“Анкета падарожніка” – спецпраект Haroshak.by, прысвечаны людзям, якія вандруюць па Беларусі. Наш новы герой – Раман Брудскі, былы археолаг, а цяпер – электраслесар. Збірае фота помнікаў землякам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падарожнічае адзін, на ровары.
Хто: Раман Брудскі.
32 гады. Жыву ў Салігорску. Працую электраслесарам у ААТ “Беларуськалій”. Маю дзве вышэйшыя адукацыі: гісторык і горны інжынер-механік. Апрача падарожжаў падабаецца чытаць класікаў беларускай літаратуры.
Тут і далей фота з асабістага архіва героя.
Стаж: 8 гадоў.
Быў у 40 раёнах. Колькасць мястэчак, мабыць, ідзе на сотні. Любоў да падарожжаў пачалася з археалагічных раскопак, калі кожнае лета ездзіў у розныя куткі Радзімы: Рацюнкі, Асавец, Кавальцы, Слудашы, Яскавічы… Аднойчы знайшлі скарб у двары гаспадара, у якога нашая экспедыцыя размясцілася. Цяпер той скарб у музеі гістарычнага факультэта БДУ.
“Зацягнула”, калі ўпершыню прыехаў у Грушаўку (Ляхавіцкі раён) і зразумеў, што такіх прыгожых месц шмат. Тады паставіў сабе за мэту аб’ездзіць усю краіну.
Сфера цікаўнасці: помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.
Збіраю помнікі землякам, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне. Збольшага гэта скульптурныя кампазіцыі ці якія-небудзь цікавыя стэлы. Сабраў ужо каля ста здымкаў. Гэта, на мой погляд, вельмі цікавы матэрыял: кожная скульптура па-свойму адлюстроўвае воіна-героя таго часу, ці гэта жаўнер, ці партызан, ці жанчына…
Вось у вёсцы Гурыноўшчына (Клецкі раён) знайшоў помнік землякам. Там жаўнер замест стандартнага ППШ ці трохлінейкі трымае аўтамат Калашнікава – як вядома, АК быў створаны пасля вайны.
Таксама люблю наведваць музеі, неабавязкова краязнаўчыя.
Стыль: аддаю перавагу ровару.
Хаця езджу і машынай, і аўтаспынам, і грамадскім транспартам. Перавага ровара ў тым, што можна ў любы момант спыніцца і паздымаць, дый на ровары можна ўсюды праехаць. Збольшага падарожнічаю адзін, бо вельмі цяжка падладжвацца да кожнага: той хоча пабачыць адно, гэты – іншае… Часам бяру сяброў, але гэта людзі, з якімі вандрую не першы год.
Адкрыццё: сядзіба Эстрэмскіх у вёсцы Барысаўшчына, Хойніцкі раён.
Большасць будынкаў сядзібы Эстрэмскіх знаходзіцца ў кепскім стане, але воданапорная вежа больш-менш захавалася. Такога будынка дакладна няма нідзе ў Беларусі. Вельмі прыгожае месца, асабліва спадабаўся парк. Я б параіў туды паехаць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і незвычайнымі месцамі. Там, дарэчы, недалёка знаходзіцца дом-музей Івана Мележа.
Расчараванне: няма.
Такіх месцаў, якія расчаравалі, пакуль не было – кожнае прыгожае па-свойму.
Любімая гісторыя: пашпарт і памежнікі.
Была адна прыгода. У Брагінскім раёне вырашылі наведаць самую паўднёвую вёску краіны – Ніжнія Жары. Пахадзілі-паздымалі, і тут прыехалі памежнікі, запыталі пашпарты. Адна дзяўчына пашпарт не знайшла, і мы паўгадзіны чакалі, пакуль яе знойдуць у базе. Памежнікі былі ветлівыя, шмат жартавалі. Асобу дзяўчыны ідэнтыфікавалі, мы паехалі, і праз некалькі кіламетраў яна дастае з заплечніка пашпарт…
Самы страшны фэйл:
Непрыемна было, калі на мяжы Акцябрскага і Глускага раёнаў пасярод лесу застрагла аўто. Пашанцавала ўбачыць іншую машыну, у якой было чацвёра мужчын. Каб не іхняя дапамога, давялося б ісці ў суседнюю вёску.
ТОП-3 МЕСЦАЎ БЕЛАРУСІ:
-
1. Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы.
2. Траецкі касцёл у Гервятах.
3. Музейны комплекс у Тураве.
Блогі:
https://www.instagram.com/n35teams
https://www.youtube.com/channel/UCNsCUgt86N9zXgDh25BvXFA
https://vk.com/n_35_team
Беларусь – гэта… краіна прыгожых прыродных мясцін, краіна сядзіб і замкаў, касцёлаў і цэркваў, якія мы павінны захаваць для нашых нашчадкаў.
Глядзіце іншыя выпускі “Анкеты падарожніка”:
Марына Фіронава: “Падчас першай вандроўкі сыну было 8 месяцаў”
АНКЕТА ПАДАРОЖНІКА. Юрый Паўлоўскі: “Сувязі не было, а справа ішла да ночы…”
АНКЕТА ПАДАРОЖНІКА. Сяргей Міхейчык: “Я пра гэта пашкадую, але ехаць трэба!”
Хочаце стаць удзельнікам праекта? Пішыце на пошту haroshak@zavadatar.com або ў нашых сацсетках.