Не ведаеце, што рабіць на зімовых вакацыях? Вось вам пяць ідэй, як напоўніцца яскравымі ўражаннямі ў беларускім духу. Запрашаем ў падарожны карагод. Разам з батлейшчыкамі і калядоўшчыкамі можна зазірнуць у беларускую вёску, аздобіць ялінку, пазнаёміцца з тутэйшымі мастакамі і паслухаць старадаўнюю музыку.
Батлейка
Батлейка – старажытны лялечны тэатр, які з’явіўся ў Беларусі з XVI – XVII стст. Яго назва нагадвае пра горад, дзе, паводле Евангелля, нарадзіўся Хрыстос. Першапачаткова батлеечныя спектаклі арганізоўвалі ў касцёлах, пасля ў пастаноўках удзельнічалі шкаляры і семінарысты. У XIX ст. спектаклі сталі паказваць на кірмашах і ў вёсках. Выступы суправаджалі музыкі, якія гралі на дудах, цымбалах і скрыпках.
Максім Багдановіч марыў пахадзіць па вёсках Беларусі ўлетку – сам зрабіўшы скрыню і батлеечныя лялькі.
Вы можаце пабачыць усё на ўласныя вочы!
Дзе: Філіял “Музей беларускага народнага мастацтва” ў Раўбічах
Калі: Па папярэднім запісе (+37517 5074469 і +37529 1353241 (Viber, WhatsApp))
Кошт: 6 рублёў
Калядныя абрады
Ведаеце, што калядны святочны вечар у беларусаў называўся Куццёй? А што Куцці ў нас было ажно тры? Па якіх правілах трэба калядаваць? Дзе можна сустрэць трох каралёў? Усё гэта вы даведаецеся, калі завітаеце ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які ладзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных беларускім зімовым абрадам. Звярніце ўвагу на акцыю “Калядныя дзянькі” і абрадавыя мерапрыемствы “Ішла Каляда калядуючы…” і “Тры каралі”.
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Калі: 26 снежня – 15 студзеня. Падрабязнасці на сайце
Кошт: 4-10 рублёў, дашкольнікам бясплатна
Музей ёлачнай цацкі
Традыцыя аздабляць ёлку настолькі старая, што губляецца ў стагоддзях. Нехта звязвае яе са звычаем балтаў упрыгожваць дрэвы ў дзень зімовага сонцастаяння, іншыя – з імем вялікага рэфарматара Марціна Лютэра.
Музей ёлачных цацак распавядзе гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгажэнняў з сяр. ХІХ ст., а таксама пазнаёміць са спосабам святкавання Калядаў і Новага года такіх экзатычных краін, як Конга, Перу, Інданезія, Новая Зеландыя.
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Калі: Да 23 студзеня
Кошт: 8-10 рублёў, дашкольнікам бясплатна
“Музей верыць у цуды”
Такім незвычайным чынам Нацыянальны мастацкі музей сёлета назваў сваю навагоднюю праграму для дзяцей. Разам са сваімі жэўжыкамі вы можаце завітаць да гаспадароў Нясвіжскага замка, паслухаць іх калядныя гісторыі і зрабіць маскарадную маску. Паўдзельнічаць у інтэрактыўнай праграме “Каляднымі сцежкамі”, дзе раскажуць пра традыцыі святквання Новага года ў Беларусі, палюбавацца на снег на карцінах падчас экскурсіі або самастойна згуляць у квэст “Падарожжа каляднай зорачкі”.
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей
Час і кошт: удакладняйце на сайце
Фестываль “Калядныя вечары на Залатой Горцы”
З 25 снежня 2021 па 15 студзеня ў Мінску праходзіць фестываль “Калядныя вечары на Залатой горцы”. Сёлета запланавана 13 праграм духоўнай музыкі: арганнай, камернай і вакальнай. Вы зможаце пачуць старадаўнія беларускія канты, сусветна вядомыя калядкі ў выканнані Таццяны Ячнай і Алеся Чумакова, архаічныя спевы гурта “ASTROŪNA”.
Дзе: Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Касцёл св. Роха)
Калі: 25 снежня – 15 студзеня Праграма фестывалю.
Кошт: На канцэртах збіраюцца ахвяраванні (7 рублёў)
Вясёлых святаў!
Кацярына Парыжаская