Паводле апошніх даследаванняў, у Беларусі знаходзяцца 401 яўрэйскія могілкі. З іх толькі 70 агароджаныя і маюць ахову. Без агароджы і абароны пакінутыя 102 яўрэйскіх могілак. 67 пахаванняў знаходзяцца ў небяспечным стане. 142 – цалкам знішчаныя.

Толькі яўрэйскія могілкі ў Магілёве, адзіныя на ўсю краіну, маюць статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання. Статус прысуджаны гэтым летам.

Што гэта дае? І як увогуле Магілёў працуе з яўрэйскай спадчынай?.. Мы наведалі горад, каб даведацца пра ўсё з першых вуснаў: ад актывісткі яўрэйскай грамады Іды Шандаровіч і энтузіяста-даследчыка Аляксандра Ліціна.

СМЕРЦЬ І СКВАПНАСЦЬ

Калі яўрэйскія могілкі Магілёва заснаваныя, дакладна не вядома. Стэнд на ўваходзе кажа пра XV стагоддзе – без спасылкі на крыніцу. Самая ранняя мапа горада, на якой абазначаныя пахаванні, датуецца 1808 годам. Што можна сказаць пэўна, Магілёўскія могілкі – адзінае старадаўняе (з ХІХ стагоддзя) пахаванне яўрэяў, ацалелае ў буйным горадзе Беларусі. Такіх не засталося ні ў Мінску, ні ў Віцебску, ні ў Гародні, ні ў Берасці, ні ў Гомелі, ні ў Бабруйску…

Наш эксперт Іда Шандаровіч – гісторык, родам з Бабруйска. Іда працуе ў Магілёўскай яўрэйскай грамадзе, але праца не звязаная з аховай помнікаў і клопатам пра могілкі. “Мы арганізуем яўрэйскія традыцыйныя святы, займаемся валанцёрскімі праграмамі, даследуем гісторыю яўрэяў Магілёўшчыны. І стараемся, каб у іх была будучыня ў нашым горадзе”. Іда падкрэслівае, што захаванне яўрэйскіх могілак патрэбнае не мёртвым – жывым. “Гэта практычна адзіная частка архітэктурнай спадчыны яўрэяў, не змененая перабудовамі. Яна захавала аўтэнтычную інфармацыю пра мову, культуру, час і саміх асобаў, якія стваралі Магілёў цягам стагоддзяў. І гэтая частка спадчыны дасяжная ўсім жыхарам горада”.

Да сярэдзіны 1970-х гадоў могілкамі апекаваўся ахоўнік – рэлігійны яўрэй, які працаваў у дзяржаўнай камунальнай службе. Пасля яго смерці тут сталі хаваць усіх жыхароў горада – нелегальна, бо статус грамадскіх могілкі атрымалі толькі ў 2002 годзе (пра акалічнасці гэтай справы – пазней). Так, з мацэвамі суседнічаюць блакітныя праваслаўныя крыжы. Калі для праваслаўнага насельніцтва пахаваць родзіча на яўрэйскіх могілках было прэстыжна – не таму, што яўрэйскія, а таму, што ў цэнтры горада, – то для іўдзеяў-вернікаў гэта катастрофа: іх спачылыя продкі не паўстануць у Судны дзень.

З 1970-х і да канца 1990-х гадоў яўрэйскія могілкі былі нязменнай ахвярай вандалізму. Многія надмагіллі знішчаныя, разбітыя, сталі безыменнымі. Мацэвы вынослі з тэрыторый могілак для гаспадарчых патрэбаў: усё ж камень. Помнікі з мармуру ці граніту здавалі скупшчыкам, якія надмагіллі перапрадавалі – імёны і эпітафіі зашліфоўвалі. Калі шліфоўка абыходзілася задорага, проста паверх гравіроўкі мацавалі шыльду з імем іншага нябожчыка. Часам шыльды адвальваліся. Ці вярталі такія помнікі, пабачыўшы, каму яны насамрэч належаць?..



