Нарадзіўся, пісаў, памёр. Так у падручніках выглядаюць біяграфіі пісьменнікаў. Між тым, яны любілі мора і настолкі (шахматы, напрыклад). Ездзілі на шашлыкі і рабілі смешныя фоткі. Нудзіліся на сумных сходах. Перажывалі сямейныя драмы.
Фотасведчанні пра жывых і пацешных людзей, а не бронзавых класікаў, вось ужо пяць гадоў збірае Ганна Севярынец. Самыя цікавыя знаходкі з каментарыямі даследчыцы – у нашым матэрыяле.

ДУДАР І МОРА, 1928

Алесь Дудар – аўтар вядомага верша “Пасеклі край наш напалам…”. Перажыў тры арышты і высылку. Расстраляны ў “чорную ноч беларускай літаратуры” з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Распавядае Ганна Севярынец:

“Фота з прыватнага архіву Л. М. Малінінай, пляменніцы Алеся Дудара. Драматычная асаблівасць фотаздымкаў з гэтага архіву – надпісы на адвароце: усе яны перажылі вобшук НКУС у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1936 года, і на іх рукой Алеся Дудара надпісана: “1/11-36 Дайлідовіч”. Такія надпісы рабіліся арыштаванымі, каб потым фотаздымкі, адабраныя пры вобшуку, было лёгка размеркаваць па следчых справах.
На гэтых фота Алесь Дудар падчас адпачынку ў Крыме, магчыма – у Ялце. Канкрэтна датаваць здымкі цяжка, бо людзі ў вадзе, няма вопраткі, але па колеры валасоў Дудара (ён быў з маладосці русявым, а потым пакрысе счарнеў) магу меркаваць, што фотаздымкі 1928 года”.

ДУДАР І КАБЫЛА, 1925

“Калісьці гэткае самае фота – на кардоннай кабыле, у каўказскіх апранахах – было ў Броўкі і Купалы. На рынку ў Кіславодску стаяў такі фатограф, з кардонным канём і касцюмамі. Броўка ўспамінае, што яны з Купалам таксама залезлі на таго каня і сфоткаліся, а потым даслалі фотаздымкі ў Менск жонкам. Іх фотаздымкі згарэлі ў вайну, а Дудароў – застаўся. Гэта 1925 год, жнівень-верасень.
Фота з прыватнага архіву пляменніцы Дудара, і на адвароце – тая ж дата апошняга вобшуку і арышту: “1/11-36 Дайлідовіч”.”

ДУДАР І ЎЛЮБЁНЕЦ НКУС, 1928

“Гэтае фота – з архіву БДАМЛМ, з агульнага фонда 55, дзе сабраныя нешматлікія дакументы рэпрэсаваных літаратараў, ад якіх амаль нічога не засталося – таму і фонд на ўсіх агульны. На фотаздымку – Алесь Дудар і Эдуард Самуйлёнак, вядомы на той момант драматург і празаік. Відавочна, хлопцы тут прыдурваюцца – робяць нейкі агульна вінаваты выгляд. Думаю, гэта прыблізна 1928 год. Праз 9 год Дудара расстраляюць, а Эдуард Самуйлёнак, улюбёнец НКУС і, магчыма, штатны іхны супрацоўнік, які пільна сачыў за калегамі, памрэ ў 1939 ад пнеўманіі”.

ДУДАР ТРЭЦІ ЛІШНІ, 1929

“Гэты здымак падабаецца ўнутранай драматургіяй: 1929 год, Наталля Вішнеўская яшчэ афіцыйная жонка Дудара, але Дудар ужо ў высылцы ў Смаленску, а ў Наталлі – бурны раман з Алесем Звонакам… Праз некалькі месяцаў Вішнеўская развядзецца з высланым Дударом і выйдзе замуж за Звонака.
Фота мне даслалі сваякі Наталлі Вішнеўскай. Жывучы ў Ленінградзе, яна ўзяла на выхаванне двух хлопчыкаў з дзіцячага дома. Хлопчыкі тыя ўжо, на жаль, памерлі, але жывыя іх дзеці. Я напісала ліст на адрас, з якога Наталля Вішнеўская калісьці пісала Сяргею Грахоўскаму, і мне адказала дачка аднаго з тых хлопцаў, даслала некалькі здымкаў”.

ВОЛЬНЫ І ЧЫРВОНАЯ АРМІЯ, 1923

Паэт, кінасцэнарыст Анатоль Вольны быў адным з самых актыўных маладнякоўцаў. Пазней, як і Дудар, перайшоў у літаб’яднанне “Полымя”. Расстраляны ў “чорную ноч беларускай літаратуры” з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

“Гэта адзін з выступаў маладнякоўцаў перад чырвонаармейцамі, мяркуючы па форме – прыблізна 1923-24 год. Мяне на гэтым фота кранаюць выразы твараў чырвоных афіцэраў у прэзідыуме… І наогул – дэкарацыі, у якіх адбываецца выступ. Ну і фотаздымкаў Анатоля Вольнага ў нас не так ужо і шмат… Фота з прыватнага архіву Л. М. Малінінай”.

ДУБОЎКА І ШАШЛЫК, 1927

Паэт Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны ў 1930 годзе па сфабрыкаванай справе “Саюз вызвалення Беларусі”. Агулам правёў у высылках 27 гадоў. Пасля рэабілітацыі жыў у Маскве.

