“Самы вядомы сібірскі беларус” – так называюць Алега Рудакова. З 1989 года ён жыве ў Іркуцку і больш як 20 гадоў вывучае прысутнасць беларусаў у Прыбайкаллі. Заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і Іркуцкага беларускага клубу “Крывічы”.
Алег Рудакоў наведаў Беларусь і адказаў на нашыя “Тры пытанні”.
БЕЛАРУСЫ
Раней я таксама лічыў, што, можа, беларусы нейкія непаўнавартасныя, мову сваю падзабыліся… Але паглядзіце гісторыю: беларусы, ваюючы налева і направа, захавалі сваой народ, захавалі сваю традыцыю і культуру, і ўсё ж такі захавалі сваю мову.
Сібір – шматнацыянальны край, там 117 розных народаў пражывае, але я беларуса заўсёды адрозню. Беларус дапаможа. Ён пачынае суперажываць, думаць за цябе. Гэты характар беларуса вельмі адметны, і ў Сібіры ён яскрава праяўляецца.
БЕЛАРУСЬ
Я з дзяцінства захаляюся гісторыяй, асабліва роднага Полацка, і заўжды лічыў, што Беларусь – краіна волатаў. Але яе трэба абараняць. На жаль, мала людзей, якія шануюць і паважаюць свой край.
Беларусь становіцца ўсё больш і больш еўрапейскай. Яшчэ не Еўропа, але ўжо і не Азія.
МОВА
Для нас, сібіракоў, мова стала брэндам, адметнасцю. Вельмі шмат моладзі, што нарадзілася ўжо там, у Іркуцку, у чацвертым-пятым пакаленні, ходзіць у наш клуб і лічыць за гонар вывучыць беларускую мову.
Ёсць стэрэатып, што рускія і беларусы такія ўжо браты, і мовы ў іх аднолькавыя, ну гэкаюць беларусы, чэкаюць, але такія самыя… [Расейцы кажуць], чулі мы вашага прэзідэнта, ён размаўляе амаль так, як мы. А я кажу: дык ён па-руску і размаўляе, толькі з беларускім акцэнтам. А сапраўдная беларуская мова ўнікальная, і вы яе можаце нават не зразумець.
З асабістага архіву Алега Рудакова
“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны сучаснай беларускай ідэнтычнасці.