Вёска Труханавічы Капыльскага раёна – радзіма Яна Скрыгана, маладнякоўца, які двойчы бываў у ссылках, двойчы губляў сям’ю, але выжыў, вярнуўся ў Беларусь, вярнуўся да літаратуры.

Сёння творчай спадчынай Скрыгана апекуецца Галіна Іванаўна Скрыган, дачка пісьменніка. За некалькі год яна выдала шэраг кніг: гэта выбраныя творы ў серыі “Беларускі кнігазбор”, дзённікі Яна Скрыгана “Сэрцу горкая далячынь”, “Ян Скрыган ва ўспамінах” і апавяданні Скрыгана пра тых, каго ён любіў (“Добра, што я іх ведаў”).

Галіна Іванаўна патрануе Каменскі школьны музей, дзе з 2011 года працуе пастаянная экспазіцыя, прысвечаная Яну Скрыгану. Тут знаходзяцца экспанаты, якім пазайздросцілі б літаратурныя музеі сталіцы.

Сёння галоўны клопат Галіны Скрыган – укладанне альбома, які стане фоталетапісам ХХ стагоддзя. Пяць раздзелаў, сотні здымкаў і гісторый, гады крапатлівай працы.

Мы наведалі сядзібу Скрыганоў у Труханавічах, музей і пабывалі дома ў Галіны Іванаўны, дзе пабачылі ўнікальны фотаархіў Скрыгана: ад часоў “Маладняка” ў 1920-я да новай Беларусі напачатку 1990-х гадоў.