“Гэтае фота – з архіву Дубоўкі ў ЦНБ НАН. Наогул вельмі цікавая гісторыя, як мне дазволілі з тым архівам працаваць. У ім – вельмі строгія парадкі, і знаёміцца з асабістымі паперамі можна толькі з дазволу сваякоў. У Дубоўкі, як вядома, сваякоў не засталося. “Значыцца, – сказалі мне там, – і не будзеце працаваць. Без дазволу нельга”. Я і так, і гэтак, і прасілася, і тлумачыла, і сварылася – нельга, і канец. Кінулася ў роспачы да Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, бо ён хаця б нейкім чынам “цягнуў” на сваяка Дубоўкі – сын ягонага лепшага сябра. Радзім Гаўрылавіч напісаў мне падрабязную паперу-дазвол, а потым патэлефанаваў каму трэба, і мяне пусцілі працаваць.
На фотаздымку – Дубоўка на сваёй дачы ў Пярлоўцы, падмаскоўным дачным пасёлку. Як супрацоўнік крамлёўскай адміністрацыі (ён працаваў рэдактарам Зводу законаў СССР для БССР, рыхтаваў законы па-беларуску), Дубоўка меў уласную дачу. На адвароце – надпіс: “Грамадзяне Каляда і Дубоўка ў стане пасля шашлыкоў. 1927”.”

ДУБОЎКА І ЦІХІ СУМ, 1960-я

“Нават не памятаю, адкуль у мяне ўзялося фота. Нехта, напэўна, прыслаў з прыватных калекцый. Вельмі падабаецца мне тут выраз твару Васіля Віткі (дзіцячы пісьменнік) і разгублены твар Дубоўкі: чарговы з’езд пісьменнікаў, Вітка па выпрацаванай звычцы сумуе, а Дубоўка, думаю, успамінае першыя, шчэ маладнякоўскія, з’езды. А можа, лагер. А можа, проста ные душой”.

ДУБОЎКА І ФАНАТКА, 1960-я

“Гэтае фота – з прыватнага архіву Таццяны Юльянаўны Пшырковай, дачкі вядомага літаратуразнаўцы Юльяна Пшыркова. Дубоўка часцяком у іх бываў, ночыў, калі заставаўся ў Менску. Гэтая канапа, на якой ён чытае вершы нейкай юнай прыхільніцы свайго таленту, жывая і сёння. Нават, здаецца, посцілка тая самая на ёй ляжыць”.

ГЛЕБКА І КУЛЬТУРНЫ АДПАЧЫНАК

Пятро Глебка – паэт і навуковец; як і іншыя, прайшоў “Маладняк” і “Узвышша”, але абмінуў сталінскія рэпрэсіі.

“Гэтае фота – з архіву Глебкі ў ЦНБ НАН. Там – безліч фотаздымкаў, бо Глебку ніводнага разу не арыштоўвалі і не абшуквалі, дык шмат што захавалася. Дый дажыў ён да часоў маштабнага выкарыстання фотаапаратаў. На здымку – Шамякін, Брыль і Глебка ў Вязынцы падчас Купалавых святаў. Люблю гэтае фота за тое, што амаль у кожнага сучаснага пісьменніка ёсць падобнае ў тых жа дэкарацыях”.

“Пятро Глебка з жонкай Нінай Бялькевіч. Фота з прыватнага архіву Ларысы Глебкі, прыёмнай дачкі Глебак. Такія нефармальныя фотаздымкі сям’я ў архіў, вядома ж, не здавала. Таму мы пераздымалі гэтыя фоткі ў яе дома – ёсць у мяне такая цудоўная фатографка Юля Янчыленка, з якой мы палюем у прыватных архівах”.

“На фота – Крапіва, Шамякін і Глебка. Гэта ягонае лецішча ў Ждановічах. Побач з ім былі лецішчы Крапівы і Броўкі. Наогул, пасёлак называлі “Пісьменніцкія дачы”. Была таксама жартаўлівая назва “Канпетры” – Кандрат і два Пятры.
Шамякін у дзённіках неаднаразова піша, што калі здаралася што-небудзь надзвычай важнае – прыкладам, Сталін памёр ці Хрушчоўскі даклад на ХХ з’ездзе, – Броўка, Глебка і Крапіва заўсёды збіраліся разам і ехалі альбо да Глебкі, альбо да Крапівы, абмяркоўваць.
Вядома, і ўнукі туды ездзілі – вось фота Глебкі з унукам на лецішчы”:

СУМНЫ POST SCRIPTUM: “ПАЛЬЧЫКІ” ДУБОЎКІ

“Гэты незвычайны дакумент мне даслалі з Архіву МУС Грузіі, дзе ўтрымлівацца следчая справа Дубоўкі 1947 года. Вялікі дзякуй Ліляне Благоевай – без яе гэтыя сканы не ўдалося б атрымаць”.

Ганна Севярынец

Настаўніца, даследчыца. Аўтарка кніг “Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго”, “Вакол Пятра Глебкі”, “Дзень святога Патрыка”, “Гасцініца “Бельгія”. Укладальніца “Выбраных твораў Алеся Дудара”. Лаўрэатка прэміі “Гліняны Вялес”, лаўрэатка прэміі “Празрысты ЭОЛ” за вызначэнне дакладнай даты напісання верша Алеся Дудара “Пасеклі край наш напалам” – 25 траўня 1928 года.

Здымак Аліны Арловай.