1930 год. Па справе “СВБ” пад рэпрэсіі падпалі дзясяткі беларусаў: ад малавядомых інжынераў і выкладчкаў – да народнага паэта Янкі Купалы. “СВБ” – так званы “Саюз вызвалення Беларусі”, міфічная арганізацыя, за прыналежнасць да якой НКУС саджаў, высылаў, знішчаў беларускую інтэлігенцыю. У лік ахвяраў патрапіў Максім Гарэцкі.

Ён быў мультыінструменталістам. Меў не толькі літаратурны, але музычны і матэматычны таленты. Што да літаратуры, Максім Гарэцкі выступаў як аўтар мастацкіх тэкстаў, як літаратурны крытык і гісторык, як лексікограф, нават як фалькларыст, калі ўклаў кнігу народных песень, пачутых ад маці.

Ён прайшоў Першую сусветную – у акопах, з цяжкімі раненнямі. Працаваў настаўнікам, чарцёжнікам, журналістам (пару гадоў сам выдаваў газету “Наша думка”), чыноўнікам пры савеце, загадваў кафедрай, быў вучоным спецыялістам Інбелкульта.

На долю Гарэцкага прыпалі тры арышты, адна высылка і – расстрэл. Ён быў забіты НКУС у 1938 годзе, у Вязьме, так і не вярнуўшыся ў Беларусь з высылкі.

Тэкст чытае Ганна Лутава