Горад таямнічай сінагогі, рокавага дзвіжу і тэатра Агінскага – Слонім!
Мікіта Пастухоў прывёў нас у сэрца горада – на плошчу, якую мясцовы называюць “патэльняй”. Культавае месца 2000-х, дзе збіралася “культурна адпачыць” актыўная слонімская моладзь. Катанні на скейтах і гульні ў кракадзіла праходзілі ў атмасферы часоў позняга ВКЛ – забудова цэнтра засталася непарушнай з XVII стагоддзя. Дарэчы, тэатр Агінскага ў Слоніме таксама не забылі. Колішнія “Палескія Афіны” ўзнавілі тэатральную традыцыю, і ў Слоніме вы можаце схадзіць на “Паўлінку” Купалы, напрыклад.
Слонім увогуле ўдала спалучае гістарычную спадчыну з сучасным культурніцкім рухам. Каля таго ж тэатра пэўны час дзейнічаў праект пешаходнай вуліцы пад назвай “Бысторыя” – фатографы, журналісты, музыкі, тэатралы збіраліся разам, каб падзівіць сланімчан. А ў Доме культуры, спадчыне савецкага часу, сёння працуе клуб “101 паверх”, дзе выступаюць крутыя музыкі – “Дай дарогу”, напрыклад.
Таксама ў выпуску: скульптар Леанід Богдан, рэйвы Кірыла Савіча, сінагога, падземны ход, Віленскае барока, касцёл Святога Андрэя, гісторык Валянцін Грыневіч, касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, капліца Святога Дамініка, касцёл Міхаіла Арханёла, стадыён “Юнацтва”, ФК “Слонім”, палац Пуслоўскіх.