“Анкета падарожніка” – спецпраект Haroshak.by, прысвечаны людзям, якія вандруюць па Беларусі. Наш новы герой Ягор Юркевіч наведаў усе 115 беларускіх гарадоў. Практыкуе з сябрамі начныя вандроўкі і стыль “днищетур”. Самы надзейны напарнік – жонка Ксенія.
Хто: Ягор Юркевіч.
Працую ў энергетыцы, жыву ў Мінску і вандрую “з яго”.
Стаж: 10 гадоў, усе гарады Беларусі.
Уцягваўся паступова, пачаўшы з самых папулярных месцаў: Гродна, Ліда, Заслаўе, Полацк…
Мой галоўны напарнік – жонка Ксенія. Калі аб’ехалі прыкладна палову краіны, прыйшлі да думкі, што не так і складана адзначыцца паўсюль. Нядаўна закрыў апошні, 115-ты, горад. Прадумваю маршруты да трох апошніх ненаведаных райцэнтраў: Расонаў, Краснаполля і Лельчыцаў. Лельчыцы, дарэчы, самы вялікі райцэнтр і адзіны пасёлак гарадскога тыпу з насельніцтвам больш за 10 тысяч чалавек.
Ягор і Ксенія. Тут і далей – фота з асабістага архіва героя.
Сфера цікаўнасці: усё.
Падарожжа для мяне – сродак адысці ад руціны, пошук уражанняў. Таму прымаецца ўсё, што не бачыш штодня. Занядбанкі, прыродныя аб’екты, інстаграмныя віды, мясцовая ежа і аўтэнтычныя бары з пастаянным кантынгентам… Хіба што ў класічныя музеі я не хадок.
Стыль: “днищетур”.
Фармат вандровак, які практуем з сябрамі, мы называем “днищетур”. Гэта штосьці тэматычае і адначасова крыху спантаннае. Тут важны сам працэс, а не камфорт ці фінальная кропка маршруту. Мы не баімся прамокнуць і ўлезці ў бруд, не баімся заночыць зімой на закінутым даўгабудзе, згубіць гаманец, частку рыштунку або сцяжыну… Пару разоў я называўся фатографам і гуляў з журналістамі там, куды б сам не дабраўся.
Няма толькі досведу водных паходаў. Пакуль што няма.
Жодзінская “ліцейка”, недабудаваны цэх кавальскага завода цяжкіх штамповак; солеадвалы Салігорскага РУ-3; руіны касцёла ў в. Канічы, Касцюковіцкі раён; паромная пераправа праз Прыпяць у Петрыкаве.
Адкрыццё: Хойнікі.
Сама назва асацыюецца з глыбінкай, краем геаграфіі, тугой, безвыходнасцю, месцам высылкі пры няўдалым размеркаванні пасля вучобы. Па факце ж Хойнікі, перажыўшы ўпарадкаванне да Дня Пісьменства, выглядаюць не дэпрэсіўна і цалкам сабе акуратна.
Расчараванне: спрэчныя рэканструкцыі.
Галоўныя спонсары расчараванняў – умелыя рукі фатографаў, кепскае надвор’е, натоўпы турыстаў. Таму я намагаюся не моцна верыць ухвальным водгукам у інтэрнэце і зманлівым фотаздымкам. Менш чаканняў – меншая верагоднасць расчараванняў.
А калі сур’ёзна, змешаныя пачуцці выклікаюць рознага кшталту “навадзелы” і спрэчныя рэканструкцыі (накшлтат усім вядомых замкаў).
“Затоплены крэйдавы кар’ер пад Крычавам – варыяцыя на тэму “беларускіх Мальдываў”, менш вядомая, але не менш прыгожая за Ваўкавыскія кар’еры.”
Любімая гісторыя: выратавальная аперацыя пад Быхавам.
Зрэдчас з сябрамі практыкуем вылазкі ў самы нязвыклы, нязручны, дзіўны, але цікавы час – уначы. Маленькія гарадкі засынаюць, звычайныя славутасці адкрываюцца з іншага боку, а ў закінутых будынках, нават самых сціплых і незаўважных, атмасферы – хоць лыжкай еш. Дзіўна, але з начнымі паездкамі ні разу не было праблем: не сустракаліся з неадэкватнымі людзьмі, транспарт не падводзіў і ўсе кропкі знаходзіліся без праблем, нават у дажджлівым ці заснежаным лесе.
