Ялінка аздоблена цукеркамі, пазалочанымі арэхамі, картанажамі і шклянымі цацкамі. Мая любімая – заснежаны домік з жоўтым святлом у вокнах. На галінах весела зіхаціць гірлянда. А над усім гэтым блішчыць бэтлеемская зорка.
Пад ялінкай гурбой складзены падарункі: каробкі, скрыначкі, мяккія пакункі. Давайце жа разгарнем іх разам! Можа гэта падштурхне вас да ідэі, як парадаваць блізкіх на святы?

1. На першым пакунку ляжыць канверт з надпісам “Уключы мяне”. У ім флэшка. Карыстаемся парадай.
“Вясёлых калядных святаў – ад Дубліна да Дрысвятаў!” Цудоўная музыка ў выкананні Алеся Чумакова і Таццяны Ячнай стварае адпаведны настрой!
Пакунак, на якім ляжала флэшка, мяккі на вобмацак і мае прыемны водар. Здаецца, я здагадваюся адкуль ён.

Этнакрама “Рагна” – самае утульнае месца ў Мінску. Тут засяроджана ўсё самае душэўнае і мілае сэрцу беларуса: упрыгожанні з сапраўднымі раслінамі, гліняны посуд, торбы з народнымі матывамі, копіі падвесак, знойдзеных ў курганах, каваныя вырабы. Нават жырандоль у выглядзе традыцыйнага павука ёсць! Да Калядаў майстры падрыхтавалі світшот “Каза”, світшоты і цішоткі “Каляднікі”, распісаныя драўляныя і мяккія цацкі на ялінку. Дарэчы, флэшку з сусветна вядомымі калядкамі па-беларуску там таксама можна купіць.

2. Наступны падарунак складзены ў скрыню. Яна не вельмі вялікая і мне цяжка зразумець, што ўнутры. Але прадчуваю, што нешта добрае…
Не памылілася. Стос разнастайных, прыгожых паштовак (ведаю, што ў mmkut.by яны яшчэ і самыя танныя) і драўляныя цацкі ў выглядзе сняжынак, савы, аленя.
Пачакайце, калі ласка, павешу на ялінку.

О, якія тут забаўныя мяккія цацкі! Яны дакладна спадабаюцца вашым малым.

3. Вялікі палатняны мех, з якога з дзіцячай радасцю выцягваю калядныя боцікі, калядны набор са свечкай, паштоўкі.
Калі вы шукаеце рэчы з хрысціянскім зместам, якія нагадаюць пра першапачатковы сэнс Раства, то вам безумоўна трэба зазірнуць на сайт kroplia.by.

4. Канверт з сургучнай пячаткай. Нейкае чараўніцтва! Калі падношу яго да вуха, чую крыкі і гоман, удары па кавалдзе.
Аддаляю – усё сціхае. Ад паперы пахне дымам і хлебам. Што б гэта магло быць?

У канверце быў сертыфікат у сядзібу “Стары Менск” на 50 рублёў. З ім вы можаце паблукаць па старажытным Менску, паабедаць і купіць сувеніры. Хто не хацеў ажыццявіць вандроўку ў мінулае?

5. Трошкі зменім геаграфію. Тут у мяне пасылка з гродненскім адрасам.
Безумоўна, гэта cudounia.by. Атрымала славутую гарадзенскую гарбату і мёд да яе.

Магу сказаць, што інтэрнэт-крама “Цудоўня” вельмі адметная. Тавары часам больш нагадваюць арт-аб’екты, чым функцыянальныя рэчы, настолькі па-майстэрску і своеасабліва яны зроблены. Вы можаце набыць незвычайнай формы посуд, мілыя шкарпэткі і нават ліштву! (па падрабязнасці сюды).

А калі ў вашай сям’і расце падлетак, то можна сабраць цудоўны калядны набор з двух кніг – “Хронікі Нарніі” і “Роня, дачка разбойніка”.
Гэта яшчэ таму варта зрабіць, што ўладальнік крамы прапануе акцыю – 20 % зніжкі на наступную кнігу за водгук аб купленай кнізе.

6. Два пакункі, адзін з іх загорнуты ў вясёленькую каляровую паперу.
Першы – з выдавецтва “Янушкевіч”. Там тры часткі Гары Потэра па-беларуску! Цяпер іх можна набыць, дзякуючы каляднаму распродажу з вялікай зніжкай. Апрача гэтага ёсць “Снежная сястра” Маі Лундэ, “Айчына: маляўнічая гісторыя”. Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнкава, “Гарэзлівы пацалунак” Елены Вайтоўскай.

7. А ў другім пакунку, з блакітнай паперай, кнігі шведскіх дзіцячых пісьменнікаў з выдавецтва “Koska,”. Цяпер “Кніжная шафа” прапануе паслугу: яны дапамогуць вам падабраць падарунак і прыгожа яго аформяць. А вы тым часам можаце спакойна выпіць кавы.

8. Каробка з празрыстымі сценкамі, ад якой духменіць водарам. Бачу калядны падарункавы набор гарбаты, а яшчэ рэчы, якія больш нідзе не знайсці, як на сайце prastora.by – шляхетнае мыла вытворчасці “Karali” і аўдыёспектакль “Вечаровая быль” паводле казкі Ханса Хрысціяна Андэрсана. І многа іншых цікавостак.

Спяшайцеся! Раство блізка!

Вясёлых святаў!

Кацярына Парыжаская