“Анкета падарожніка” – спецпраект Haroshak.by, прысвечаны людзям, якія вандруюць па Беларусі. Сёння нашая гераіня – Марына Фіронава, якая не баіцца падарожжаў з малым дзіцём, вядзе блог у Instagram і ведае, якім падступным можа быць рапсавае поле.

Хто: Марына Фіронава.
31 год, жыву ў Мінску, зараз у дэкрэце, да яго працавала вядучым спецыялістам па эфектыўнасці вытворчасці. Вандрую разам з мужам і сынам. Цікаўлюся беларускімі традыцыямі: удзельнічаю ў абрадавых святах, наведваю фольк-фэсты. Вышываю народныя строі.

Тут і далей – фота з асабістага архіву гераіні

Стаж: 2 гады, 50 раёнаў.
Першае наша падарожжа было з Мінска на Берасцейшчыну: наведалі сядзібу Лашкевічаў, пункт геадэзічнай дугі Струвэ пад Івацэвічамі, палац Радзівілаў у Дзятлаве, Сапегаў у Ружанах, Пуслоўскіх у Косаве. І, галоўнае, зразумелі, што вандраваць з малым дзіцём – рэальна! У першым падарожжы сыну было 8 месяцаў.

Было даволі страшна: як будзе пачувацца дзіцёнак, які правядзе шмат гадзін у аўталюльцы? З іншага боку, ужо мелі досвед паездак: на той час мы жылі ў Шклове і даволі часта наведваліся ў Магілёў і Мінск. Таму проста ўзялі з сабой усё, што можа спатрэбіцца, і паехалі. Зараз магу сказаць, што ў першыя падарожжы мы вазілі з сабой вельмі шмат непатрэбных рэчаў (паўкватэры, як кажа муж).

Сфера цікаўнасцяў: закінутыя сядзібы.
Наша любоў – закінутыя сядзібы; таксама не абмінем крыніцу ці валун, цікавяць і храмы з выбітнай архітэктурай – галоўнае, каб месца мела гісторыю і несла ў сабе энергетыку. Цікава разглядаць тое, што засталося, і уяўляць, як раней жылі людзі. Цікава, што здарылася з гаспадарамі, які лёс напаткаў сядзібу. Гэтыя ўражанні падмацоўваюцца сумам ад таго, што будынак не выкарыстоўваецца, – і ў выніку маеш кактэйль эмоцый, якія пакідаюць глыбокі след у памяці.



Стыль: вандруем на аўто.
Наш белы конь вязе нас у любыя месцы, праз палі і лясы. А каб вандраваць было яшчэ прыемней, упрыгожылі аўто беларускім арнаментам!

Калі падарожнічаеш з дзіцём, нельга прадугледзець усё, але трэба паклапаціцца пра самыя актуальныя моманты. Напрыклад, варта падумаць пра ежу і пітво для дзіцёнка, у залежнасці ад надвор’я – зменнае адзенне ды абутак, не забыць пра сурвэткі ды падгузнікі. Па магчымасці сінхранізаваць з рэжымам – каб ён мог паспаць у дарозе. Мець пару цацак на выпадак, калі дзіцёнку надакучыць глядзець у вакенца. Калі маршрут прадугледжвае пешы пераход, мы бярэм бегавел і эрга-заплечнік.

Заўсёды маем у багажніку пару спальнікаў, каб зладзіць прывал з пікніком. І ў рэдкіх выпадках, калі сын зусім стаміўся і не хоча спакойна сядзець па дарозе дамоў, ратуюць мульцікі на YouTube.

Падарожжа з дзіцём накладае пэўную адказнасць. Напрыклад, мы ніколі не палезем у небяспечныя руіны (куды без яго маглі б і зазірнуць). Маршруты складаем з улікам рэжыму дня. А вось датычна выбару, куды ехаць, – яму зараз цікава ўсё: з энтузіязмам згаджаецца ехаць і “ў лес”, і “глядзець на домікі”.

Адкрыццё: паромная пераправа ў Дзісне.
Тады наш маршрут быў спантанным і ствараўся падчас падарожжа. Пра існаванне дзеючага парома мы даведаліся, калі ўжо прыехалі ў Дзісну. І сама пераправа на іншы бераг Заходняй Дзвіны стала незабыўнай прыгодай: калі заехалі на машыне на гэтую платформу (якая, па шчырасці, не вельмі надзейна выглядае), і калі механізм прыйшоў у рух, і мы “паплылі” праз шырокую раку, а вецер раздзімаў валасы… гэта было як цуд!



