Горад Маладзечна доўгі час належаў роду Агінскіх. Недалёка ад самога горада знаходзіўся іх замак, ад якога сёння, на жаль, засталіся толькі земляныя валы ды памятны знак. Але яшчэ ў ХІХ стагоддзі замак быў цэлы. Якраз тады ён перайшоў у спадчыну Міхалу Клеафасу Агінскаму, аўтару “Развітання з Радзімай”.

Тут, на замчышчы, адбываюцца падзеі кнігі “1813”, аўтар якой стаў нашым гідам. Уладзімір Садоўскі паказаў, дзе разгортвалася змаганне Міхала Агінскага з зомбі-жаўнерамі арміі Напалеона. Цікава, што ў кнізе “1813” маецца тлумачэнне: чаму ж замак так і не дажыў да нашых часоў?..

Але вернемся ў Маладзечна. Проста ў цэнтры горада знаходзіцца вёска Бухаўшчына. Вядома, цяпер яна з’яўляецца часткай Маладзечна, але тая адзіная вулачка, якая захавалася разам з брукаванкай, быццам і не змянілася з 1929 года. Цяпер Бухаўшчыне пагражае смяротная небяспека: згодна з генпланам, прынятым у 2016 годзе, на яе месцы мусіць паўстаць новы мікрараён.

Таксама ў выпуску: базарная плошча, Альгердаў шлях, вакзал, Брадвей, помнік Агінскаму, музычная вучэльня, Вялікі Гасцінец, фальварак Гелянова, Мікола Ермаловіч, вёска Краснае, піўзавод, “Тампліер”, піўнуха-“рэанімацыя”.