Без яго немагчыма ўявіць літаратуру 1920-х гадоў. Уладзімір Дубоўка быў рухавіком літаб’яднання “Маладняк”, утварыў “Узвышша”, рэфармаваў беларускі алфавіт. “Найкращий бузотёр” называлі яго ва Украіне. Купала ставіў яго талент вышэй за свой.
За верш пра перадзел Беларусі Уладзіміра Дубоўку арыштавалі, выслалі ў Сібір, а потым – у лагер. Выгнанне доўжылася 27 гадоў.
Уладзімір Дубоўка ў серыі “Знакамітыя беларусы”:
Тэкст чытае Андрусь Такінданг
Рэфарматар мовы
Уладзімір Дубоўка ўвёў у беларускую мову шэраг слоў: водар, дойлід, знічка, апантаны, кругабег, імклівасць, агораць, збочыць, ашчаперыць, наканаваны, адлюстраваць, непрыдатны, талака… У 1920-я гады ён распрацаваў адмысловыя знакі для гукаў “дж” і “дз”, натхніўшыся грузінскім алфавітам.
Знайшоў магілу Багдановіча
Уладзімір Дубоўка першы расчытваў архіў Максіма Багдановіча. Ён пісаў, што было гэта надзвычай складана: почырк дробны, рукапісы перажылі і патопы, і пажары.
Магілу Багдановіча ў Ялце таксама знайшоў Дубоўка. Шукалі тры дні. Потым аказалася, што мясцовыя дзеці знялі шыльду з крыжа і коўзаліся на ёй са скалы, а сам крыж паламалі. Дубоўка паставіў новы.
Заснаваў “Узвышша”
У 1926 годзе з літаб’яднання “Маладняк” выйшлі Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка (найбліжэйшы сябар Дубоўкі), Кузьма Чорны, Язэп Пушча, Кандрат Крапіва і Змітрок Бядуля. 26 траўня яны заснавалі “Узвышша”. Мэтай працы новае аб’яднанне мела чыстае мастацтва, без уплыву савецкай ідэалогіі.
Міхась Чарот, які ўзначальваў “Маладняк”, страшна раззлаваўся. Ён даводзіў, што Дубоўка задумаў “раскол” адно каб атрымаць “партфель” – уладу. Але ва “Узвышшы” Дубоўка увогуле не меў пасады, хоць уплыў яго як асобы быў велізарны.
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Уладзімір Дубоўка ўсярэдзіне першага шэрагу. 1928 год
Юрка Гаўрук і Уладзімір Дубоўка. 1926 год.
27 гадоў высылкі
У ліпені 1927 года ў віленскім часопісе быў надрукаваны верш пра перадзел Беларусі “За ўсе краі, за ўсе народы свету…”. Пайшлі размовы пра тое, што за подпісам “Янка Крывічанін” хаваецца Дубоўка. Пачаліся напады ў друку; вершы Дубоўкі называлі кулацкімі, контррэвалюцыйнымі…
Яго арыштавалі ў 1930-м. Быў спякотны ліпеньскі дзень; Дубоўка прыехаў у Маскву, на працу, з дачы – у сандалях і белым касцюме. Так і забралі.
Жонка Марыя паехала за ім. 27 гадоў яны жылі ў высылцы, з іх 10 Дубоўка адбыў у лагеры.
Страціў адзінага сына
Сын Альгерд нарадзіўся яшчэ да высылкі. У 13 гадоў хлопчык загінуў: ішла вайна, кампанія падлеткаў знайшла снарад. Кінулі яго ў вогнішча. Ніхто з дзяцей не выжыў.
Дубоўка ў той час знаходзіўся ў лагернай бальніцы, і яму паведамілі не адразу.
Меў дзясяткі прафесій
Ва ўласным жыццяпісе Дубоўка пералічвае віды работ, якімі даводзілася займацца: пастушок, кухар, чыгуначны рабочы, настаўнік, маляр, бетоншчык, рэдактар, слесар-вадаправодчык, бухгалтар, лесаруб, цясляр, каменшчык… У Почаце, апошнім сібірскім месцы жыцця, паэт уласнаруч збудаваў дом і зрабіў для яго ўсю мэблю. І дзе б ні быў, нават у лагеры, заводзіў агарод.
З жонкай Марыяй Пятроўнай. 1927 год.
1959 ці 1960 год.
Гісторыя славутай барады
Калі Дубоўкі жылі ў Почаце, мясцовыя жанчыны падбухторвалі Марыю да рэўнасці: маўляў, муж у цябе зусім малады, і вочы такія гарэзлівыя… У адказ Дубоўка адпусціў бараду – даўгую ды сівую. Пасля гэтага жанчыны даймалі Марыю з іншай нагоды: ты такая маладая, а муж у цябе зусім дзед!.. Але бараду Дубоўка пакінуў.
Застаўся жыць у Маскве
Пасля рэабілітацыі ў 1958 годзе Дубоўка з жонкай прыехаў у Менск. Ім абяцалі кватэру і часова пасялілі ў гасцініцы з відам на Пішчалаўскі замак – сумнавядомую турму. Вокны пакоя Дубоўкі глядзелі акурат на вокны камеры, у якой яго катавалі 30 гадоў таму. Так яны пражылі дзевяць месяцаў, кватэру не атрымалі і з’ехалі ў Маскву – назаўжды.
Выпуск падрыхтаваны паводле кнігі Ганны Севярынец “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго”
Чытайце па тэме:
“Грамадзяне Каляда і Дубоўка ў стане пасля шашлыкоў”: невядомыя фота беларускіх пісьменнікаў
Аўтар праекта “(Не)расстраляныя” Сяргей Будкін: “Трэба сыходзіць ад плачу і атмасферы памінальнасці”
Як жывуць беларусы ў Сібіры? Гісторыі Алега Рудакова