Мастачка-вандроўніца, чые фантазіі расквечвалі суровы побыт людзей. Яна хадзіла па вёсках Случчыны і малявала дываны – з ільвамі, жырафамі, райскімі птушкамі… Жыццё Алены Кіш абарвалася ў 1949 годзе – яна скончыла з сабой, утапіўшыся ў рацэ.
Геній наіўнага мастацтва Алена Кіш – у новай серыі праекта “Знакамітыя беларусы”:
Чаму менавіта дываны?
Маляваныя дываны з’явіліся ў Беларусі ў 1920-я гады. Іх часта замаўлялі як падарункі на вяселлі ды іншыя святы. Быў попыт – з’явілася прапанова: мастакі-самавучкі пайшлі ў народ, сярод іх – Алена Кіш. Гэта быў спосаб пракарміцца, робячы тое, што любіш.
Паходзіла з творчай сям’і
Алена нарадзілася на Случчыне ў сям’і сялянскай, але незвычайнай: у вольны ад працы час усе займаліся творчасцю. Старэйшы брат, Мітрафан, славіўся як лепшы ў ваколіцах цясляр. Малявалі сёстры Алены. Сама яна засвойвала тэхніку маляванак з дзяцінства.
Вядома, што Алена хораша спявала, ведала нямала народных песень і з асаблівай пяшчотаю ставілася да жывёл. Аднавяскоўцы лічылі яе псіхічна хворай.
Тры галоўныя сюжэты
Алена малявала дываны з казачнымі і экзатычнымі сюжэтамі. Асноўных сюжэтаў тры: “Ліст да каханага”, “Дзева на водах” і “Рай”. Людзі верылі, што маляваны Аленай “Ліст да каханага” прыносіць шчасце незамужнім дзяўчатам.
Лічыцца, што вобразы з дываноў Алены Кіш звязаныя з біяграфіяй самой мастачкі. Яна малявала “жаночую долю” і ўласныя мары пра рай. “Маляваны рай” – так і называецца фільм пра Алену Кіш, выпушчаны Галінай Адамовіч.
“Ліст да каханага”
“Дзева на водах”
“Рай”
Не мела сваёй сям’і
Мастачка пачала хадзіць па вёсках напачатку 1930-х гадоў. На час працы спынялася ў замоўцаў. За працу брала ежу: звычайны кошт – мех бульбы. Перад Другой сусветнай вайной Алена жыла з сёстрамі ў Слуцку. Пасля вайны ўсе перабраліся ў вёску Грозава да малодшай сястры Ніны. Яна адзіная выйшла замуж. Алена сваёй сям’і так і не займела.
Давялі да самагубства
У пасляваенны час людзі замаўлялі маляванкі ўсё радзей, потым прыйшла мода на фабрычныя вырабы. Знаходзіліся “дабрадзеі”, якія называлі Алену гультайкай, нахлебніцай, абураліся, што яна не працуе ў калгасе. Усё гэта прывяло Алену да глыбокага крызісу. У сорак дзявятым годзе яна скончыла жыццё самагубствам. Ёй было шэсцьдзясят гадоў.
Доўгі час была невядомай
Работы мастачкі сталі вядомыя толькі праз трыццаць гадоў дзякуючы іншаму мастаку, Уладзіміру Басалыгу. Ён бачыў маляваныя дываны Алены Кіш у дзяцінстве, знайшоў іх, правёў рэстаўрацыю і паказаў на выставе народных дываноў у 1978 годзе. Пазней мастак прапанаваў калекцыю Слуцкаму краязнаўчаму музею, аднак там вартасці ў дыванах не ўбачылі. У выніку дыіхваны перадалі ў Заслаўскі музей, дзе і сёння захоўваюцца работы Алены Кіш.
Глядзіце таксама:
Маляваныя дываны (і космас) Язэпа Драздовіча
Навальніца, стыхія, ураган. Якім быў мастак Хаім Суцін?
Кароткі жыццяпіс Марка Шагала