“Людзі ў нас закрытыя, скаваныя і саміх сябе саромеюцца”. На “Тры пытанні” пра беларусаў, Беларусь і мову адказвае фотамастак Стас Ніканенка.
БЕЛАРУСЫ
Народ заціснуты, але сітуацыя пакрысе выпраўляецца: людзі пачынаюць разумець, што яны прадастаўленыя самі сабе. А так многія не выязджаюць са сваіх вёсак і гарадоў гадамі. Апошняе падарожжа ў іх было гадоў дваццаць таму. Чаму – незразумела.
Не бывае такога, каб людзі хацелі жыць кепска. Могуць не ведаць, як, могуць сумнявацца, але звычайна ўсе хочуць – добра.
БЕЛАРУСЬ
Мастацтва ў нас асабліва скаванае. Калі нейкія падзеі і адбываюцца, яны закрытыя, яны ў нейкіх тусоўках, і часам проста здзіўляешся, што яны ёсць.
Добра гэта выяўляецца ў архітэктуры. У нас, да прыкладу, вельмі шаблонны рамонт гарадоў. Адныя і тыя ж вытворцы, усе гэтыя пліткі і слупкі… Губляецца самабытнасць гарадоў, а ў іх жа ёсць свае ўласныя майстры. Чаму яны нічога не робяць?..
МОВА
Яна не на дзяржаўным узроўні ўзнікае. Яна не ўзнікае ні ў якіх універсітэтах ці інстытутах. Мова ўзнікае між людзей, прычым якраз сярод дзяцей.
Штучна нешта адраджаць складана. Можна спрабаваць, але гэта малапрадуктыўна. Увогуле мовы змяняюцца ў залежнасці ад патрэбаў людзей. Баяцца гэтага няварта. Падтрымліваць? Можна, чаму не. Гісторыя чалавецтва вялікая. Моў была велізарная колькасць, большасць іх знікла… І нічога страшнага не адбылося.
“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны сучаснай беларускай ідэнтычнасці.