Расчараванне: горад Дуброўна.
Чыталі ў інтэрнэце пра краязнаўчы музей, хацелі наведаць музей у былой мануфактуры, а насамрэч апынулася, што першы – не працуе, а другі – фактычна, прыкрыццё для банкетнай залі.

Любімая гісторыя: знаёмства з Уладзімірам Цвіркам.
Аднойчы мы прачыталі, што пад Мінскам ёсць самы маленькі ў Беларусі дзеючы ветраны млын, і вырашылі паехаць паглядзець на яго. Ужо ў вёсцы стала зразумела, што млын знаходзіцца на прыватнай тэрыторыі за плотам. Але што рабіць – раз прыехалі, пайшлі пытацца, ці можна зайсці паглядзець…

Гаспадар не толькі дазволіў зайсці, але і правёў экскурсію па ўсім сваім лецішчы, а там ёсць на што паглядзець, я вам скажу! Вышыўкі, ліштвы, калаўроты, бязмены, прасы, гарлачыкі, сцягі і шмат чаго яшчэ, мінулага і пазамінулага стагоддзя. І ўсё гэта не проста ляжыць у скрынях ці на паліцах – рэчы жывуць у інтэр’еры, маюць сваю функцыю.

Гаспадар Уладзімір Цвірка – мастак-дызайнер, рэстаўратар, вандроўнік, робіць вітражы ў стылі “Тыфані”, піша нарысы і артыкулы пра беларускую вёску, пра славутасці беларускай зямлі, стварае маршруты для вандровак па Беларусі… Лічым за вялікае шчасце знаёмства з гэтым чалавекам!

У гасцях ва Уладзіміра Цвіркі

Самы страшны фэйл: заблукалі ў рапсавым полі.
Паехалі мы шукаць старажытнае капішча пад Оршай. У нейкі момант дарога скончылася і пачаліся палі. І мы рушылі праз саспелы рапс. Ехалі па самым ўскрайку, але потым падалося, што трохі глыбей ёсць дарога, і заехалі ў самы гушчар. Зразумеўшы, што памыліліся, вярнуліся, пакінулі аўто і пайшлі пешшу. Ішлі праз кукурузу, пасля – праз лес і нарэшце прыйшлі да ахвярнага каменя!

А калі вярталіся дадому, заўважылі, што згубілі дзяржнумар аўтамабіля. Давялося вяртацца на рапсавае поле і шукаць. Нумар знайшоўся, але як потым муж чысціў машыну ад гэтага рапсу… Насення з розных адтулін аўтамабіля назбіраў яшчэ на некалькі сотак!

ТОП-3 МЕСЦАЎ БЕЛАРУСІ:

    1. Падвесныя масты на рацэ Нарачанка. Іх тры (у вёсках Ручыца, Вайдзені і Парамец Вілейскага раёна), яны драўляныя і па працягласці метраў каля 30. Першы і трэці ў добрым стане і маюць парэнчы. А вось на другім фактычна няма за што трымацца – і гэта дадае адрэналіну!

    2. Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. З гэтым месцам связаны трагічны лёс Тадэвуша Рэйтана. Ён выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай, гатовы ахвяраваць жыццё за Радзіму. У Польшчы ўшанаваны як нацыянальны герой – несправядліва забыты ў нас. Так не мусіць быць.

    3. Касцёл Св. Ганны і дэндрапарк у Мосары. Два словы – беларускі Версаль.

Падвесныя масты праз Нарачанку; сядзіба і капліца-пахавальня Рэйтанаў; касцёл Св. Ганны ў Мосары (фота wikipedia.org)

Блогі:
https://www.instagram.com/aknyram

Беларусь – гэта… любоў!

Глядзіце таксама:
АНКЕТА ПАДАРОЖНІКА. Сяргей Міхейчык: “Я пра гэта пашкадую, але ехаць трэба!”
АНКЕТА ПАДАРОЖНІКА. Юрый Паўлоўскі: “Сувязі не было, а справа ішла да ночы…”

Хочаце стаць удзельнікам праекта? Пішыце на пошту haroshak@zavadatar.com або ў нашых сацсетках.