Іда распавядае, што час ад часу на яўрэйскіх могілках па ўсёй Беларусі “зніадкуль” з’яўляюцца мацэвы. Тлумачыць: новую моц набылі забабоны, маўляў, калі трымаць на падвор’і надмагілле, гэта прынясе дому няшчасце. Людзі пазбаўляюцца “выклятых артэфактаў”.

Пытаюся: быць можа, гэта сведчанне зменаў у свядомасці? Быць можа, беларусы пачынаюць разумець яўрэйскую культуру як частку сваёй?

– Наўрад ці. Прынамсі, пакуль. Калі б размова ішла пра свядомы выбар, сталі б людзі ананімна, пакуль ніхто не бачыць, пакідаць гэтыя камяні пад брамай?.. Яны пазбаўляюцца ўласных страхаў.

Урэшце, калі вольнай зямлі на могілках не засталося, новыя хрысціянскія пахаванні сталі з’яўляцца на месцы старых яўрэйскіх… У 2002 годзе Грамада сабрала косткі, выкінутыя з яўрэйскіх магіл. Парэшткі дзясяткаў людзей перапахавалі ў чатырох адмыслова пашытых мяхах. Помнік, усталяваны на “брацкай магіле”, часта прымаюць за мемарыял ахвярам Халакосту. Сапраўдны помнік ахвярам Халакосту ёсць: яўрэі Магілёва ўсталявалі яго на могілках яшчэ ў 1950-я гады.



СВЯТОЕ МЕСЦА БЫВАЕ ПУСТЫМ

У 2000 годзе грамадзянін ЗША Дэвід Шэмано і яго пляменнік Рафаэль Райхенберг знайшлі тут магілы сваіх продкаў. Праз Магілёўскую яўрэйскую грамаду Дэвід заключыў дамову з гарвыканкамам, паводле якой атрымаў права ўпарадкаваць пахаванні за свае сродкі. Так на могілках з’явіўся бетонны мур, металічная брама з яўрэйская сімволікай, памяшканне для аховы.

Таксама ў межы могілак уключылі былую пустку: як чалавек рэлігійны, Дэвід хацеў, каб сучасныя яўрэі Магілёва мелі магчымасць пахаваць сваіх нябожчыкаў па старажытных правілах і асобна ад людзей іншай веры. З гэтай нагоды яўрэйская грамада і раней звярталася да ўладаў Магілёва – і штораз атрымлівала адмову.

Усе пабудовы з камунікацыямі перайшлі на баланс камунальных службаў Магілёва. А ў 2002 годзе гарвыканкам разарваў дамову з Дэвідам Шэмано – аднабакова. Улады спасылаліся то на санітарныя нормы (у непасрэднай блізкасці ад могілак жылых дамоў няма; насупраць іх, па іншы бок дарогі, – старыя праваслаўныя могілкі); то на змену кіраўніцтва (як быццам гэта анулюе ранейшыя дамоўленасці); і ўвогуле – акурат у той час могілкі хутка пераназвалі з Яўрэйскіх на Грамадскія, і па паперах месца, пра якое вялося ў дамове, больш не існавала.

Прайшло 17 гадоў. Зямля, дзе мусілі паўстаць новыя яўрэйскія могілкі, па-ранейшаму пустуе. Што з ёй будзе надалей – невядома.



ТЭРМІН – 22 ЧЭРВЕНЯ

Старажытная частка могілак, на якую распаўсюджваецца ахоўны статус, захоўвае больш за 600 надмагілляў сярэдзіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Тут, як правіла, знаходзілі спачын найбольш паважаныя людзі: ганаровыя грамадзяне горада, рэлігійныя і грамадскія дзеячы, будаўнікі, прадпрымальнікі…

Летась гэтыя помнікі апынуліся пад пагрозай. Паводле зменаў у пахавальным заканадаўстве ад 2015 года, надмагіллі, якія камісія прызнае непадлеглымі аднаўленню, мусяць быць знесеныя.

– На драўляным стэндзе мы пабачылі пажаўцелы ліст – абвестка пра тэрмін, да якога трэба прывесці ў належны выгляд надмагіллі. У 2018 годзе на могілках па ўсёй краіне з’явіліся такія аб’явы, толькі даты розныя. І ведаеце, які быў тэрмін тут, на яўрэйскіх могілках?.. 22 чэрвеня.