У час такой вандроўкі пад Быхавам дапамагалі рабацягам, якія вярталіся на Вялікдзень у родную вёску з падпрацовак. Неяк яны не разлічылі і засталіся без паліва, грошай, цёплага адзення, з разраджаным акумулятарам. Уначы, у глушы, за 30 км ад дома. Наш запас дызеля сітуацыю палепшыць не мог, давялося з’ездзіць і ў вёску па каністру, і на запраўку… Пару гадзін кружлялі па раёне і, што цікава, ніводнай машыны больш не сустрэлі.
Пакінутыя вайсковыя аб’екты; царква Св. Іллі, в. Высокае, Аршанскі раён.
Самы страшны фэйл: прыехалі на аб’ект – а яго знеслі.
У невялікіх гарадах людзі па-рознаму рэагуюць на “прышэльцаў”, і зрэдчас не вельмі станоўча. У Іўі нас прынялі за шпіёнаў. (У 2015 годзе групу турыстаў затрымаў міліцыянер: падазрона здымалі кінатэатр і бібліятэку. Сярод іх быў наш герой. – Haroshak.by) Абышліся згубленым на праверку дакументаў часам і выдаленнем некаторых фота (пазней адноўленых), але вельмі непрыемна здзівіла ўпэўненасць міліцыі ў тым, што ніхто не стане проста так, у свой законны выходны, ездзіць па гарадах і нешта здымаць. Маўляў, хочаце паглядзець архітэктуру – купіце энцыклапедыю.
А сапраўдны фэйл усяго адзін. Пасля доўгай падрыхтоўкі, збораў і некалькіх гадзін шляху да аднаго вялізнага недабудаванага завода ўбачылі на яго месцы груду будаўнічага смецця. Аказалася, некалькі месяцаў таму з’явіўся інвестар і пачаў засвойваць тэрыторыю. Мы ўжо наведвалі аб’ект раней, але хацелася і агледзець яго сур’ёзней, і фотаздымкаў атмасферных нарабіць паболей.
Здымаць трэба адразу, а планаваць паездкі – больш дбайна.
Стратэгічна важны аб’ект у Іўі.
ТОП-3 МЕСЦАЎ БЕЛАРУСІ:
-
1. Фарты Брэсцкай крэпасці. Менш папулярныя, афіцыйныя і пафасныя, чым вядомая кожнаму Цытадэль.
2. Кіраўск. Райцэнтр, які апынуўся ў ценю дзвюх вёсак: Мышкавіч з эксперыментальным калгасам і Жылічаў з палацам Булгакаў. Але ў Кіраўску больш за 30 гадоў робяць смажанкі па сваім уласным рэцэпце, і робяць смачна. Попыт велізарны, прадаюць іх сотнямі, калі не тысячамі, на дзень, свежымі і гарачымі. Ёсць кавярня, якая працуе без выходных з самай раніцы да глыбокай начы.
3. Мінскі стрыт-арт. Нефестывальны, за межамі тусовачнай Кастрычніцкай. Мае ўлюбёныя ўжо зафарбавалі (“Сяброўства ў калючым дроце” і “Анёл Смерці”), з актуальных раю “Ярыла дае жыццё” (Рабкораўская, 13), “Дзяўчына ў вышыванцы” (Рабкораўская, 15), трыпціх “Будучыня” (каля метро “Каменная Горка”).
Блог Ягора Юркевіча: https://www.instagram.com/budgawl/
Мурал “Ярыла дае жыццё”, Мінск, Рабкораўская, 13.
Глядзіце іншыя выпускі “Анкеты падарожніка”:
Раман Брудскі: “Аднойчы знайшлі скарб у жылым двары…”
Марына Фіронава: “Падчас першай вандроўкі сыну было 8 месяцаў”
Юрый Паўлоўскі: “Сувязі не было, а справа ішла да ночы…”
Хочаце стаць удзельнікам праекта? Пішыце на пошту haroshak@zavadatar.com або ў нашых сацсетках.