Эліза Ажэшка – пісьменніца, актывістка і адна з першых феміністак Беларусі. Яна двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію (праўда, саступіла Генрыку Сянкевічу і Сэльме Лагерлёф). За нелегальную (на думку расейскіх уладаў) выдавецкую дзейнасць пяць гадоў жыла пад наглядам паліцыі. А да гэтага дапамагала паўстанцам Каліноўскага, адкрывала школы для сялянскіх дзяцей і нават не пабаялася развесціся – і гэта ў далёкім 1869 годзе.
Як часта бывае, адзінота і няўдачы даюць штуршок літаратурнаму таленту. Тое ж было з Элізай. Бацька памёр, калі ёй не было і трох гадоў. Маці, Францішка з роду Каменскіх, была вельмі прыгожай жанчынай, любіла свецкае жыццё і, калі муж памёр, нядоўга была сумнай удавой: узяла другі шлюб, з’ехала ў Гродна і займалася асабістым шчасцем. У допісах пра дзяцінства Ажэшка часта ўжывала метафару пустога гнязда і ўсё жыццё пакутавала на прыступы меланхоліі. У 42 гады пісьменніца перажыла моцны душэўны крызіс, нават думала пра самагубства.
У каханні Эліза таксама не была з шанцавітых. Першы раз выйшла замуж за Пятра Ажэшку з Людвінова. Ён быў на шаснаццаць гадоў старэйшы за Элізу і шлюбам хацеў паправіць фінансавыя справы. Напачатку ішло някепска, а потым Эліза стала ўдзельнічаць у дыспутах па вясковых рэформах, што мужу не спадабалася… Пасля шматлікіх прыгодаў яны развяліся, за што шляхетнае грамадства стала асуджаць, вядома ж, Элізу.
Быў яшчэ раман з маладым доктарам Зыгмунтам і сяброўства на 20 гадоў з адвакатам Станіславам. Сяброўства скончылася вяселлем (Элізе было 53), а праз два гады Станіслаў памёр – проста на жончыных імянінах.
Іншыя гісторыі з жыцця Элізы Ажэшка глядзіце ў выпуску “Знакамітых беларусаў”. Тэкст чытае Адэля Вольская.