Грамада звярталася да адказных чыноўнікаў па тлумачэнні. Ім адказалі: кампутар нешта паблытаў.

На сёння прыкладна шостая частка старажытных пахаванняў адноўленая. Тэрыторыю расчысцілі ад хмызоў. Старадаўнюю брукаванку ўручную пераклалі (лічы, аднавілі з нуля, бо яна сышла пад зямлю). Непараўнальна больш яшчэ трэба зрабіць, і сродкі неабходныя вялізныя: Іда кажа, што часам танней зрабіць новае надмагілле, чым рэстаўраваць старое. А тут ёсць помнікі, якія маюць мастацкую каштоўнасць. Напрыклад, парнае надмагілле з белага мармуру работы варшаўскага майстра Аўэрбаха, з унікальнай разьбой. Такія замаўлялі вельмі багатыя людзі.



Да слова, у Магілёве ўсё яшчэ трывае стэрэатып пра выключную заможнасць яўрэяў. Сапраўды, пацвярджае Іда, да рэвалюцыі яўрэі былі самымі багатымі людзьмі Магілёва. Але й самымі беднымі былі таксама яўрэі. І якраз яны не маглі сабе дазволіць дарагія помнікі, і іх магілы знікалі першымі.

Нядаўна да грамады звярнуўся чалавек з тэхнічнага каледжа. Сто гадоў таму каледж быў рамеснай вучэльняй пры Талмуд-Торы. Чалавек пытаўся, ці можна знайсці нашчадкаў тых мецэнатаў з ЗША, якія пры заснаванні вучэльні забяспечылі яе станкамі. Пытаўся не для таго, каб запрасіць на пачэсны вечар памяці, – каледжу патрэбныя грошы.

“Стэрэатыпы пра багацце яўрэяў часам мацнейшыя за легенды пра іх сквапнасць”, – дадае Іда.

А ўнікальнае і цудам знойдзенае надмагілле з мармуру збіралі па кавалках, нават аскепках. Шыльду з імёнамі так і не знайшлі. Майстры, якія аднаўлялі помнік, сказалі: шыльды не маглі проста згубіцца – іх збівалі мэтанакіравана. Але наўрад ці з “ідэалагічных” прычынаў: справа ў тым, што шыльды мацаваліся да надмагілляў медным дротам. Вандалы знішчылі памяць пра людзей дзеля каляровага металу.



ВУЛІЦА ЗАБЫТАГА ЖЫЦЦЯ

На сустрэчу з Аляксандрам Ліціным, даследчыкам яўрэйскай гісторыі Магілёва, ідзем праз турыстычны цэнтр горада. Каля 90% каменных дамоў тут належалі яўрэям. У ацалелых на сёння будынках – жылыя кватэры, навучальныя ўстановы, гандлёвыя і адміністратыўныя памяшканні. Напрыклад: адзін з корпусаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова знаходзіцца ў доме Моўша Гірш Вульфаў Бабовіка; Гарадскі дом культуры і адпачынку – у сядзібе Паўлавіцкага; славуты тэатр збудаваны, у тым ліку, на сродкі яўрэяў.

Ні на адным з будынкаў пра тое ні згадкі. Яшчэ прыклад – дом каталіцкага епіскапа Богуш-Сестранцэвіча. На будынку шыльда: узведзены ў XVIII стагоддзі як рэзідэнцыя епіскапа. Ні слова – пра сінагогу, якая месцілася тут амаль стагоддзе. Сінагога насіла імя Ганаровага грамадзяніна Шмар’яху Цукермана; яго магіла захавалася.



У гэты дзень Аляксандр Ліцін вёў экскурсію па сваёй фотавыставе “Вуліца жыцця”, прысвечанай вуліцы Віленскай (цяпер Лазарэнка). Вуліцу разбудавалі, незваротна парушыўшы гістарычнае аблічча месца. Тут таксама знаходзяцца “яўрэйскія” дамы. Адзін з іх у 2010-я гады выкупіў прадпрымальнік, надбудаваў паверх, чым парушыў умовы ўласнасці, і пасля разбіральніцтваў дом стаіць пакінуты.

