ляжаць аскепкі чырвонай кафлі з арнаментам.


Бункераў падобнага тыпу ў ваколіцах з дзясятак. У некаторых таксама ёсць надпісы.

Наастачу мы заехалі ў вёску Гавуці, дзе захаваўся абеліск – помнік нямецкім ахвярам Першай сусветнай вайны. Людзі, пахаваныя тут, загінулі ў 1916 – 1917 гадах, аднак абеліск паказвае год 1914. Крыж – нямецкі “мальтыйскі” – абламаны.

У Гавуцях мы выпадкова заўважылі яшчэ адзін ДАК: ён стаяў проста ў жылым двары, пры вясковай хаце; да самога ДАКа “прыляпілася” гаспадарчая пабудова. Цікава, што фартыфікацыі Першай сусветнай вайны не выкарыстоўваліся ў час Другой сусветнай у ваенных мэтах. Але ратавалі мясцовых жыхароў: у іх хаваліся падчас нямецкіх авіяналётаў; людзі са спаленых вёсак маглі гадамі жыць у такіх бункерах. Потым гэтую “нямецкую спадчыну” выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах (прыклад мы і ўбачылі ў Гавуцях).


Валер Міцкевіч упэўнены, што ДАКі Першай сусветнай вайны знішчаць нельга. Яны мусяць быць абароненыя дзяржавай як артэфакты гісторыі. Іх можна ператварыць у турыстычныя копмлексы, скласці тэматычны маршрут: “Гэта нармальны падыход да любога помніка, ці ён з ХVI стагоддзя, ці з ХХ-га”. Тым больш што расце як інтарэс да матэрыяльнай гістарычнай спадчыны, так і да перыяду Першай сусветнай вайны.


Тэкст: Наста Грышчук
Фота і відэа: Генадзь Заяц