Аляксей Гулякевіч – стваральнік праекта “Адвечным шляхам”, прысвечанага вандроўкам па Беларусі. За час падарожжаў ён пабачыў багата людзей і пачуў багата думак пра жыццё ў нашай краіне. Вытрымкі і высновы з назапашанага – тут.
“Мы сапраўдныя людзі на балоце. Сядзім і ведаем, што вось там, за лесам-пушчаю, ёсць цывілізацыя, але… Гэта ж недалёка, дый навошта туды ісці? У нас ёсць сваё балота, мы й тут можам сядзець ды займацца гаспадаркай”.
“Канечне, мы падзяляемся: ёсць беларусы гарадскія, ёсць сельскія. Але гэтыя рысы знікаюць, варта толькі вяскоўцу прабыць у горадзе – і наадварот. Хуценька асімілююцца. Прыйдзе такі гарадскі да суседкі ў вёсцы, тая скажа: ну што, гаруеш? І ўсё, той адразу адкажа: гарую… А што рабіць? Такія вось мы, гаруем ды змагаемся ў сваім балоце”.
“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны беларускай ідэнтычнасці. На тры пытанні – хто такія беларусы, што такое Беларусь і беларуская мова? – адказваюць людзі розных прафесій, узростаў, поглядаў.