Часткова Віленская вуліца ўваходзіла ў яўрэйскае гета ў час Другой сусветнай вайны. “Тут і былі забітыя ў 1941 годзе тыя, хто мусіў сёння даглядаць магілы продкаў,” – кажа Іда.

Адзіны знак пра гета – помнік ахвярам нацызму, усталяваны ў 2009 годзе высілкамі яўрэйская грамады, на ахвяраванні чальцоў. Ён двойчы быў ахвярай вандалізму. Як распавялі Іда і Аляксандр, помнік аблілі фарбай. Вінаваты знайшоўся: мясцовы бомж. Потым сітуацыя паўтарылася. Вандаламі аказаліся юнакі, якія называлі сябе “новымі рускімі нацыстамі”. На судзе, дзе прысутнічалі Іда, Аляксандр і іншыя прадстаўнікі грамады, гучалі словы пра працу “на замову”. Замоўніка не знайшлі, выканальнікі былі асуджаныя і ўжо знаходзяцца на волі.



Аляксандр з пачатку 2000-х даследуе гісторыю яўрэяў Магілёўшчыны. Ён лічыць, што беларусы ніколі не ўспрымалі яўрэйскую культуру як сваю, але праблема ў іншым: за час панавання саветаў беларусаў адвучылі разумець гістарычную спадчыну ў прынцыпе. Для бальшыні гэты панятак не існуе, а калі і існуе, то застаецца нечым цьмяным і абстрактным. Не засталося асабістага ўспрымання, а з яго пачынаецца ўсё на свеце. “Працаваць трэба не з міжкультурнымі сувязямі, а ад самага пачатку, са свядомасцю людзей. Калі з’явіцца павага да свайго, тады стануць цаніць чужое”.

– Лозунг “разбурым стары свет да падмуркаў, а затым пабудуем свет новы” не прайшоў непрыкметна, – дадае Іда. – Гады савецкай улады тут адыгралі, відаць, вызначальную ролю. Што да могілак, яны цяпер у такім стане, што высілкамі толькі яўрэйскай грамады рэстаўрацыю правесці немагчыма.



ШТО НАДАЛЕЙ?

Прыклад Магілёва – наданне могілкам ахоўнага статусу – стаў імпульсам для іншых. Прычым з пытаннем “як гэта зрабіць?” да Іды звяртаюцца не столькі прадстаўнікі яўрэйскіх супольнасцяў, колькі ўвогуле актывісты, якія займаюцца гісторыяй роднага горада.

Каб атрымаць статус гісторыка-мемарыяльнага пахавання, могілкі мусяць мець шэраг прыкмет: яны пералічаныя ў Пастанове Савета Міністраў ад 18 жніўня 2015 года №699.

Магілёўскія яўрэйскія могілкі атрымалі статус дзякуючы таму, што тут пахаваныя выбітныя асобы, надзвычай важныя для горада; захаваліся помнікі, якія маюць мастацкую каштоўнасць, як і эпітафіі на іх. Многія эпітафіі заканчваюцца абрэвіятурай תּנצבְ”ה, што расшыфроўваецца як “Няхай будзе душа яго завязаная ў вузле жыцця”. Выраз “Вузел жыцця” знаўцы тлумачаць як указанне на “будучы свет”, то бок тагасвет, дзе асобныя душы вяртаюцца да сваёй Боскай крыніцы, яднаюцца ў адзіную душу народа.



Паперы, сабраныя ў тым ліку пры дапамозе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, хадзілі па розных установах год – ад мясцовых органаў улады наверх, у Акадэмію навук, у Міністэрства культуры, Міністэрства абароны, Міністэрства ЖКГ – і зноў да мясцовых уладаў. З падпісаннем была асаблівая складанасць: ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць, спасылаліся на адсутнасць досведу. Што казаць – цяпер прэцэдэнт створаны.

Цяперашні статус не дае могілкам фактычнай аховы з боку дзяржавы. Як і гарантый фінансавай дапамогі. Аднак пасля таго, як могілкі статус атрымалі, выпадкі вандалізму не паўтараліся.

Тэкст: Наста Грышчук
Фота: Генадзь Заяц