Зміцер жыве ў Бабруйску. Горад гэты ведае як ніхто: здаўна вывучае яго гісторыю, займаецца раскопкамі, аднаўленчымі працамі… Зміцер паказаў нам свой Бабруйск, з вуліцамі-прывідамі, сутарэннямі, крымінальнымі гісторыямі і “адзінай у Беларусі Бабруйскай крэпасцю”.

Тая самая крэпасць, дарэчы, вярнулася з нябыту толькі ў 2006 годзе: напалову збудаванні былі засыпаныя зямлёй. Крэпасць раскапалі, але далей справа не пайшла. Самы стары будынак горада – езуіцкі калегіум, збудаваны ў 1746 годзе, — таксама знаходзіцца не ў лепшым стане: яшчэ ў час пабудовы крэпасці калегіум зрабілі парахавым складам, а за саветамі ўвогуле – турмой для вайскоўцаў. Так гістарычна каштоўны будынак і застаецца – напалову турмой, напалову царквой, акружанай калючым дротам. А вось вінзавод 1846 года, на якім дасюль бачны надпіс Vinitus Unitus. Сёння завод закінуты і абнесены плотам. За ім – пляцоўка для гульні ў пэйнтбол. На старых мурах – сляды фарбы.

Таксама ў выпуску: гасцінны двор Порт-Артур, пажарная часць, бабрусйкі тэатр, пажар 1903 года, гасцініца Беразіна-Еўрапейская, падземны ход, вуліца Сацыялістычная, сінагога, ешыбот, першы ў Бабруйску кінатэатр, вуліца Шасэйная, мастак Абрам Рабкін, вуліца Энгельса (Інвалідная), Эфраім Сэвэла, “Легенды Інваліднай вуліцы”.